Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з дыджэяў, што ўключылі «Перемен» на праўладнай імпрэзе ў Менску, знайшоўся ў турме на Акрэсьціна


Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў
Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў

«Перемен» стала апошняй песьняй на Дні адчыненых дзьвярэй установаў дадатковай адукацыі, які раённыя ўлады ладзілі ў Кіеўскім сквэры ў Менску 6 жніўня.

На імпрэзу прыйшлі людзі, якія не змаглі трапіць на мітынг-канцэрт кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, што не далі правесьці ў парку Дружбы народаў паблізу — пляцоўкі занялі вайскоўцы пад Дзень чыгуначных войскаў.

Супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя, перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко. Пасьля гэтага хлопцы паднялі ўгару рукі зь белымі бранзалетамі. Іх учынак людзі сустрэлі авацыямі і воплескамі.

У дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Клішэвіча адбылася спрэчка з гукарэжысэрамі. Клішэвіч назваў дзеяньні маладзёнаў правакацыяй. Неўзабаве да стала з тэхнікай падышлі мужчыны ў касьцюмах і АМАП. Далейшы лёс дыджэяў быў невядомы.

Брат Кірыла Галанава Мікіта раніцай паведаміў «Нашай ніве», што пайшоў пісаць у РУУС заяву аб зьнікненьні, а яму далі нумар тэлефона Цэнтру ізаляцыі парушальнікаў на Акрэсьціна. Там пацьвердзілі, што Кірыл у іх, але прычыну затрыманьня не назвалі — паведамілі толькі, што суд пройдзе 7 жніўня.

Лёс Улада Сакалоўскага пакуль невядомы.

У жывым эфіры Свабоды Сакалоўскі казаў, што раніцай даведаўся, што мусіць працаваць на Дні дадатковай адукацыі ў Кіеўскім сквэры. Малады чалавек дамовіўся з напарнікам, каб уключыць песьню «Перемен» Віктара Цоя. Ён быў упэўнены, што гэта іх апошні працоўны дзень у Палацы дзяцей і моладзі.

Улады занялі ўсе пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі ў Менску, рознымі мерапрыемствамі. Гэткім чынам яны сарвалі анансаваны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор.

Замест яго там сьвяткавалі Дзень чыгуначных войскаў. Сьвятлана Ціханоўская з паплечніцамі вырашыла пасьля гэтага наведаць адно з афіцыйных мерапрыемстваў у Кіеўскім сквэры а 19-й гадзіне.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG