«Рана ўзяты тэст можа быць ілжэадмоўны». Лекар расказвае, як Ізраіль перажывае пандэмію каранавірусу
Натан Цімкін, спэцыяліст ва ўнутраных хваробах, працуе сямейным лекарам у Ізраілі, дзе цяпер увялі карантын і робяць штодзень да 6 тысяч тэстаў на каранавірус. Захварэлі ў Ізраілі агулам 6211 чалавек. Трыццаць памерлі.
Штраф за парушэньне карантыну, лекары ідуць дадаткова працаваць валянтэрамі, а зь лёгкай формай каранавірусу хварэюць дома. Свабода распытала доктара з Ізраілю Натана Цімкіна, як там змагаюцца з пандэміяй.
МЗС Беларусі дапамагло вярнуцца з-за мяжы 5840 грамадзянам краіны
У міністэрстве прызнаюць, што найбольш вострымі па-ранейшаму застаюцца праблемы з далёкімі краінамі, у прыватнасьці сытуацыя ў Індыі, Віетнаме, Шры Лянцы, Тайляндзе, Інданэзіі.
«Белавія» працягвае выконваць рэгулярныя рэйсы ў Армэнію (Ерэван), Вялікую Брытанію (Лёндан), Вэнгрыю (Будапэшт), Нямеччыну (Бэрлін, Мюнхэн, Франкфурт-на-Майне, Гановэр), Ізраіль (Тэль-Авіў), Гішпанію (Барсэлёна), Літву (неабходна ўлічваць анансаваныя літоўскім бокам новыя абмежаваньні), Нідэрлянды (Амстэрдам), Турэччыну (Стамбул), Фінляндыю (Хэльсынкі), Францыю (Парыж), Чэхію (Прага), Швайцарыю (Жэнэва), Швэцыю (Стакгольм), Эстонію (Талін).
«Гэтыя маршруты актыўна выкарыстоўваюцца і замежнымі грамадзянамі для вяртаньня празь Менск у краіны грамадзянства», —паведамілі ў МЗС Беларусі.
Трамп апрабаваў экспрэс-тэст на каранавірус
У лісьце, падпісаным лекарам прэзыдэнта ЗША Шонам Конлі, гаворыцца, што Дональд Трамп прайшоў паўторны тэст на каранавірус. Першы раз прэзыдэнта праверылі на наяўнасьць каранавірусу ў мінулым месяцы, пасьля сустрэчы з дэлегацыяй ураду Бразыліі, адзін з чальцоў якой, як пасьля высьветлілася, быў хворы COVID-19.
Трамп прайшоў абсьледаваньне з дапамогай новага экспрэс-тэсту, вынікі якога былі гатовыя праз 15 хвілін.
«Ён здаровы, сымптомы адсутнічаюць», — пацьвердзіў лекар прэзыдэнта.
Лічбы на раніцу 3 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі больш за 1,015 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 245 тысяч у ЗША, звыш 115 тысяч у Італіі, 112 тысяч у Гішпаніі, амаль 85 тысяч у Нямеччыне, каля 82,5 тысячы ў Кітаі, 59 тысяч у Францыі, 50 тысяч у Іране, амаль 34 тысячы ў Вялікай Брытаніі, амаль 19 тысяч у Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі звыш 53 тысяч чалавек. Зь іх 13 915 у Італіі, 10 348 у Гішпаніі, 6088 у ЗША, 5387 у Францыі, 3326 у Кітаі, 3160 у Іране.
- Выпісалі амаль 213 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца амаль 750 тысяч, зь іх звыш 37,6 тысячы ў цяжкім стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 2 красавіка былі выяўленыя 300 выпадкаў COVID-19: зь іх 254 пацыенты на лячэньні (зь іх 11 на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх), 42 выпісаныя здаровымі, памерлі 4 чалавекі. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
Галоўныя навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 2 красавіка
- Колькасьць тых, хто заразіўся COVID-19, перавысіла ў сьвеце 1 мільён чалавек
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўпершыню з 30 сакавіка апублікавала поўную статыстыку аб распаўсюдзе каранавірусу ў Беларусі: 254 хворых на COVID-19, выпісалі 46, памерлі 4.
- Аляксандар Лукашэнка даў чарговую параду супраць каранавірусу: «Аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца зь вірусамі».
- У Беларусі адмянілі адкрыцьцё мотасэзону, якое звычайна наведваў Віктар Лукашэнка
- У Менску пачалася сэсія Палаты прадстаўнікоў. Сярод іншага, дэпутаты разгледзяць адміністрацыйную адказнасьць за ўтойваньне інфармацыі пра стан свайго здароўя.
- Урад Беларусі заплянаваў падтрымку эканомікі ва ўмовах пандэміі на 110 млн рублёў.
- Праваслаўны мітрапаліт Павел абляцеў межы Беларусі з малітвамі аб спыненьні пандэміі.
- На сайце Avaaz.org зьявілася пэтыцыя «Памажыце Беларусі перажыць COVID-19», адрасаваная генэральнаму дырэктару Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрасу Аданому Гебрэесусу.
- Малодшых школьнікаў зь вёскі ў Буда-Кашалёўскім раёне ізалявалі ў шпіталі для абсьледаваньня на каранавірус: трэнэр аднаклясьніка выявіўся інфікаваным COVID-19.
- На магілёўскім мясакамбінаце на паўгадзіны скарацілі працоўны дзень — каб працаўнікі ня езьдзілі ў гадзіну пік.
- Віцебскі тэатар, дзе памёр актор з каранавірусам, распусьцілі да 26 красавіка.
- Першы выпадак каранавірусу выяўлены ў Столінскім раёне. Інфікаваны адмаўляўся здаць аналіз добраахвотна.
- Прэзыдэнт Філіпінаў загадаў «страляць насьмерць» у носьбітаў каранавірусу, калі яны будуць супраціўляцца. Прэс-служба прэзыдэнта кажа пра «гіпэрбалы».
- У Расеі праз каранавірус абвешчаны непрацоўным цэлы красавік.
- У Італіі ўжо больш за дзесяць тысяч мэдыкаў заразіліся каранавірусам. Прафсаюз дактароў гаворыць пра недастаткова дбайнае стаўленьне да лекараў, адсутнасьць сродкаў аховы, нерэгулярныя аналізы.
- Грэцкая праваслаўная царква ў сувязі з кандэміяй перанесла сьвяткаваньне Вялікадня на канец траўня.
- Колькасьць памерлых ад каранавірусу ў ЗША перавысіла 1000 за дзень.
5 рэчаў, якія трэба ведаць пра тэсты на каранавірус
Колькасьць тых, хто заразіўся COVID-19, перавысіла 1 мільён чалавек
На вечар 2 красавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 1 мільён выпадкаў COVID-19: звыш 235 тысяч у ЗША, звыш 115 тысяч у Італіі, больш як 110 тысяч у Гішпаніі, амаль 82 тысячы ў Кітаі, звыш 84 тысяч у Нямеччыне, 57 тысяч у Францыі, 59 тысяч у Іране, за 33 тысячы ў Вялікай Брытаніі, за 18 тысяч у Швайцарыі.
Усяго ад новага каранавірусу за час пандэміі памерлі 51 356 чалавек, выздаравелі 210 199.
Гарбачоў: выдаткоўваць грошы трэба не на ўзбраеньне, а на мэдыцыну
Першы і адзіны прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падтрымаў ідэю найжорсткага карантыну на час пандэміі каранавірусу, адзначыўшы пры гэтым, што пасьля яе заканчэньня патрабуецца «карэнным чынам перагледзець асновы сусьветнай палітыкі». «Разам з паплечнікамі па Форуму ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру мы даўно ўжо да гэтага заклікаем», — сказаў Гарбачоў, падкрэсьліўшы, што замест непамерных ваенных выдаткаў, якія толькі падрываюць бясьпеку, неабходна накіроўваць сродкі на навуку, адукацыю і ахову здароўя.
Грошы, аплікацыі, гарачыя лініі. Як ўрады ў Эўропе дбаюць пра грамадзян падчас пандэміі
На прыкладах Эстоніі, Ісьляндыі, Вялікай Брытаніі і Польшчы Свабода тлумачыць, як эўрапейскія ўрады рэагуюць на пандэмію і даюць сваім грамадзянам усю неабходную інфармацыю.
Незалежна ад эканамічнай сытуацыі, усе названыя дзяржавы штодня інфармуюць грамадзянам пра сытуацыю, зьвязаную з пандэміяй каранавірусу.
Тлумачым чаму сьмяротнасьць праз COVID-19 у Нямеччыне застаецца адносна нізкай
Нямеччына — пятая па ліку краіна сьвету паводле колькасьці заражаных каранавірусам людзей. Назіральнікі кажуць, што адносна нізкі ўзровень сьмяротнасьці ў Нямеччыне тлумачыцца не адной, а некалькімі магчымымі прычынамі і нават узаемасувязьзю розных фактараў. Сюды ўваходзяць: адносна малады ўзрост большасьці інфікаваных, якасьць сыстэмы аховы здароўя, вялікая колькасьць тэстаў на інфэкцыю. Ёсьць таксама некаторыя дадатковыя нюансы.
У Гомельскай вобласьці 5 пацьверджаных і 6 верагодных выпадкаў COVID-19
На 2 красавіка ў Гомельскай вобласьці зарэгістравалі 5 пацьверджаных і 6 верагодных выпадкаў COVID-19, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага аблвыканкаму. Па ўсіх выпадках вызначылі кантактных асобаў: першага ўзроўню – шпіталізавалі і абсьледуюць, другога – пакуль назіраюць.
Беларуская фэдэрацыя футбола прыпыніла юніёрскае і юнацкае першынствы
Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футбола» па рэкамэндацыі Мінспорту вырашыла прыпыніць з 2 красавіка правядзеньне матчаў юніёрскага і юнацкага першынстваў краіны па футболе, гаворыцца на сайце асацыяцыі. Таксама АБФФ перанесла пачатак моладзевага першынства Беларусі ў футболе сярод дзяўчат. Пра яго старт паведамяць дадаткова.
Беларусь пакуль застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе працягваецца рэгулярны дарослы чэмпіянат па футболе.
Як беларусы дапамагаюць мэдыкам і адзін аднаму падчас каранавірусу
Кватэры і бясплатная ежа для дактароў, дапамога старым і інфармацыйныя кампаніі, вытворчасьць мэдыцынскіх масак — Свабода сабрала добрыя ініцыятывы, якія зьявіліся праз каранавірусны крызіс. Чытайце тут>>
Першага пацыента з каранавірусам у Столінскім раёне змаглі шпіталізаваць толькі зь міліцыяй
31 сакавіка двух жыхароў Столінскага раёну даставілі ў інфэкцыйнае аддзяленьне Берасьцейскай абласной бальніцы, у аднаго зь іх аналіз пацьвердзіў наяўнасьць COVID-19. Яны кантактавалі з жанчынай зь іншай вобласьці, якая аказалася носьбітам каранавірусу, пішуць «Навіны Палесся».
«Пацыенты праявілі вялікую безадказнасьць (легкадумнасьць?) — наадрэз адмаўляліся ехаць у абласную бальніцу па добрай волі. Давялося паступіць у адпаведнасьці з законам — з ужываньнем пракурорскіх санкцый. Таму іх шпіталізавалі з дапамогай супрацоўнікаў міліцыі», — паведамляе падрабязнасьці выданьне.
У Італіі больш за дзесяць тысяч мэдыкаў заразіліся каранавірусам. Дактары называюць прычыны
Агульная колькасьць мэдыкаў, інфікаваных у Італіі каранавірусам COVID-19, перавысіла 10 тысяч чалавек, паведаміў у чацьвер прафсаюз мэдычных работнікаў мясцовых шпіталёў Anaao-Assomed.
«Некаторыя сядзібы пайшлі на карантын». Што адбываецца ў сфэры аграэкатурызму
Збольшага аграэкатурызм разьлічаны на беларускага спажыўца. 85% кліентаў у беларускіх сядзібах — беларусы, астатнія — жыхары Расеі і эўрапейскіх краін, але ўнутраны рынак таксама сьцішыўся, кажа старшыня праўленьня БГА „Адпачынак у вёсцы“ Валерыя Кліцунова. Паводле яе, у сядзібах, якія ўвесну працавалі зь вялікімі групамі праз турапэратараў, усе замовы зьнятыя. Першымі адмяніліся школьныя групы.
«Што становіцца запатрабаваным — гэта наняць дом. Індывідуальна, — адзначае суразмоўца. — Але гаспадары самі пачалі засьцерагацца. Некаторыя сядзібы пайшлі на карантын». Цалкам чытайце тут>>
Лукашэнка параіў есьці тлустае «супраць каранавірусу». Мэдыкі раяць адваротнае
Аляксандар Лукашэнка даў чарговую параду супраць каранавірусу, якая не супадае з рэкамэндацыямі Сусьветнай арганізацыі здароўя. Да трактароў, хакею, лазьні і гарэлкі дадалася тлустая ежа:
«Мы, маўляў, на дыеце сядзелі, а патрэбная тлустая ежа. І я таксама абмяжоўваў сябе. А сьметанкавае масла трэба зараз есьці, аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца зь вірусамі. Калі спэцыяліст, вучоны кажа, напэўна, ня дурань. Вось я з досьведу свайго яго ў гэтым падтрымліваю».
WHO, наадварот, заклікае спажываць умераную колькасьць тлушчоў і алеяў, аддаваць перавагу ненасычаным тлушчам (рыбе, соі, аліўкавым, сланечнікавым і кукурузным алеям, а ня тлустаму мясу, маслу, сыру, какосаваму або пальмаваму алею). Зь мяса раяць аддаваць перавагу «беламу» (птушынаму), а не «чырвонаму», з малочных прадуктаў — нізкай тлушчавасьці або абястлушчаныя.
У Беларусі адмянілі адкрыцьцё мотасэзону, якое звычайна наведваў Віктар Лукашэнка
Праз распаўсюд каранавірусу адмянілі ўрачысты пачатак мотасэзону-2020. Гэтае мерапрыемства ўжо шмат гадоў адкрываў Віктар Лукашэнка. Мерапрыемства мусіла адбыцца 25-26 красавіка. Новую дату адкрыцьця мотаэзону не называюць.
У Расеі праз каранавірус абвешчаны непрацоўным цэлы красавік
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 2 красавіка зноў зьвярнуўся да расейцаў са сваёй рэзідэнцыі ў Нова-Агарове і абвясьціў аб працягу выкацыяў для расіянаў да канца красавіка — з захаваньнем заробку.