Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭАЭС не змаглі дамовіцца пра супольную стратэгію: перамовы затармазіла газавая тэма


Касым-Жамарт Такаеў, прэзыдэнт Казахстану, архіўнае фота
Касым-Жамарт Такаеў, прэзыдэнт Казахстану, архіўнае фота

На дыстанцыйным пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады 19 траўня кіраўнікі дзяржаў ЭАЭС не змаглі канчаткова прыняць праект «Стратэгічных напрамкаў эканамічнага разьвіцьця эўразійскай інтэграцыі да 2025 году».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, праект «агулам ухвалілі», але накіравалі на дапрацоўку, дамовіліся абмеркаваць яго «ў іншым фармаце і ў іншы час».

На паседжаньні абмяркоўвалі дзесяць пытаньняў. Неўрэгуляваным засталося цэнаўтварэньне на паслугі транспартаваньня газу на «агульным рынку» ЭАЭС. Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін адхіліў прапановы «беларускіх і армянскіх сяброў» (у паседжаньні таксама браў удзел прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян) наконт адзінага тарыфу. Паводле Пуціна, «гэта можа быць рэалізавана толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам і адзінай сыстэмай падаткаабкладаньня».

Прапанову дапрацаваць «шэраг пытаньняў», паводле прэс-службы Лукашэнкі, агучыў іншы бок — кіраўнік Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Ён прапанаваў «не сьпяшацца» з прыняцьцем «стратэгічных напрамкаў» і абмеркаваць іх пазьней — «­магчыма, і ў вочным фармаце». Лукашэнка падтрымаў яго, бо дакумэнт «ня мае тэрміновых да рэалізацыі прапановаў» і «сьпяшацца няма куды» па ўсіх пунктах, акрамя газу.

Беларускі палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман назваў у сваім Telegram-канале такія вынікі «пераломным момантам» у Эўразійскім саюзе. На ягоную думку, Расея распаўсюдзіла на Эўразійскі саюз «лёгіку, зь якой прыйшла да Беларусі ў канцы 2018 году: або канфэдэрацыя, або прэфэрэнцый ня будзе».

Аглядальнік расшыфроўвае словы Пуціна так: Расея «разумее адзіны рынак газу як стварэньне наднацыянальных органаў, і то глыбейшых, чым у Эўразьвязе, дзе няма адзінага бюджэту і падаткаабкладаньня». Ніводная краіна ЭАЭС на гэта ня пойдзе, перакананы ён. Праз гэта ЭАЭС, мяркуе Шрайбман, «становіцца на той жа шлях дэзынтэграцыі, што і ў „саюзнай дзяржаве“».

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG