Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень чыгуначных войскаў замест мітынгу Ціханоўскай. Улады апублікавалі расклад імпрэз на плошчы Бангалор


Канцэрт «Клясыка бязь межаў» у парку Дружбы народаў, 3 жніўня

Адміністрацыя Савецкага раёну апублікавала расклад мерапрыемстваў у парку Дружбы народаў на ўвесь тыдзень. Раней штаб Ціханоўскай прызначыў на 6 жніўня мітынг-канцэрт у гэтым самым парку. Цяпер там у праграме — сьвяткаваньне Дня чыгуначных войскаў.

Пляцоўка ў парку Дружбы народаў
Пляцоўка ў парку Дружбы народаў

Штовечар да 8 жніўня ў парку Дружбы народаў будуць праходзіць вечаровыя канцэрты «Клясыка бязь межаў» і мерапрыемствы з нагоды Дня будаўніка і Дня чыгуначных войскаў. Час імпрэзаў — ад 17.00 да 21.30.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды, канцэрты клясычнай музыкі перанесьлі зь Верхняга гораду на плошчу Бангалор праз каранавірус.

Гледачы канцэрту «Клясыка бязь межаў» у парку Дружбы народаў, 3 жніўня
Гледачы канцэрту «Клясыка бязь межаў» у парку Дружбы народаў, 3 жніўня

Перадвыбарчы мітынг-канцэрт у падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай быў заплянаваны ў парку Дружбы народаў на вечар 6 жніўня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG