Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узбэкістан увойдзе ў Эўразійскі эканамічны саюз у статусе краіны-назіральніка


Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў

Верхняя палата парлямэнту Ўбэкістану ўхваліла ўваход краіны ў Эўразійскі эканамічны саюз у якасьці дзяржавы-назіральніка. Пра гэта распавялі ў прэс-службе сэнату.

Прыняцьце гэтага рашэньня выклікала «бурнае і адкрытае абмеркаваньне», адзначылі ў прэс-службе. У галасаваньні ўдзельнічаў 91 сэнатар, з іх за супрацоўніцтва з ЭАЭС выступілі 71, супраць — 16, чацьвёра ўстрымаліся.

Прыхільнікі супрацоўніцтва з арганізацыяй адзначаюць, што ўзаемадзеяньне з ЭАЭС павялічыць аб’ёмы зьнешняга гандлю, запусьціць у краіне буйныя інвэстыцыйныя праекты, таксама дасьць магчымасьць экспартаваць сельскагаспадарчую прадукцыю Ўзбэкістану ў дзяржавы ЭАЭС без мытнага афармленьня. Удзел краіны ў якасьці дзяржавы-назіральніка дазволіць, на думку прыхільнікаў гэтага рашэньня, атрымаць больш поўную інфармацыю аб працы саюза і падрабязна вывучыць усе наступствы ўступленьня ў арганізацыю.

На думку праціўнікаў уваходжаньня ў ЭАЭС, ва Ўзбэкістане можа зьнізіцца тэмп вытворчасьці ў шэрагу галін эканомікі, паўстаць недахоп працоўных месцаў, замарудзяцца працэсы інвэстыцыйнай дзейнасьці і мадэрнізацыі прамысловасьці. Таксама сэнатары адзначылі вялікую актуальнасьць для рэспублікі пытаньня аб уступленьні ў Сусьветную арганізацыю гандлю.

У Эўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Расея, Казахстан, Армэнія, Беларусь і Кіргізстан. У Малдовы — статус назіральніка, які дазваляе ўдзельнічаць у пасяджэньнях органаў ЭАЭС, але не прымаць рашэньні.

Раней з крытыкай уступленьня Ўзбэкістану ў ЭАЭС выступаў лідэр дэмакратычнай партыі Ўзбэкістану «Мілій цікланіш» ( «Нацыянальнае адраджэньне») Алішэр Кадыраў.

«Будзем сумленныя, па сваёй назве ЭАЭС — арганізацыя эканамічная, але за ёй крыюцца нябачныя палітычныя мэты. Сёньня гэта ні для каго не сакрэт. Уступленьне Ўзбэкістану ў гэты саюз адпавядае інтарэсам членаў ЭАЭС. Груба кажучы, гэта другі СССР. Але Ўзбэкістан не зьяўляецца краінай, якая б служыла нечым інтарэсам. Наша краіна на першае месца ставіць інтарэсы свайго народа і дзяржавы», — заявіў Кадыраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG