Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторыя сядзібы пайшлі на карантын». Што адбываецца ў сфэры аграэкатурызму


Аграсядзіба «Тартак» пад Горадняй. Ілюстрацыйнае фота

Адпачынак у беларускай вёсцы залежны ад надвор’я. Пры спрыяльных умовах сэзон можа доўжыцца з мая да канца кастрычніка. Пандэмія ўносіць карэктывы ў працу і гэтага сэктара турызму.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Агульная карціна ў аграэкатурызьме зьмяняецца разам з каранавірусам, — тлумачыць старшыня праўленьня БГА „Адпачынак у вёсцы“ Валерыя Кліцунова. — Вясковы турызм, як і ўвесь сьвет, цяпер у чаканьні, як будуць разьвівацца падзеі».

Валерыя Кліцунова
Валерыя Кліцунова

Збольшага аграэкатурызм разьлічаны на беларускага спажыўца. 85% кліентаў у беларускіх сядзібах — беларусы, астатнія — жыхары Расеі і эўрапейскіх краін.

«Унутраны рынак таксама сьцішыўся, — кажа Валерыя. — Гэта ня значыць, што адпачываць ніхто не паедзе. Усё стала на паўзу. Хто і калі яе здыме, пакуль невядома. Бо не зразумела, што будзе далей. Нават у нашай краіне. Калі ўсё сьцішыцца? Ці гэта толькі пачатак?»

Па словах суразмоўцы, у сядзібах, якія ўвесну працавалі зь вялікімі групамі праз турапэратараў, усе замовы зьнятыя. Першымі адмяніліся школьныя групы.

«Што становіцца запатрабаваным — гэта наняць дом. Індывідуальна, — адзначае суразмоўца. — Але гаспадары самі пачалі засьцерагацца. Некаторыя сядзібы пайшлі на карантын».

«Усе спадзяюцца, што першым з крызісу будзе выходзіць агратурызм»

Актыўны сэзон яшчэ не пачаўся. Мяркуецца, што лета будзе складанае.

«Гіпатэтычна, калі мы не сыходзім у глябальную эпідэмію, да лета ўсё павінна наладзіцца, — разважае Валерыя Кліцунова. — Усе спадзяюцца, што першым з крызісу будзе выходзіць агратурызм. Ёсьць меркаваньне, што беларусы ў першую чаргу паедуць да сябе».

У адваротным выпадку агратурызм, як і ўся турыстычная сфэра, апынецца пад пагрозай. Сытуацыю ўскладняе заканчэньне ў наступным годзе дзеяньня ўказу № 372, які прадугледжваў ільготнае падаткаабкладаньне і падтрымку прадпрымальніцтва ў сфэры аграэкатурызму. Ён ствараў спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця галіны. На пачатак 2019 году ў Беларусі было зарэгістравана 2760 аграсядзіб.

«Нашая пазыцыя — падоўжыць дзеяньне ўказу мінімум на тры гады. Мы ня просім новых ільготаў, мы просім захаваць правілы гульні. У сёньняшніх умовах зрабіць умовы больш жорсткімі — немагчыма. У іншых краінах сфэры, якія пацярпелі падчас пандэміі, падтрымліваюць фінансава, ім даюць падатковыя вакацыі. У беларускім турызьме гэтага не адбудзецца. Калі на гэтым фоне пагоршацца ўмовы гаспадараньня ў аграэкатурызьме, на ім можна будзе ставіць крыж. Гэта таксама моцна хвалюе людзей.

«Да нас прыяжджаюць госьці, але я ня ведаю, ці гэта добра»

Сядзіба «Запаведны востраў» на Глыбоччыне стаіць паміж двума азёрамі — Івесь і Азярко. Адпачынак на востраве надзвычай папулярны ў сэзон. За гады працы тут сфармавалася грунтоўная база сталых кліентаў. Па словах гаспадара, попыт на пражываньне ў комплексе ёсьць і цяпер.

Сядзіба «Запаведны востраў»
Сядзіба «Запаведны востраў»

«Звычайна ў гэты час у нас было даволі пуста. Турысты прыяжджалі толькі на выходныя, — камэнтуе гаспадар сядзібы „Запаведны востраў“ Аляксандар Цьвірка. — Ёсьць людзі, якія ў сёньняшняй сытуацыі не змаглі нікуды паехаць, хоць заплянавалі адпачынак. Шмат хто працуе дыстанцыйна. І ў нас сярод тыдня зьявіліся госьці. Цяпер занятыя два дамкі зь пяці. На выходныя занятыя ўсе».

Паводле Аляксандра, кліенты тэлефануюць, але прыняць больш людзей на выходных сядзіба ня можа.

«Калі ўсё пачалося, мы думалі зрабіць прапанову для тых, хто сыходзіць у самаізаляцыю. Стварыць умовы, каб яны маглі прыехаць на пэўны тэрмін, зьнізіць кошты, каб ня так біла па кішэні. Спачатку былі званкі і ахвочыя. Гэта магло б спрацаваць, калі б пайшла аб’ектыўная інфармацыя, што сапраўды робіцца ў Беларусі, — мяркуе Аляксандар. — З прычыны няведаньня многія ўспрымаюць сытуацыю несур’ёзна».

Гаспадар адзначыў, што ў сядзібе робяцца неабходныя захады бясьпекі. Памяшканьні дадаткова апрацоўваюцца дэзынфэкцыйнымі сродкамі і рэгулярна праветрываюцца.

«У карчме за вялікім сталом рассаджваем гасьцей як найдалей. Таксама прапануем харчавацца асобна ў дамках».

Па словах Аляксандра, фармат адпачынку зьмяніўся. Калі раней госьці сядзібы знаёміліся паміж сабой, зьбіраліся ў кампаніі, ладзілі супольныя застольлі, то цяпер стараюцца разысьціся па тэрыторыі.

«Ані званкоў, ані замоў»

Іначай сытуацыя выглядае ў суседняй сядзібе «Цэнтар Эўропы».

«Справы цяпер складаюцца ня вельмі добра, — адзначае гаспадар сядзібы Алег. — Цяпер не сэзон. У гэты час у мяне няшмат турыстаў — незалежна ад падзей. Найбольш запатрабаваны час — ліпень, жнівень».

60% гасьцей Алега складалі расейцы. Госьці пачыналі прыяжджаць ужо на майскія сьвяты. Сёлета май пусты.

«Цяпер Расея прыціхла, — працягвае суразмоўца. — Звычайна ў гэты час актыўна браніруюць адпачынак на лета. У мінулым годзе ў сакавіку была расьпісаная палова лета. Цяпер — цішыня. Ані званкоў, ані замоў».

Алег трымае сядзібу разам з жонкай. Цяпер займаецца рамонтам і добраўпарадкаваньнем тэрыторыі, рыхтуецца да сэзону.

Уласьнікі аграсядзібаў пазьбягаюць прагнозаў, якім будзе сёлетні сэзон. Аднак да яго рыхтуюцца.

Сядзіба «Ганка»
Сядзіба «Ганка»

«Цяпер ніхто нічога ня можа сказаць, — камэнтуе гаспадар сядзібы „Ганка“ на Валожыншчыне Анатоль Ганец. — Суцэльнае зацішша. Як заўсёды ў красавіку. Што будзе ў траўні, невядома. Усе ў чаканьні. Кожны дзень сытуацыя зьмяняецца. Цяпер многія, хто заняты ў вясковым турызьме, задумваюцца, ці варта займацца рэканструкцыяй, укладаць заробленыя грошы. А раптам людзі не паедуць? Я лічу, што самаразьвіцьцём трэба займацца ў любым выпадку».

У сакавіку і красавіку на сядзібе адмяніліся трэнінгі і сэмінары. Перанесены міжнародны сэмінар з удзелам эстонскіх экспэртаў, прысьвечаны прадпрымальніцтву ў вясковым турызьме. Тым ня менш да сэзону гаспадар працуе над інтэрактыўнай праграмай па выпяканьні хлеба.

Групавыя туры на сядзібы адмененыя

Напярэдадні сэзону страты панесьлі сядзібы, якія прапаноўвалі ўласны прадукт для арганізаваных груп.

«Сумесна мы распрацавалі экскурсійную праграму і супрацоўнічаем з турфірмамі, — кажа Аляксандар Цьвірка. Ягоны „Запаведны востраў“, яшчэ некалькі сядзібаў і фэрмэрскіх гаспадарак рэгіёну аб’ядналіся ў кластэр „Вялесаў шлях“. — На гэты год зь „Віяполем“ кожны чацьвер у нас была заплянаваная экскурсія на 40 чалавек. Адна прайшла. Цяпер усё спынілася».

У кластэры «Муховэцька кумора» аб’ядналіся сядзібы Драгічынскага, Пружанскага, Кобрынскага, Камянецкага, Жабінкаўскаўскага раёнаў Берасьцейскай вобласьці. У супрацы з рамесьнікамі, фальклёрнымі калектывамі, гістарычнымі і спартовымі клюбамі распрацаваны шэраг тураў, праграм і маршрутаў. Турыстаў цікавяць рэгіянальныя традыцыі, кухня.

Аграсядзіба «На Зарэчнай вуліцы»
Аграсядзіба «На Зарэчнай вуліцы»

«Туры на красавік адмяняюцца. Да нас меліся прыехаць госьці зь Нямеччыны, Польшчы, — кажа гаспадыня сядзібы „На Зарэчнай вуліцы“ і каардынатар клястэра Ала Палікарпук. — Некаторыя групы перанесьлі свой прыезд на верасень. Асноўныя нашыя праграмы пачынаюцца з мая. Напрыканцы месяца адкрываецца навігацыя па Мухаўцы — мы прапануем водныя вандроўкі на дракары. Цяпер ня ведаю, як складзецца сэзон. Сядзібы з майго кластэра кажуць, што турыстаў няма. Нашая сям’я жыве толькі за кошт агратурызму. Грошы скончацца, і я не ўяўляю, што мы будзем рабіць. Ніхто не абяцае паслабленьняў».

«У нас усе календары закрытыя»

Некаторыя сядзібы цяпер сьвядома сыходзяць на карантын. Гаспадары здымаюць аб’явы з Booking.com і іншых плятформаў браніраваньня жыльля.

«Мы працуем з Airbnb. Кліенты пішуць, што хочуць прыехаць, а прыватнікі адмаўляюцца, асьцерагаюцца, — кажа Ала. — Напрыклад, мы жывём у доме, які здаём. У нас усе календары закрытыя. Але і запытаў на гэты час асабліва няма. Нам не паведамляюць, што ў краіне адбываецца насамрэч. І многія легкадумна ставяцца да сытуацыі. Гэта засмучае. На месцы турыстаў я б ня ехала цяпер адпачываць. А на месцы гаспадароў — устрымалася ад здачы. Хаця б да пацяпленьня. За месяц ніхто не прападзе. Лепей цяпер перасьцерагчыся».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG