Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялесаў шлях». Як на Глыбоччыне аграсядзібы для турыстаў аднаўляюць паганскія капішчы і звычаі


Цуды цэнтру Эўропы, капішчы Вялеса, самаробныя сыры, прыгажуня зь «Міс СССР» ды індзейская лазьня ў новым падарожжы Свабоды са Зьмітром Бартосікам.

Некалькі гадоў таму ў возера Шо на Глыбоччыне ўлады забралі статус геаграфічнага цэнтра Эўропы. Але ж забраць у гэтых лясных азёраў некранутую прыгажосьць немагчыма. Я ня быў тут гадоў пятнаццаць. За дзесяць гадоў перамены заўважыць няцяжка. Тутэйшыя вёскі тады не былі настолькі бязьлюднымі. На дарогах часьцей сустракаліся калёсы і мінакі. А яшчэ на пачатку нулявых у ваколіцах возера Шо не было ніводнай аграсядзібы. Сёньня іх ужо каля дзясятка. Не зьдзіўлюся, калі праз чвэрць стагодзьдзя гэты зацішны край цалкам будуць насяляць «аграгатэльлеры» ды іхныя госьці.

«Запаведны востраў»

На беразе ляснога возера Івесь некалі стаяў шчытавы домік саўгаснага санаторыя. Менскі бізнэсовец Аляксандар Цьвірка адпачываў тут ня раз. Пакуль аднойчы не купіў гэтую будыніну. Цяпер ягоная аграсядзіба «Запаведны востраў» налічвае ўжо некалькі дыхтоўных дамоў і раскошную карчму на беразе. Гледзячы на якасьць пабудоваў, на багацьце кухні, я не магу сказаць, чаго ў гэтай гасьціннай справе болей — бізнэсу ці альтруізму. Аляксандар, інтэлігентны беларускамоўны гаспадар, пагаджаецца.

— Гэта ўсё ніколі не акупіцца. Здаецца, нейкі даход ідзе, някепска зарабляецца. Але ўвесь час трэба нешта рабіць новае. Нецікава на адным месцы спыняцца. І пастаянная канкурэнцыя. Летась, калі не было пагоды, я працаваў у нуль.

Яшчэ зусім нядаўна асноўнымі гасьцямі «Запаведнага вострава» былі расейцы.

— Яны адрозьніваюць нашы краіны. Кажуць, што, як толькі перасякаеш мяжу, адразу зьяўляюцца буслы. Большая частка расейцаў ставіцца да беларусаў з павагай. Але ёсьць і тыя, хто лічыць нас малодшымі братамі. Часам выходжу з-за стала, каб не пасварыцца. Сядзіць п’яная быдлота: «Языка ў вас не было, і гісторыі не было». Але такіх вельмі мала.

Сёлета Аляксандар чакае гасьцей з новай краіны.

— Пачалі людзі з Ізраілю цікавіцца. Прайшла пагалоска ад тых, хто ўжо наведаў Беларусі. І пайшла хваля званкоў адтуль. На жнівень на 12 дзён адзін чалавек заняў усе домікі. Пэўна, зьбіраецца прывесьці ўсю сваю вялікую сям’ю. Ён адзін родам зь Беларусі. Хоча паказаць сваім радзіму.

У ваколіцах Івесі было старажытнае капішча крывічоў. Аляксандар марыць пра музэй паганскай культуры.

— Ёсьць востраў пасярэдзіне возера. Хочам там зрабіць капішча. На шэсьць ідалаў славянскіх. Я зараз пачаў вывучаць. Думаў, што ўсё было проста. А там цэлыя міталёгія. Ня ўсе багі сябравалі. Некаторых нельга было разам ставіць. Яшчэ на супрацьлеглым беразе ёсьць пахаваньня Х стагодзьдзя. Там і каменныя крыжы, і курганныя групы. Хочам зрабіць маршрут. З анімацыяй, ахвярапрынашэньнем на капішчы. Не, курыцу ня будзем забіваць. На агні спалім курыную ножку. Пасьля на лодках — да пахаваньня.

Памятаю, як прыемна было даведацца, што Беларусь неўзабаве адкрыецца для іншаземцаў ажно на цэлых 10 бязьвізавых дзён. Але бяз лыжкі дзёгцю ўлады ня могуць. Іншаземцы мусяць рэгістравацца па прыезьдзе. Раней на гэтую працэдуру давалі суткі. Цяпер — тры гадзіны. Напэўна, каб замежныя госьці не расслабляліся. І нават ня думалі пра шпіянаж. Можа, скараціць гэты тэрмін да адной хвіліны? І штрафы таксама пахвілінныя ўвесьці. А можна ўсіх гасьцей нашай краіны акальцоўваць проста ў аэрапорце. Ці чыпаваць проста ня мяжы.

«Краіна мараў»

Некалькі ўладальнікаў аграсядзіб на Глыбоччыне стварылі каапэратыў «Вялесаў шлях». У гэты каапэратыў, акрамя саміх сядзіб, уваходзіць і фэрма «Краіна мараў». Месьціцца яна на супрацьлеглым беразе Івесі, у вёсцы Хролы. Гаспадыня фэрмы, Аксана Лашкевіч, мае беларускія карані і вельмі рускую мову. Бо нарадзілася жанчына ва Ўфе, дзе працавалі бацькі. На гістарычную радзіму вярнулася ў дзяцінстве. Жыла ў Наваполацку. Мела свой бізнэс. Трымала некалькі крамак. Але шчасьце сваё знайшла ў гадаваньні козаў і сыраварстве.

Аксана Лашкевіч
Аксана Лашкевіч

​— Забярыце ў мяне зараз козаў — і я зачахну. Напэўна, у мінулым жыцьці я была казой. Прадаю да дваццаці пяці казьлянят у сэзон. Але дарослых козаў прадаць — я не ўяўляю. У кожнай свая гісторыя, свой характар. Я іх не прадаю.

Аксана вырабляе халумі, качоту, рыкоту, арары. Гатункі, якім не адна сотня гадоў. Але гаспадыня «Краіны мараў», экспэрымэнтуючы з беларускімі зёлкамі, стварае свае гатункі. Паверце маім рэцэптарам, яшчэ смачнейшыя за сыры з традыцыяй.

Кажуць, для шчасьця трэба няшмат. Гэта няпраўда. Трэба як мінімум знайсьці любімую справу. Некаторыя ўсё жыцьцё шукаюць безвынікова. Але гэта не пра нашу гераіню.

— Для поўнага шчасьця трэба, каб усе козы былі здаровыя. І блізкія былі здаровыя і шчасьлівыя. А ўсё матэрыяльнае — яно праходзіць. З сабой нічога не забярэш. Я ня ведаю, колькі мне засталося. Але хочацца пражыць у гармоніі з прыродай і з сабой.

Гледзячы, як Аксана корміць двух здаравенных казлоў, рудога Аганька і чорнага Марціна, мне стала сорамна перад казламі. Больш ніколі не выкарыстаю гэтае слова як лаянку.

— Марцін, хадзі сюды. Ты ж любіш цалавацца. Ён з усімі турыстамі цалуецца. Дзяўчаты ад яго бяз памяці. Я як абняла яго ўпершыню, зразумела: гэта любоў на ўсё жыцьцё. Казёл — гэта сьвятая істота. А ў нас — абзываньне.

«Утрина»

У сядзібу «Утрина», што разьлеглася на лясной паляне каля вёскі Маргі, я ехаў насьцярожаны. Ад самой назвы вее такім «рускім духам», што «нярускага чалавека» ня іначай будзе «корчить». Але насамрэч ва «Утрине» пахне ня Русьсю, а хутчэй індзейскай Амэрыкай. Гаспадар сядзібы, Раман Мельнічэнка, нарадзіўся ў Калінінградзе, жыў у Маскве. Але разам з братам і маці вярнуўся на яе радзіму, на Глыбоччыну. Каб пабудаваць гаспадарку на прынцыпах пэрмакультуры! Дзе дызайн адыгрывае ня меншую ролю за паліў і праполку. Разам з гаспадаром на паляне мяне сустрэлі некалькі нямецкіх аўчарак.

— Мы раскрываем пэрмакультуру ў вельмі шырокім паняцьці. Гэта праца ня толькі з расьлінамі, але і пэрмакультурны падыход да будаўніцтва старажытнага жытла. Індзейскія тыпі, юрты. Летам у тыпі можна жыць. У юрце — круглы год. Таксама пэрмакультурны падыход мы раскрываем у жывёлагадоўлі. Ці то свойская жывёла, ці то сабакі. Яны жывуць на самазабесьпячэньні.

— Аўчаркі забясьпечваюць нам ахову. Бо тут побач і мядзьведзі, і ваўкі бегаюць пастаянна. Лісы зусім побач жывуць. Сабакі дзеляцца зь імі сваёй ежай. Хаскі ў нас для дзяцей. Анімалатэрапія, і мы на іх катаемся.

Мы падышлі да самай касьмічнай пабудовы. Сфэрычнай канструкцыі з лазы і гліны. Калі дзе і ладзіць форумы беларуска-амэрыканскай дружбы, дык толькі на «Утрыне».

Раман Мельнічэнка
Раман Мельнічэнка

— У індзейскай лазьні камні распальваюцца на агні, а пасьля іх заносяць усярэдзіну. Гэтую лазьню індзейцы забілі для адной мэты — для ачышчэньня духу. Гэтая лазьня ня толькі для цела.

«Сястра зямлі»

Разьвітаўшыся з Раманам, я накіраваўся ў вёску Гваздова, дзе рыхтуецца да адкрыцьця яшчэ адна сядзіба — «Сястра зямлі». Яе гаспадыня, маладжавая прыгажуня, пасьвіла двух казлоў. Было відаць, што любое беларускае слова гучыць для гаспадыні як адкрыцьцё. Дом козьлікаў аказаўся такім утульным, з саломай на падлозе, з дыванкамі на сьценах. Гэтым козьлікам могуць і некаторыя людзі пазайздросьціць.

Цікава, што гэтую жанчыну я ўжо бачыў. У сваёй далёкай будбатаўскай маладосьці. У 1989 годзе ў жыцьці ўсіх савецкіх людзей адбывалася найважнейшая падзея. Першы тэлевізійны конкурс «Міс СССР». Асабліва гэтая імпрэза хвалявала салдат і сяржантаў савецкай арміі. Трансьляцыю гэтага статычнага і сумнага відовішча салдатня глядзела, як найцікавейшы матч. Бо ў тым конкурсе ўдзельнічалі прыгажуні з усіх рэспублік. Сёньня цяжка ўявіць на подыюме прыгажунь з Таджыкістану і Азэрбайджану ў бікіні. Але за мініяцюрную татарку Азізаву многія заўзелі з сымпатыі.

Вэнэра Азізава
Вэнэра Азізава

І вось Вэнэра Азізава, прыгажуня з далёкага 89-га, сядзіць перада мною. Гаспадыня сядзібы паволе адукацыі канструктар радыёэлектроннай апаратуры. Нарадзілася ў расейскай Пензе. Пасьля заваяваньня тытулаў «Міс Пенза» і «Міс Кінашанц» зьнялася ў некалькіх карцінах. Працавала фотамадэльлю ў Лёндане. Упершыню сутыкнулася зь Беларусьсю, калі рэкламавала бялізну фірмы «Мілавіца». Была замужам за ангельцам. Ад таго шлюбу ёсьць трое ўжо дарослых дзяцей. Разьвялася. Жыла ў Маскве, Пецярбургу і Злучаных Штатах. У ЗША пазнаёмілася зь беларусам, пасьпяховым чалавекам, які мае там будаўнічы бізнэс. Яны маглі застацца ў Амэрыцы, але лепшага месца на Зямлі, чым Глыбоччына, не знайшлі. І гэта ня дзівіць. Яе муж Алег цяпер у ЗША дарабляе справы.

Вельмі часта я апошнім часам чую фразу «Пара валіць». Тым прыемней чуць назіраньні Вэнэры.

— Я ніколі не адмоўлюся ад масажу, ад салёну прыгажосьці. Я ўсё знайшла ў Глыбокім. Там цудоўны салён. Басэйн у мяне — сажалка вялікая. Лазьня ў мяне ёсьць. Спорт люблю, хаджу ў ФАК. У Глыбокім шыкоўны комплекс. Горад чысты, усе прыстойна апранутыя, усе добразычлівыя, ніякай агрэсіі. Вельмі шмат людзей цікавых, самабытных. І вельмі моцна людзі адрозьніваюцца ад расейцаў. Ахайныя, працалюбівыя і эстэты. Нават старая бабуля, у якой праблемы з маторыкай, усё роўна стаіць і праполвае. Каб было прыгожа. А якія імёны тут? Клеапатра, Феліцыя, Аляўціна, Праскоўя. А цяпер яшчэ Вэнэра прыехала.

Вэнэра з мужам
Вэнэра з мужам

Вэнэра ўсур’ёз захапілася ткацтвам. Бярэ ўрокі ў Глыбоцкім доме рамёстваў. Акрамя таго, пяе ў самадзейным азярэцкім хоры беларускія песьні і вывучае народныя абрады. Неўзабаве з ЗША вернецца яе муж Алег, які дарабляе там тэрміновыя справы. І сядзіба «Сястра зямлі» будзе гатовая прыняць гасьцей. Хоць ангельскамоўных, хоць татарскамоўных.

— У нас з Алегам дасканалая ангельская. Алег яшчэ па-беларуску гаворыць, а я па-татарску. Я цяпер прыдумляю праграму на ангельскай. Зараз хочуць бязьвізавы рэжым да 10 дзён пашырыць. Ангельцы ўжо даўно б прыехалі ў Беларусь. Моўнага бар’еру з намі ня будзе. Алег паедзе іх сустрэне ў аэрапорт, прывязе. Будзем іх вазіць, знаёміць з культурай Беларусі. Я закахалася ў Беларусь. Напэўна, лягчэй закахацца ў іншую краіну, калі цябе атачаюць правільныя людзі.

«Мядзьведжы кут»

Калі езьдзіш «Вялесавым шляхам» ад адной аграсядзібы да другой, міжволі пачынаеш сябе адчуваць госьцем не агра, а самых сапраўдных шляхецкіх сядзіб. Бо іх гаспадары — людзі, як правіла, ня бедныя, агратурызм для іх — справа для душы і магчымасьць праявіць сябе цалкам. Ажыцьцявіць запаветныя мары. А калі доўга едзеш празь лясны гушчар і бачыш паказальнік на «Медвежий угол», дык падзякуеш свайму часу за аўтамабіль, у якім пачуваесься надзейней. Бо назва сядзібы не алегорыя. Кут тут сапраўды мядзьведжы. Гаспадар сядзібы Сяргей Шашок — заўзяты паляўнічы. Гэта відаць па колькасьці рагоў і чучалаў у ягонай гасьцёўні.

Калі вы бачыце расейскамоўныя шыльды на аграсядзібах, не сьпяшайцеся з высновамі. Сама прырода вымагае прыежджых людзей шукаць шляхі да Беларусі. Зрэшты, гаспадыня сядзібы, жонка Сяргея беларускамоўная Алена, не прыежджая. Яна ўраджэнка суседняй Псуі.

У «Мядзьведжым кутку» гаспадыня ўзнаўляе капішча ў гонар патрона турыстычнага каапэратыву, бога Вялеса.

— Тут будзе частакол. А ў цэнтры трохмэтровы Вялес. У вобразе мядзьведзя. Мне вельмі падабаецца гісторыя ягонага нараджэньня. Багіня Лада зьела чароўнага шчупака, кінула косткі на зямлю. Карова зьела гэтыя косткі і нарадзіла бога Вялеса. Ці то чалавека, ці то мядзьведзя, ці то быка. Пярун ды іншыя багі яго прагналі зь неба. За тое, што паклаў вока на нейкую багіню. І ён жыў сярод людзей. Цікавы быў пэрсанаж. І тут будзе стаяць ягоны ідал.

Усё ж добра, што афіцыйны «цэнтар Эўропы» прыбралі зь берага возера Шо. Сапраўдны цэнтар кантынэнту без апекі дзяржавы ператвараецца ў цэнтар вывучэньня старажытнай спадчыны. Не зьдзіўлюся, калі праз гады на капішчы «Вялесавага шляху» будуць зьбірацца аматары паганскай культуры з усёй Эўропы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG