Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tyga, Лепс і Агуцін — зоркі масава адмаўляюцца ад канцэртаў 8 жніўня

абноўлена

Афіша канцэрту Tyga ў Менску

Рэпэр Tyga, Леанід Агуцін, Грыгорый Лепс, гурты Rasa, «Кар-Мэн», дуэт Джаро і Ханзо, Юліяна Каравулава і сьпявак Мэўл адмовіліся ад выступу на канцэртах у Беларусі 8 жніўня. Пра гэта артысты паведамілі ў сваіх сацсетках. 5 і 6 жніўня беларусы атакавалі старонкі артыстаў з просьбамі не прыяжджаць у Беларусь.

За два дні беларусы напісалі тысячы камэнтароў артыстам, якія былі заяўлены на канцэртах 8 жніўня ў Менску і абласных гарадах, камэнтатары прасілі артыстаў ня падтрымліваць дзейную ўладу і адмовіцца ад удзелу ў канцэртах напярэдадні выбараў, піша TUT.BY.

Тым часам амэрыканская праваабарончая арганізацыя Human Rights Foundation зьвярнулася да рэпэра Tyga з заклікам скасаваць канцэрт у Менску 8 жніўня. У звароце адзначаецца, што канцэрт «арганізаваны і фінансаваны беларускай дыктатурай на чале з Аляксандрам Лукашэнкам», каб адцягнуць увагу людзей ад мітынгаў апазыцыі, паведаміла выданьне The Hollywood Reporter.

Пазьней у Інстаграме Tyga ў stories зьявіўся допіс, што канцэрту ня будзе. «Я вельмі хацеў выступіць у Менску для маіх прыхільнікаў у Беларусі ў духу таго, каб прынесьці новую музыку на рынак, дзе я раней ніколі ня граў. Маё выступленьне не было палітычна матываванае і, каб пазьбегнуць любога канфлікту з выбарамі ў Беларусі, я ня буду выступаць 8 жніўня ў Менску. Я спадзяюся вярнуцца, каб зайграць для сваіх прыхільнікаў там пазьней».

Расейскі сьпявак Леанід Агуцін, хоць спачатку і сказаў, што зьбіраецца прыехаць і прасьпяваць, пазьней перадумаў і паведаміў, што ўсё ж не прыедзе.

Другі расейскі сьпявак Грыгорый Лепс на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў, што заплянаваны на 8 жніўня ягоны канцэрт у Віцебску не адбудзецца.

Гурт Rasa таксама адмовіўся ад выступу 8 жніўня ў Менску.

— Дзякуй вам вялікі за тое, што папярэдзілі нас. Мы вельмі любім вас і зычым вашай краіне квітнець, — напісаў у stories Віця, адзін з салістаў Rasa. У відэа, якое ён апублікаваў на старонцы, дадаў, што спадзяецца на сустрэчу з грамадзянамі ў лепшай абстаноўцы.

Гурт «Кар-Мэн» таксама вырашыў ня ехаць у Беларусь.

— У сувязі з сытуацыяй, якая склалася ў Менску вакол канцэртаў 8 жніўня, мы пераносім нашы выступы на пазьнейшыя тэрміны...

Ханзо з дуэту Джаро і Ханзо захапіўся беларускай згуртаванасьцю і спадзяецца, што са сталічнымі прыхільнікамі здолеюць пабачыцца іншым разам.

Джаро апублікаваў падрабязны пост, у якім падзяліўся, што дырэктарка разрываецца ад паведамленьняў беларусаў, і запэўніў, што 8-га жніўня іх дуэту ў Менску ня будзе.

Сьпявачка Юльяна Каравулава таксама напісала, што не паляціць у Беларусь. Прычынай яна назвала каранавірус, які нікуды не падзеўся.

Беларускі сьпявак Мэўл таксама паведаміў, што не выступае ні на якім канцэрце 8 жніўня.

8 жніўня — у дзень перад асноўным днём галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах — у Менску і ўсіх абласных цэнтрах заяўлены бясплатныя канцэрты з удзелам вядомых артыстаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG