Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да агітацыі дачыненьня ня мае». Што за бясплатныя канцэрты ў Беларусі 8 жніўня


Ілюстрацыйнае фота

Напярэдадні выбараў, 8 жніўня, у розных гарадах Беларусі адбудуцца маштабныя канцэрты, на якія запрошаныя зоркі расейскай эстрады, а таксама некаторыя беларускія выканаўцы. Паводле сайтаў гарвыканкамаў, канцэрты будуць бясплатныя.

У Магілёве каля Палаца культуры выступяць Boney M, «Дыскатэка Аварыя», «Кар-Мэн», Іна Афанасьева; у Горадні на плошчы Леніна — Леанід Агуцін, Уладзімір Прасьнякоў, Руслан Аляхно; у Віцебску на плошчы Перамогі — Грыгорый Лепс, Аляксандар Панаётаў ды іншыя.

«Ніякага сьвята, гэта проста канцэрт»

Мэнэджар артыста Аляксандра Панаётава Кацярына сказала карэспандэнту Свабоды, што гэта «ня мае ніякага дачыненьня да выбараў».

— Гэта сьвяточны канцэрт, і ня толькі Аляксандра. Ні да выбараў, ні да нейкай агітацыі ён дачыненьня ня мае.

Карэспандэнт: Дык а якое сьвята 8 жніўня ў Беларусі?

— Ніякага сьвята, гэта проста канцэрт.

Мэнэджар сказала, што Аляксандра Панаётава запрасілі арганізатары, а інфармацыю пра ганарар назвала «прыватнай».

«Ужо патэлефанавалі чалавек дваццаць»

Прэс-сакратарка Леаніда Агуціна Натальля Ніколенка не пракамэнтавала ўдзел зоркі ў бясплатным канцэрце ў Горадні напярэдадні выбараў, але пацьвердзіла, што сьпявак прыедзе.

«Ужо патэлефанавалі чалавек дваццаць, хто прасіў камэнтары. Я Леаніду накіравала паведамленьні, але ён мне на іх не адказаў. У мяне няма камэнтароў».

«Я з задавальненьнем там выступаю»

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка перад канцэртнай дзейнасьцю на гэтым тыдні нават прагаласаваў датэрмінова. Пра мэты канцэрту і яго арганізатараў ён нічога не сказаў, маўляў, «толькі даведаўся».

«Я ў Гомель еду, бо там мае землякі, я з задавальненьнем там выступаю. Наколькі я разумею, гэта сьвята для горада Гомля».

Анатоль Ярмоленка сказаў, што ягоны выступ дабрачынны, ніякіх ганарараў ня будзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG