Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы, аплікацыі, гарачыя лініі. Як ўрады ў Эўропе дбаюць пра грамадзян падчас пандэміі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На прыкладах Эстоніі, Ісьляндыі, Вялікай Брытаніі і Польшчы Свабода тлумачыць, як эўрапейскія ўрады рэагуюць на пандэмію і даюць сваім грамадзянам усю неабходную інфармацыю.

Незалежна ад эканамічнай сытуацыі, усе названыя дзяржавы штодня інфармуюць грамадзянам пра сытуацыю, зьвязаную з пандэміяй каранавірусу.​

Эстонія

У Эстоніі ўсю неабходную інфармацыю пра пандэмію публікуюць на сайце Мінстэрства аховы здароўя. Ён даступны на трох мовах — эстонскай, ангельскай і расейскай. На сайце ў фармаце пытаньне-адказ вельмі падрабязна і даступна тлумачаць каля сотні тэмаў, зьвязаных з каранавірусам: ад правілаў перамяшчэньня да лекаваньня ў хатніх умовах.

Калі ўзьнікаюць пытаньні, урад заклікае зьвяртацца на адмысловы электоронны адрас, на спэцыяльную тэлефонную гарачую лінію аб каранавірусе, на інфалінію для сямейных лекараў.

Пазнаёміцца са статыстыкай можна на адмысловым сайце KoroonaKaart, які дзейнічае ў рэжыме інтэрактыўнай мапы.

Інфармацыю на ёй абнаўляюць штодня а 7.00 раніцы. Статыстыка датычыць тэставаньня, хваробаў і сьмерцяў. Яна вельмі падрабязная: паводле рэгіёну, узросту, полу. На сайце працуе таксама чат-бот, які адказвае на пытаньні.

Ісьляндыя

У Ісьляндыі для інфармаваньня пра бягучую сытуацыю, апрача сайтаў Міністэрства здароўя і Дэпартамэнту грамадзянскай абароны і кіраваньня надзвычайнымі сытуацыямі, створаны адмысловы сайт — covid.is.

На ім можна знайсьці канкрэтную інфармацыю пра захворваньне, групы рызыкі, абвесткі дзяржаўных органаў, парады турыстам, мапы найбольш небясьпечных рэгіёнаў, а таксама інструкцыі аб самаізаляцыі, карантыне.

Сайт даступны на васьмі мовах — ад ангельскай да польскай, літоўскай і фарсі. Трэба дадаць, што гэта не аўтаматычны пераклад, а адмыслова падрыхтаваны прафэсійнымі перакладнікамі. Для тых, хто ня можа чытаць, ёсьць аўдыёдапаможнік.

На сайце ёсьць пералік недзяржаўных арганізацыяў, якія дапамагаюць ураду.

Статыстыку абнаўляюць штодня а 13.00 мясцовага часу. Гэта вельмі падрабязная інфармацыя пра колькасьць тэстаў, інфікаваных, ізаляваных, асобаў у карантыне, памерлых, шпіталізаваных, хворых у рэанімацыі і акрыялых.

Інфармацыя дасканала клясыфікуецца паводле полу, узросту, гораду, рэгіёну, нават паходжаньня інфэкцыі.

Польшча

У Польшчы галоўным рэсурсам для інфармацыі пра пандэмію ёсьць сайт ураду на чатырох мовах: польскай, ангельскай, расейскай і ўкраінскай.

На сайце даступныя галоўныя адказы і пытаньні пра каранавірус, нумар гарачай лініі, сьпіс шпіталёў, а таксама разьдзелы для тых, каму трэба дапамога, і для валянтэраў, якія хочуць дапамагчы іншым.

Зьмешчаныя інструкцыі для бацькоў, школьнікаў, прадпрымальнікаў, людзей сталага веку, турыстаў. Ёсьць на сайце і асобны разьдзел, дзе зьняпраўджваюць чуткі і фэйкі.

Штодня зранку на сайце абнаўляецца мапа захворваньняў ва ўсёй краіне з інфармацыяй пра колькасьць сьмерцяў.

Урад распрацаваў таксама праграму для смартфонаў «Хатні карантын», якая дапамагае бясьпечна прайсьці 14-дзённы працэс самаізаляцыі. Аплікацыя спрашчае забесьпячэньне людзей, якія ня могуць пакідаць памяшканьня, неабходнымі прадуктам. Пры дапамозе праграмы можна пацьвердзіць сваё месца знаходжаньня.

Вялікая Брытанія

У Злучаным Каралеўстве галоўныя рэсурсы для людзей, якія шукаюць інфармацыю і парады падчас эпідэміі, — сайты ўраду і Нацыянальнай службы аховы здароўя.

На сайце ўраду кожны наведнік спачатку бачыць галоўныя парады: заставацца дома, выходзіць на вуліцу толькі ў выключных выпадках, трымаць на вуліцы дыстанцыю 2 мэтры ад іншых мінакоў, мыць рукі, унікаць сустрэчаў. Публікуюць аб’явы для розных групаў людзей, апошнія навіны, у тым ліку пра грашовую дапамогу для самазанятых грамадзян, вымушаных застацца дома бяз сродкаў для існаваньня. Дапамогу ў памеры 2,500 фунтаў атрымаюць мільёны людзей цягам трох месяцаў.

Наўпрост праз сайт можна падпісацца на электронную рассылку. Урад паведаміць новую інфармацыю пра пандэмію. Праз фармуляр на сайце можна прапанаваць дапамогу іншым і даведацца, як гэта зрабіць максымальна бясьпечна.

На сайце працуе інтэрактыўная мапа, дзе штодня дадаецца інфармацыя пра новыя захворваньні і сьмерці ва ўсіх рэгіёнах.

Сайт Нацыянальнай службы аховы здароўя зьмяшчае інструкцыі і парады ў выглядзе пытаньняў і адказаў, нават самых падрабязных. Кожнаму наведніку сайту, які мае сымптомы каранавірусу, раяць прайсьці невялікі тэст і пазначыць сваё месца знаходжаньня, каб служба аховы здароўя ведала пра кожны падобны выпадак.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG