Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, якія забясьпечвалі гукавое суправаджэньне дзяржаўнай імпрэзы ў менскім Кіеўскім сквэры, уключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя. У Кіеўскі сквэр зьбіралася прыехаць Сьвятлана Ціханоўская.
Іх учынак людзі сустрэлі авацыямі і воплескамі.
У жывым эфіры Свабоды Ўладзіслаў Сакалоўскі сказаў, што раніцай даведаўся, што мусіць працаваць на дні дадатковай адукацыі ў Кіеўскім сквэры. Мужчына дамовіўся з напарнікам, каб уключыць песьню «Перемен» Віктара Цоя. Пасьля гэтага мужчыны паднялі ў гару рукі зь белымі бранзалетамі.
Уладзіслаў лічыць, што гэта іх апошні працоўны дзень у Палацы дзяцей і моладзі.
«Перемен» стала апошняй песьняй на «Дні дадатковай адукацыі». Пасьля гэтага музычнае суправаджэньне адключылі.
У дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Клішэвіча адбылася спрэчка з гукарэжысэрамі. Клішэвіч назваў дзеяньні маладзёнаў правакацыяй. Неўзабаве да стала з тэхнікай падышлі мужчыны ў касьцюмах і АМАП. Уладзіслаў пачаў зьбіраць тэхніку.
Улады занялі ўсе пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі ў Менску, рознымі мерапрыемствамі. Гэткім чынам яны сарвалі анансаваны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Замест яго там сьвяткуюць Дзень чыгуначных войскаў. Сьвятлана Ціханоўская з паплечніцамі вырашыла наведаць адно з афіцыйных мерапрыемстваў у Кіеўскім скверы а 19-й гадзіне.