Прэс-сакратарка кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна паведаміла ў прэс-рэлізе, што каманда кандыдаткі адмовілася ад правядзеньня мітынгу-канцэрту 6 жніўня ў парку Дружбы народаў. Там улады зладзілі «Дзень чыгуначных войскаў».
Афіцыйнае паведамленьне пра немагчымасьць правесьці мітынг у сувязі зь дзяржаўным канцэртам прыйшло на электронную пошту Сьвятланы Ціханоўскай толькі ў дзень акцыі — 6 жніўня.
Мітынгі Ціханоўскай не даюць правесьці на ніводнай з шасьці дазволеных пляцовак у Менску, дадае Красуліна. Таксама мітынгі кандыдаткі не даюць правесьці ў Слуцку і Салігорску.
«Гэта абсалютна незаконныя дзеяньні ўладаў, мы абскардзілі гэтае рашэньне ў Генэральную пракуратуру, ЦВК і Менгарвыканкам, але мы ня будзем правакаваць людзей, — сказала Красуліна. — Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь Сьвятлана Ціханоўская разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай плянуюць у 19.00 наведаць сьвята „Дзень адкрытых дзьвярэй установаў дадатковай адукацыі“, якое гарадзкія ўлады арганізуюць сёньня ў Кіеўскім сквэры».
Што за «Дзень чыгуначных войскаў»
Яшчэ 1 жніўня каманда Ціханоўскай анансавала мітынг-канцэрт 6 жніўня ў парку Дружбы народаў з удзелам гуртоў Volski, J:морс, Nizkiz, Tor Band і Krama, вядоўцаў Каці Пытлевай, Віталя Воднева і Антона Мартыненкі.
Трэцяга жніўня адміністрацыя Савецкага раёну апублікавала расклад мерапрыемстваў у парку Дружбы народаў на ўвесь тыдзень. Якраз на час мітынгу-канцэрту Ціханоўскай прыпала сьвяткаваньне Дня чыгуначных войскаў (самі такія войскі ў 2006 годзе ліквідавалі — іх аб’ядналі з аўтамабільнымі і дарожнымі ў адзіныя транспартныя). На іншыя дні заплянавалі чатыры канцэрты «Клясыка бязь межаў», сьвяткаваньне Дня будаўніка.
Чацьвёртага жніўня невядомыя падпалілі сцэну ў парку.
Міністэрства абароны заплянавала на Дзень чыгуначных войскаў канцэрт, паказ спэцтэхнікі, выступленьні спэцыялістаў кіналягічнага цэнтру са службовымі сабакамі. У канцэрце анансавалі ўдзел вайсковых аркестраў і ансамбляў, гуртоў «Беларусы» і «Песьняры», сьпевакоў Аляксандра Саладухі, Аляксандры Гайдук і Жанэт.
Днём раней Telegram-канал «Harbacevič» распаўсюджваў ліст аб немагчымасьці правесьці мітынг Ціханоўскай, які нібыта даслалі зь Менгарвыканкаму Ціханоўскай. Але каманда Ціханоўскай сьцьвярджае, што і на раніцу 6 жніўня не атрымала афіцыйных паведамленьняў, гарадзкія ўлады не ідуць на кантакт.
Прадстаўніца штабу Вольга Кавалькова адзначыла, што паведамленьне пра мітынг Сьвятлана Ціханоўская падала першай яшчэ ў ліпені, затым сама Кавалькова падавала паўторнае паведамленьне гарадзкім уладам. Ні праз тэлефон, ні ў пісьмовым выглядзе штабу не адказалі.
Што было зранку ў парку
Раніцай 6 жніўня каманда Ціханоўскай прыехала ў парк Дружбы народаў ставіць сцэну для мітынгу-канцэрту, але ў парк іхныя машыны не пусьцілі праваахоўнікі. «Эўрарадыё» вяло жывую відэатрансьляцыю, як штаб спрабуе трапіць у парк.
У парку вайскоўцы ставілі ўласную сцэну, людзі ў вайсковай форме разгружалі абсталяваньне.
Кавалькова расказала, што машынам штабу Ціханоўскай заехаць у парк не далі спачатку па тым шляху, па якім заяжджалі для арганізацыі мінулага мітынгу, накіравалі ў іншы бок, але і там не пусьцілі машыны. Супрацоўнікі ДАІ, людзі ў форме і «людзі ў цывільным» адмаўляюцца камунікаваць, большасьць нават не прадстаўляецца.