Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты абмяркоўваюць адміністрацыйную адказнасьць за ўтойваньне інфармацыі пра стан свайго здароўя


Дэпутат у масцы на ўваходзе ў Палату прадстаўнікоў

Сёньня адбываецца першае паседжаньне другой сэсіі ў Палаце прадстаўнікоў. На ўваходзе ўсім мералі тэмпэратуру, але дэпутаты прыйшлі без масак.

У масках былі толькі ахоўнікі. Журналістам не дазвалялі фатаграфаваць, як адбывалася гэта працэдура. На ўваходзе ў Палату прадстаўнікоў і ў калідоры каля прыбіральняў усталявалі дазатары з дэзынфэкцыйным сродкам. Карыстаньне дазатарам таксама здымаць не дазвалялі. Ні ў кога з дэпутатаў і журналістаў павышанай тэмпэратуры сёньня ня выявілі.

На ўваходзе ва ўсіх правяралі тэмпэратуру
На ўваходзе ва ўсіх правяралі тэмпэратуру

Старшыня камісіі міжнародных спраў Андрэй Савіных сказаў журналістам, што ў Палаце прадстаўнікоў прынятыя «адпаведныя захады».

«На кожным паверсе ёсьць дэзынфэкцыйныя сродкі, сёньня ўсе ўдзельнікі сэсіі правераныя на тэмпэратуру. У выпадку павышанай тэмпэратуры людзям рэкамэндуюць накіроўвацца ў мэдпункт ці да лекара».

Антысэптыкі ў Палаце прадстаўнікоў
Антысэптыкі ў Палаце прадстаўнікоў

Паводле Савіных, захады, якія робяцца, «дастатковыя». «Яны дазволяць захаваць прафэсійную дзейнасьць і перадухіліць распаўсюд інфэкцыі ў сьценах Палаты прадстаўнікоў», — сказаў Савіных.

Пытаньне пра магчымасьць правядзеньня сэсіі ў рэжыме онлайн не разглядалася.

«Я думаю, што для гэтага няма ніякай сур’ёзнай неабходнасьці», — сказаў Савіных.

Падчас падыходу да прэсы прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса журналістам дазволілі спытаць толькі пра пастаўкі нафты і пра комплекс захадаў для падтрымкі насельніцтва на фоне пандэміі каранавірусу. Румас ня стаў адказваць на пытаньне пра колькасьць хворых на каранавірус у Беларусі. Ён сказаў, што гэтае пытаньне не да яго, а да Міністэрства аховы здароўя.

Журналісты ў Палаце прадстаўнікоў ў чаканьні прэмьера, без сацыяльнай дыстанцыі
Журналісты ў Палаце прадстаўнікоў ў чаканьні прэмьера, без сацыяльнай дыстанцыі

Андрэйчанка: «У сьвеце пануе разгубленасьць, урады дзейнічаюць паасобку»

Першае, пра што старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка згадаў у сваім уступным слове, было будучае пасланьне кіраўніка краіны.

Паводле яго, пандэмія «уносіць карэктывы», «згушчаць фарбы ня варта, але ня варта і спрашчаць гэтую праблему». Паводле Андрэйчанкі, «своечасовае прыняцьце дзяржавай дакладных прэвэнтыўных захадаў дазволіла ўзяць сытуацыю пад кантроль».

«Ня менш актуальная задача ў мінімізацыі ўплыву эпідэміі на гаспадарчую дзейнасьць. Нам трэба яшчэ раз прадумаць формы падтрымкі дзелавой актыўнасьці, прасачыць, каб людзі своечасова атрымлівалі заробкі, пэнсіі, каб ім аказваліся неабходныя сацыяльныя паслугі».

Андрэйчанка сказаў, што ўзьніклі цяжкасьці з рэалізацыяй міжнароднай праграмы ад таго, што краіны ідуць на карантын. Паводле яго, «пандэмія наглядна паказала, чаго вартая сучасная сыстэма міжнароднай бясьпекі», «у сьвеце пануе разгубленасьць, урады дзейнічаюць паасобку», а эканамічная сытуацыя яшчэ больш ускладнілася. З пандэміяй і крызісам можна справіцца, калі ўсе краіны «будуць супрацоўнічаць, паважаючы інтарэсы адна адной». Андрэйчанка заклікаў успомніць урокі гісторыі, калі «75 гадоў таму вялікія дзяржавы змаглі пераадолець узаемны недавер і аб’яднацца, каб зьберагчы сьвет ад фашызму».

Паводле Андрэйчанкі, на гэтай сэсіі неабходна прыняць «важнае палітычнае рашэньне — прызначыць дату прэзыдэнцкіх выбараў».

У сёньняшнім парадку дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў было 8 пытаньняў, пераважна ратыфікацыя розныя пагадненьні, сярод якіх пагадненьне аб спрашчэньні выдачы візаў паміж ЭЗ і Беларусьсю.

Старшыня камісіі заканадаўства Сьвятлана Любецкая сказала журналістам перад пачаткам сэсіі, што разглядаюцца прапановы, каб увесьці адміністрацыйную адказнасьць за дзеяньні грамадзян, якія ствараюць небясьпеку для здароўя: за ўтойваньне інфармацыі пра крыніцу заражэньня, пра свой стан здароўя, пра наяўнасьць небясьпечных прыкмет захворваньня.

«Гэта найперш будуць прафіляктычныя захады», — сказала яна. — Сёньня, як ніколі, запатрабавана інфармацыйнае забесьпячэньне насельніцтва аб правілах паводзінаў, гігіенічных нормах і патрабаваньнях. Разумны падыход усіх прадстаўнікоў грамадзтва важны, як ніколі".

Журналістаў не пусьцілі ў Авальную залю на адкрыцьцё сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Сярод прычын такога рашэньня ў прэс-службе назвалі эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне. Фотакарэспандэнтам можна было зрабіць толькі пратакольныя здымкі. Праца прадстаўнікоў СМІ абмяжоўвалася прэс-цэнтрам.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG