Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторыя мелі да 90% кліентаў з Расеі». Як працуюць беларускія санаторыі пасьля закрыцьця межаў


На возеры Нарач. Ілюстрацыйнае фота

Закрыцьцё межаў у суседніх краінах зьмяніла дынаміку напаўняльнасьці ў беларускіх санаторыях на бліжэйшыя месяцы. Багата замежных гасьцей паадмаўляліся ад пуцёвак, некаторыя перанесьлі прыезд на пазьнейшы тэрмін.

«Для нашых санаторыяў гэта было вялікай нечаканасьцю»

Большасьць наведнікаў беларускіх санаторыяў складаюць расейскія турысты. Павялічыўся паток з краін Балтыі. Перадусім кліентаў прываблівае добры ўзровень мэдыцынскай базы з элемэнтамі спа-паслуг.

Праз закрыцьцё межаў беларускія здраўніцы страцілі частку кліентаў — эўрапейскія турысты анулявалі пуцёўкі на сакавік і красавік. Большасьць расейскіх турыстаў устрымліваюцца ад паездак. Расея закрыла свае межы для ўезду іншаземцаў. Грамадзяне РФ могуць пакідаць краіну і ўяжджаць у Беларусь, аднак па вяртаньні іх чакае двухтыднёвы карантын.

Прыезд у Беларусь на адпачынак стаў яшчэ больш няпростым пасьля 25 сакавіка, калі Савету Міністраў адмысловай пастановай абавязаў да 14-дзённай самаізаляцыі ўсіх, хто прыбывае ў Беларусь з краінаў, дзе «рэгіструюцца выпадкі інфэкцыі COVID-19». А гэта 198 краінаў і тэрыторыяў.

«У красавіку мы чакалі шмат турыстаў з Расеі. І калі яны пачалі масава адмаўляцца ад пуцёвак, для нашых санаторыяў гэта было вялікай нечаканасьцю, — кажа Марына Гнедая, дырэктар кампаніі „АТТ — Аўтаматызаваныя тэхналёгіі турызму“, якая адной зь першых пачала прадаваць адпачынак у беларускіх санаторыях. — Для грамадзян Расеі абмежаваньняў па перасячэньні мяжы не было. Тут кожны вырашае сам: хтосьці анулюе прыезд на чэрвень, а хтосьці і сёньня прыяжджае на ўласным аўтамабілі — пасажырапаток паміж краінамі зьнізіўся, шмат рэйсаў адменена, складана стала дабірацца. Цяпер мы з кожным турыстам дадаткова ўзгадняем, прыедзе ён ці не. Распараджэньне пакуль дзейнае да 1 мая, таму апошні веснавы месяц яшчэ застаецца».

Найбольш сытуацыя закранула здраўніцы, арыентаваныя на расейскі рынак.

«У кожнага санаторыя свая кліенцкая база, — тлумачыць Марына Гнедая. — Некаторыя прымаюць 90% нерэзыдэнтаў і толькі 10% беларусаў. Такім санаторыям цяжэй. Дзесьці наадварот — 80% кліентаў складаюць беларусы. Ёсьць санаторыі ведамасныя, створаныя для аздараўленьня супрацоўнікаў свайго прадпрыемства. Яны спакойна працуюць і нават не адчулі пяці адсоткаў нерэзыдэнтаў, якія да іх цяпер не даехалі».

Санаторый «Прыазёрны», Мядзельскі раён
Санаторый «Прыазёрны», Мядзельскі раён

«Рэзэрваваньні ​на лета не здымаюцца. Кліенты выбралі пазыцыю чаканьня»

Санаторны адпачынак — адна зь нямногіх сфэраў, дзе няма востра выяўленай сэзоннасьці. У ёй здараюцца пэрыяды павышанага попыту і меншай напаўняльнасьці, але зьвязаныя яны ня з порамі году, а з графікамі водпускаў. Наведнікі ў санаторыях ёсьць круглы год. Зімой стартавала акцыя раньняга рэзэрваваньня на летні пэрыяд.

«Рэзэрваваньні на лета не здымаюцца. Замежныя кліенты выбралі пазыцыю чаканьня. Яны спадзяюцца, што прыйдзе травень, сытуацыя наладзіцца і яны прыедуць у Беларусь адпачываць», — кажа Марына.

У кампаніі адзначаюць, што сярод кліентаў стала больш беларусаў.

«Беларусы едуць у нашыя санаторыі. Яны лічаць, што ў такі складаны час трэба знаходзіцца ў санаторыі, падвышаць імунітэт. Мы прымаем заяўкі ад турыстаў, якія не змаглі паехаць у той жа Эгіпет, Турэччыну. Яны пачынаюць рэзэрваваць беларускія санаторыі. Думаю, многія грамадзяне сёлета застануцца адпачываць унутры краіны».

Ёсьць думкі, што ў летні сэзон у сфэры санаторнага адпачынку можа ўзьнікнуць сытуацыя адкладзенага попыту. Цяпер шэраг здраўніц ідзе на дадатковае зьніжэньне цэнаў.

«Некаторыя санаторыі зьніжаюць цэны на пуцёўкі, — кажа Марына Гнедая. — Да прыкладу, „Белаграздраўніца“ на 10% зьнізіла цэны пуцёвак у сваіх санаторыях на красавік і травень. Санаторыі „Юнацтва“, „Веста“ таксама выставілі меншыя цэны для грамадзян Беларусі. Некаторыя санаторыі практыкуюць такія акцыі, як мэдыцынскія працэдуры ў падарунак пры набыцьці пуцёўкі на 12 дзён. Вядома, калі зьяўляюцца вольныя месцы, санаторыі пачынаюць рабіць захады, каб прыцягнуць да сябе кліентаў».

«Прапануем гасьцям перанесьці візыт на іншыя даты»

Санаторна-курортны комплекс «Пліса» на Віцебшчыне недалёка і ад расейскай, і ад латвійскай мяжы. Значная частка яго гасьцей — іншаземцы.

«Прыбалты першымі забілі трывогу і перасталі прыяжджаць у сувязі з каранавірусам, — камэнтуе загадчыца аддзелу рэзэрваваньня​ Алеся Сакалова. — Расейскія межы закрылі толькі для праезду іншаземцаў. Цяпер у нас ёсьць госьці з Расеі, але іх няшмат».

У санаторыі адзначаюць, што на люты і сакавік у іх не было вольных месцаў. З пагаршэньнем сытуацыі з каранавірусам, яшчэ да закрыцьця межаў, пачаліся адмовы. Большасьць прыпала на сакавік і красавік.

«Мы сутыкнуліся з адмовамі. Складана, але вяртаем грошы, — кажа Алеся Сакалова. — Мы прапануем гасьцям перанесьці візыт на іншыя даты. У нас таксама ёсьць магчымасьць замарозіць унесеныя перадаплатай грошы, і наш госьць зможа прыехаць і скарыстаць тарыф цягам трох наступных гадоў. Мы зрабілі шмат захадаў, каб утрымаць кліента і не падвесьці сябе да банкруцтва. Частка гасьцей згаджаецца, разумее наша становішча. Частка настроеная катэгарычна супраць».

Рэзэрваваньне лета запаволілася. Аднак адпачынкаў, заплянаваных на летні сэзон, ніхто не адмяняе.

«Многія нашыя суседзі ў чаканьні, — тлумачыць прадстаўніца „Плісы“. — Эўропа не рэзэрвуе, Расея пакрысе прыглядаецца да другой паловы чэрвеня, ёсьць замовы на ліпень, жнівень. Мы спадзяёмся на лепшае і на тое, што ўсе рэзэрваваньні застануцца на месцы».

У санаторыі гавораць пра пераарыентацыю рынку: больш прыяжджаюць зь Менску і іншых гарадоў Беларусі, каб ізалявацца. Для беларускіх кліентаў увялі зьніжкі.

«Цяпер многія працуюць дыстанцыйна, з дому. Можна працаваць дыстанцыйна, але з санаторыя, пад наглядам дактароў. У нас закрытая тэрыторыя. Санаторый узмацніў захады бясьпекі ў сувязі з каранавірусам».

Тым ня менш недахоп замежных турыстаў адчувальны.

«Да гэтага моманту мы былі загружаныя на 85%. Цяпер занята 60–68% санаторыя, — кажуць у „Плісе“. — Беларусы ня вельмі звыклыя да адпачынку ў нашых санаторыях, ня ведаюць пра нашыя магчымасьці».

«Калі закрыліся межы, пайшлі суцэльныя адмовы»

«Вядома, сытуацыя з каранавірусам нас закранула, — камэнтуе мэнэджар санаторна-аздараўленчага комплексу „Веста“ на Меншчыне Алена Шашолка. — Мы арыентаваныя ў асноўным на расейскі рынак. 70% нашых кліентаў — расейцы».

У санаторыі адзначаюць, што ўвесну сытуацыя па напаўняльнасьці выглядала надзвычай станоўча. Перад вакацыямі было шмат браніровак на адпачынак зь дзецьмі.

«Калі закрыліся межы, пайшлі суцэльныя адмовы, — кажа Алена Шашолка. — Прыкладна 10% турыстаў перанесьлі тэрміны знаходжаньня. Мы іх проста ўгаворвалі. Некаторыя былі ня супраць прыехаць, але ўзьніклі транспартныя пытаньні. Большасьць настойвала на скасаваньні прыезду, і мы вярталі грошы».

Каб прыцягнуць кліентаў, санаторый пайшоў на паніжэньне цэнаў. Аднак паток беларусаў пакуль не павялічыўся. Цяпер санаторый заняты на 15%. Пры гэтым нумарны фонд разьлічаны на 375 ложка-месцаў.

«Мы спадзяёмся, што ў красавіку гэта ўсё скончыцца. Межы адкрыюць, і ўсё пакрысе запрацуе ў звыклым рытме», — кажа Алена.

Па яе словах, рэзэрваваньні на летнія месяцы засталіся. Турысты чакаюць і не адмяняюць прыезду.

«Што будзе ў наступным месяцы, пакуль не зразумела»

Ад агульнай колькасьці адпачывальнікаў у санаторыі «Радон» на Горадзеншчыне грамадзяне іншых краін складалі 60–70%. Зь іх 95% — расейцы, астатнія пяць — жыхары Прыбалтыкі, Нямеччыны, Ізраілю. «Радон» уваходзіць у сетку санаторыяў «Белаграздраўніцы».

Санаторый «Радон»
Санаторый «Радон»

«Як толькі пачалі закрываць межы, у нас зьявілася новая праца — вяртаць грошы па ўсіх адмовах, — кажа загадчыца аддзелу маркетынгу санаторыя „Радон“ Алена Камароўская. — Некаторыя госьці згадзіліся перанесьці адпачынак на асеньні пэрыяд — на верасень-кастрычнік. Большасьць расейскіх грамадзян адмовілася ад пуцёвак на канец сакавіка — пачатак красавіка. Частка турыстаў прыехала, пераважна зь невялікіх гарадоў Маскоўскай вобласьці».

Да канца сакавіка санаторый загружаны на 60%.

«Што будзе ў наступным месяцы, пакуль не зразумела. Колькасьць захварэлых на каранавірус у Эўропе расьце кожны дзень, — кажа Алена. — Не зразумела, як будуць разьвівацца падзеі ўнутры нашай краіны. Самае складанае — няпэўнасьць у тым, што будзе заўтра. Як складзецца сытуацыя з пандэміяй, наколькі матэрыяльна будзе забясьпечана насельніцтва, як будуць працаваць прадпрыемствы, малы і сярэдні бізнэс. Тут шмат фактараў, і нашая праца ад гэтага залежыць».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG