Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі самі арганізоўваюць тое, што ім патрэбна». Сябра штабу Ціханоўскай пракамэнтавала падзеі ў Кіеўскім сквэры


Адна з прысутных у Кіеўскім сквэры 6 жніўня

Прадстаўніца штабу Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова пракамэнтавала падзеі ў менскім Кіеўскім сквэры, якія адбыліся ўвечары 6 жніўня.

«Людзі самі арганізоўваюць тое, што ім патрэбна. І гэта важнае адрозьніваньне гэтай кампаніі ад усіх астатніх, бо людзі разумеюць, што немагчыма трываць тое, што адбываецца ў Беларусі, людзі хочуць павагі да сябе. Яны гатовыя сёньня абараняць сябе на канапах, гэта важна і нас гэта вельмі радуе», — сказала прадстаўніца штабу Вольга Кавалькова.

«Сёньня кожны чалавек, які выступае за перамены, павінен станавіцца лідэрам. І перамены адбываюцца не 9 жніўня, яны адбываюцца кожны дзень, калі гэтыя людзі выходзяць на мерапрыемствы, паказваюць, колькі нас, колькі людзей, якія хочуць перамен і не падтрымліваюць дзейную ўладу», — дадала Вольга Каавалькова.

Улады занялі ўсе пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі ў Менску, рознымі мерапрыемствамі. Гэткім чынам яны сарвалі анансаваны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Замест яго там сьвяткуюць Дзень чыгуначных войскаў. Сьвятлана Ціханоўская з паплечніцамі вырашыла наведаць адно з афіцыйных мерапрыемстваў у Кіеўскім скверы а 19-й гадзіне.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG