Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За імі сачылі». Як затрымлівалі дыджэяў, якія ўключылі песьню «Перамен» на праўладным сьвяце. Іх ужо судзяць


Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў.

Супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя, перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко. Пасьля гэтага хлопцы паднялі ўгару рукі зь белымі стужкамі. Іх учынак людзі сустрэлі авацыямі і воплескамі.

Суд над затрыманымі пачаўся ў пятніцу 7 жніўня. Гукарэжысэраў абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадрадкаваньні міліцыі​. Працэс ідзе ў судзе Цэнтральнага раёна Менска па скайпу.​

У 11.20 пачаўся суд над Галанавым, на працэс прыехала прадстаўніца штабу Ціханоўскай Марыя Калеснікава.​

Кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёну ўласнаручна выключыў апаратуру, а гукарэжысэрам загадаў ісьці прэч. Нейкі час хлопцы знаходзіліся ля кінатэатру «Кіеў», пасьля чаго сышлі. Позна ўвечары стала вядома, што іх затрымалі.

«Пасьля таго, як яны пайшлі з Кіеўскага сквэру, хлопцы зайшлі ў краму, — расказаў Свабодзе сьведка затрыманьня Сакалоўскага і Галанава, які раніцай 7 жніўня прыйшоў у суд. – У краме яны заўважылі, што за імі ўжо сочаць. Выйшлі, пайшлі ў бок вуліцы Харужай. Сачэньне не спынялася. А на скрыжаваньні, ля крамы «Мілавіца», абодвух хлопцаў затрымалі і зьвезьлі».

Паводле відавочцы, усё гэта адбывалася каля 20:30. У суд Цэнтральнага раёну, дзе, як мяркуецца, сёньня будуць разглядаць справы Сакалоўскага і Галанава, іх пакуль не прывезьлі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG