Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы ня едуць, а нас адпраўляюць на палову стаўкі». Што адбываецца ў беларускіх санаторыях, дзе да паловы пуцёвак набывалі расейцы?


Санаторый «Прыазёрны» на Мядзельшчыне, фота з афіцыйнага сайту санаторыю

Традыцыйна турысты з Расеі былі сталымі наведнікамі беларускіх санаторыяў. Пандэмія можа падарваць і гэты бізнэс.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Адна надзея на беларусаў»

Санаторый «Юнацтва» — пад Менскам, на беразе гэтак званага Менскага мора. 20% зьніжкі прапануюць тут тым, хто набудзе пуцёўку і прыедзе на лячэньне да 30 красавіка.

Санаторый «Юнацтва» пад Менскам
Санаторый «Юнацтва» пад Менскам

«Гэта з прычыны каранавірусу, бо ўпаў попыт. Расейцы амаль зусім ня едуць, дажываюць тыя, хто прыехаў раней. Цяпер адна надзея на беларусаў, але іх таксама стала меней. Едуць толькі тыя, хто ні на што не зьвяртае ўвагі», — так патлумачыла супрацоўніца санаторыя Марына.

26 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Беларусі пастанавіла, што ўсе грамадзяне, якія прыбываюць з краін, дзе ёсьць выпадкі каранавірусу, мусяць самаізалявацца ў хатнім карантыне на 14 дзён. Гэта тычыцца і Расеі, дзе на 26 сакавіка зарэгістравана 840 выпадкаў захворваньня.

Санаторый «Сосны» — каля Нарачы ў Мядзельскім раёне. Супрацоўніца аддзелу браніраваньня Тацяна таксама скардзіцца на сытуацыю: расейцаў амаль няма, пачалі адмаўляцца ад броні і ня едуць тыя, хто раней заплянаваў паездку ў Беларусь. Асноўныя прычыны дзьве. Першая — боязь, што сытуацыя пагоршыцца і могуць не ўпусьціць назад у Расею. І другая — шмат каму «не далі дазволу на працы».

Санаторый «Сосны», фота з афіцыйнага сайту санаторыю
Санаторый «Сосны», фота з афіцыйнага сайту санаторыю

«У Расеі ўвялі правіла, што кожны, хто прыяжджае з-за мяжы, у тым ліку зь Беларусі, мусіць 2 тыдні прабыць на хатнім карантыне. Але хто будзе аплачваць той карантын? Некаторыя працадаўцы адмаўляюцца. Кажуць працаўнікам, што тыя за свой кошт будуць на карантыне. Вось нашы кліенты з Расеі і пачалі адмаўляцца ад броні. Да таго ж стала складана дабрацца. Хто можа на сваім аўтамабілі даехаць, той едзе, а іншыя палохаюцца. Карацей, справы ідуць дрэнна. Сказалі, што перавядуць нас на 50% заробку, бо працэнтаў на 60% запоўнены санаторый ужо цяпер, а што будзе ў красавіку — не ўяўляем», — кажа Тацяна.

У «Соснах» да каранавірусу палова наведнікаў была з Расеі. У асноўным гэта людзі ўзростам за 50 год зь сярэднім узроўнем прыбытку.

«Санаторыі працуюць, але турыстаў усё менш»

А якая сытуацыя ў санаторыі «Альфа Радон» на Горадзеншчыне? Ён нашмат даражэйшы і шмат каму зь беларусаў не па кішэні. Размаўляю з супрацоўніцай санаторыя Аксанай.

Санаторый «Альфа Радон», фота з афіцыйнага сайту санаторыю
Санаторый «Альфа Радон», фота з афіцыйнага сайту санаторыю

«Абстаноўка даволі спакойная. Праводзяцца дадатковыя эпідэміялягічныя мерапрыемствы. Мы не прымаем гасьцей з краін, якія прызнаныя небясьпечнымі. Расея ў іх лік не ўваходзіць, пакуль зь яе прыяжджаць можна. Але ў нас цяпер адпачываюць у асноўным беларусы і толькі некалькі чалавек з Расеі», — сказала Аксана.

Паводле яе, пэўныя патрабаваньні да расейскіх турыстаў, якія жадаюць пралячыцца ў санаторыі «Альфа Радон», таксама былі. Найперш расейскага турыста правяралі на тое, ці ня быў ён цягам мінулых 14 дзён у небясьпечных краінах.

«Проста па пашпарце гэта правяралі і калі бачылі штамп, прыкладам, з Італіі, дык не засялялі. А яшчэ правяралі тэмпэратуру», — кажа Аксана.

Яшчэ адзін папулярны санаторый на Мядзельшчыне, «Прыазёрны», разьлічаны на 400 чалавек.

Санаторый «Прыазёрны», фота з афіцыйнага сайту санаторыю
Санаторый «Прыазёрны», фота з афіцыйнага сайту санаторыю

«Можа, палову месцаў запоўняць расейцы, дык цяпер іх ёсьць толькі чалавек 30. Але і беларусаў меней», — сказала супрацоўніца санаторыя.

Каб спраўдзіць, ці адпавядаюць гэтыя лічбы агульнай тэндэнцыі на зьмяншэньне плыні расейскага турызму, зьвяртаюся да аднаго з найбуйнейшых турапэратараў краіны, арганізацыі «Цэнтркурорт», якая падпарадкоўваецца Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта. Але супрацоўніцы аддзелу продажу пуцёвак камэнтаваць сытуацыю адмовіліся. Пісьмовая заяўка ў «Цэнтркурорт» пакуль таксама засталася без адказу.

Тым часам у аналягічнай арганізацыі — «Белпрафсаюзкурорт», якая аб’ядноўвае 13 санаторыяў Беларусі, — паведамілі, што тэндэнцыя на спад санаторнага турызму з Расеі сапраўды ёсьць і яна павялічваецца.

«Нашы санаторыі працуюць, але менш турыстаў, у тым ліку з Расеі. І ўсё ж едуць і адтуль. Вось ведаю, учора ў санаторый „Прыдняпроўскі“ пад Рагачовам засяліліся адразу 10 расейскіх турыстаў. Звычайна ў нас з Расеі турыстаў больш за палову, працэнтаў пад 60–70, бо ў нас кошты ніжэйшыя, ім выгадна. І лекарам нашым яны давяраюць, нават больш, чым сваім. Але цяпер расейцаў усё меней, ужо менш за 50%. Перашкод усё больш, дык можна чакаць чаго заўгодна», — губляецца ў прагнозах супрацоўніца «Белпрафсаюзкурорта».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG