Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Ціханоўскага, якому далі 45 сутак арышту, раптоўна выпусьцілі на волю


Сяргей Ціханоўскі, суд Савецкага раёну Гомля, 19 траўня
Сяргей Ціханоўскі, суд Савецкага раёну Гомля, 19 траўня

Гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага, які адбываў 45 дзён арышту ў гомельскім ізалятары, выпусьцілі на волю 21 траўня.

Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіла жонка блогера Сьвятлана.

21 траўня мусіў скончыцца «першы» 15-сутачны арышт блогера (youtube-канал «Страна для жизни»).

Пасьля двух дзён перасьледу 6 траўня міліцыя затрымала Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве. Яшчэ са студзеня за Ціханоўскім «вісеў» 15-дзённы арышт паводле пастановы суду за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 сьнежня ў Менску.

Але адбываць гэтыя 15 сутак тады яго не адправілі, а адпусьцілі на волю пасьля 15-суткавага арышту, прысуджанага раней. 18 траўня блогера зноў прывезьлі ў суд і пакаралі яшчэ 15 днямі арышту за сустрэчы з падпісчыкамі ў розных гарадах Беларусі, якія міліцыя расцаніла як несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы.

45 сутак арышту

19 траўня на судзе разглядалі два пратаколы па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства). Так міліцыя расцаніла сустрэчы Ціханоўскага з падпісчыкамі ў Салігорску і Мёрах.

Блогера Сяргея Ціханоўскага вядуць на суд
Блогера Сяргея Ціханоўскага вядуць на суд

Адміністрацыйная справа грунтавалася на рапарце з Салігорскага РАУС. Супрацоўнікі міліцыі зазначылі ў рапарце, што «5 мая пры правядзеньні маніторынгу інтэрнэту заўважылі ролік «Солигорск, встреча с подписчиками», разьмешчаны на youtube-канале «Страна для жизни».

З роліку міліцыянты даведаліся, што Сяргей Ціханоўскі 25 сакавіка «арганізаваў і правёў сход грамадзян», ня маючы на тое дазволу Салігорскага райвыканкаму. Таксама Ціханоўскі «ажыцьцяўляў апытаньне грамадзян, у тым ліку спытаўся ў невядомага грамадзяніна па імені Руслан: „Ці трэба нам зьмена ўлады“ і атрымаў станоўчы адказ». Таксама, паводле рапарту міліцыянтаў, «Ціханоўскі разам зь Няронскім (блогер youtube-канала „Слуцк для жизни“. — РС) абмяркоўвалі карупцыю сярод чыноўнікаў».

У судзе над Сяргеем Ціханоўскім 19 траўня 2020 году
У судзе над Сяргеем Ціханоўскім 19 траўня 2020 году

Адміністрацыйны пратакол быў складзены міліцыяй і ў Мёрах. Агулам блогера пакаралі на 45 сутак арышту.

Што здарылася?

Пасьля двух дзён перасьледу 6 траўня міліцыя затрымала Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве паводле пастановы суду Савецкага раёну Гомля аб адміністрацыйным арышце.

Па дадзеных праваабаронцаў «Вясны», Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 сутак яшчэ 10 студзеня 2020 году за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 сьнежня. Але адбываць гэты 15-суткавы арышт тады яго не адправілі, а адпусьцілі на волю пасьля 15-суткавага арышту, прысуджанага раней. Пастанова аб арышце блогера ўступіла ў законную сілу 15 студзеня. Па законе ва ўладаў быў год, каб накіраваць Сяргея Ціханоўскага адбываць арышт.

Ужо 13 дзён Ціханоўскі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Гомлі. Адтуль 18 траўня яго прывозілі на судовае паседжаньне, на якім прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.

9 траўня Ціханоўскі з падпісчыкамі плянаваў правесьці ў Бабруйску «АнтыПарад» — акцыю пратэсту супраць параду ў Менску падчас пандэміі каранавірусу.

15 траўня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага. Прычына: блогер нібыта няправільна аформіў дакумэнты, на заяве няма ягонага подпісу. Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падавала ягоная жонка Сьвятлана Ціханоўская на падставе даверанасьці, атрыманай яшчэ ў студзені гэтага году.

Тады ў ініцыятыўнай групе Ціханоўскага вырашылі зарэгістраваць ініцыятыўную групу для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты ягонай жонкі — Сьвятланы Ціханоўскай.

Хто такі Сяргей Ціханоўскі

Відэаблогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі 6 траўня пасьля двух дзён міліцэйскага перасьледу. На наступны дзень на ягоным Youtube-канале выйшла відэа, на якім Ціханоўскі гаворыць пра намер стаць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі.

Дзясяткі чалавек у розных гарадах Беларусі былі затрыманыя і асуджаныя за акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага.

Затрыманьні падчас акцыі ў Гомлі ў падтрымку Ціханоўскага, 7 траўня
Затрыманьні падчас акцыі ў Гомлі ў падтрымку Ціханоўскага, 7 траўня

Што пра яго вядома:

  • яму 41 год, жыве ў Гомлі, жанаты, мае дзяцей;
  • мае Youtube-канал з амаль 150 тысячамі падпісчыкаў, самае папулярнае відэа на ім мае 719 тысяч праглядаў;
  • на канале ён крытыкуе беларускія ўлады і расказвае аб праблемах жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі; пэрыядычна ладзіць сустрэчы з падпісчыкамі;
  • выступае за пашырэньне мясцовага самакіраваньня ў Беларусі;
  • у сакавіку сабраў за адзін стрым 1600 даляраў на арэнду аўтадома, на якім пачаў езьдзіць у розныя гарады на запрашэньне падпісчыкаў;
  • ня раз браў удзел у палітычных акцыях пратэсту і быў караны ўладамі за гэта, у тым ліку правёў Новы год за кратамі за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі;
  • да таго, як заняўся блогам «Страна для жизни», здымаў рэкляму і музычныя кліпы са сваёй студыяй вытворчасьці відэакантэнту «Компас» (казаў журналістам, што сам больш не займаецца гэтым, але кампанія працуе), купляў «кулацкі дом» у вёсцы пад Гомлем і зьбіраўся зрабіць там гатэль;
  • раней меркаваў стаць адным з «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG