Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СOVID-19 у Чэхіі: там, дзе ёсьць інфармацыя, няма панікі


Мэтро ў Празе

Як мае выглядаць інфармацыя пра пандэмію ў цывілізаванай эўрапейскай краіне. Распавяду пра Чэхію, дзе я жыву.

Міністэрства аховы здароўя абнаўляе інфармацыю тры разы на дзень: 8:30, 18:30, 0:30. Па краіне і па рэгіёнах. Па ўзроставых катэгорыях. Па полу (мужчыны-жанчыны).

Штодня, часам і некалькі разоў на дзень, праходзіць урадавая прэс-канфэрэнцыя з жывой трансьляцыяй па агульнанацыянальным тэлебачаньні.

Дадзеныя па Чэхіі па стане на сёньняшнюю раніцу: праведзена тэстаў 60990, пацьверджана хворых з дыягназам каранавірус — 3604, паправіліся 61, памерлі 40.

Інфармацыя па гэтай краіне можа быць паказальнай, таму што насельніцтва Чэхіі параўнальнае зь беларускім — 10 мільёнаў. Ад 12 сакавіка ў краіне абвешчана крызіснае становішча, фактычна абмежаваны карантын.

Акрамя таго, на сайце Міністэрства аховы здароўя даступная інфармацыя:

  • сьпіс пунктаў тэставаньня
  • графік пацьверджаных выпадкаў COVID 19
  • колькасьць шпіталізаваных, іх стан

разьмеркаваньне ахоўнага матэрыялу па сталіцы і рэгіёнах (краі), у тым ліку:

  • акуляры
  • дэзынфэкцыя
  • маскі
  • рэсьпіратары
  • рукавіцы
  • шчыты для твару
  • камбінэзоны
  • бахілы на абутак
  • камплекты для тэставаньня
  • хуткасныя тэстэры

(Прэсавая канфэрэнцыя па стане эпідэміі ў Чэскай рэспубліцы. На першым пляне (справа налева) міністр аховы здароўя Чэхіі Адам Войцех і яго намесьнік, прафэсар-эпідыміёляг Раман Прымула.)

Напрыклад па Празе разьмеркавана: 2 мільёны масак, 924 тысяч рэсьпіратараў, каля 40 тысяч ахоўных камбінэзонаў.

1 красавіка была прэзэнтаваная сьвежая чэская статыстыка, як уплываюць меры карантыну на Ro — базавую рэпрадукцыйную лічбу эпідэміі (сярэдняя лічба людзей ва ўразьлівай папуляцыі, якіх заражае адзін інфікаваны). Да 12 сакавіка — Ro складала 2,64. Праз дзень пасьля ўвядзеньня крызіснага становішча і закрыцьця школ Ro 1,84. Пасьля 16 сакавіка (абмежаваньня вольнага перамяшчэньня асоб, абавязковае нашэньне масак у транспарце і крамах) Ro складае 1,2.

Асабліва ўважліва адсочваецца адзін паказчык: працэнт пазытыўных тэстаў з агульнай колькасьці пратэставаных пацыентаў. Чэскі эпідэміёляг Раман Прымула назваў актуальную лічбу 6,1 працэнта, паводле яго гэта «лічба надзеі» (то бок са 100 тэстаў прыблізна 6 даюць станоўчы вынік). У Італіі гэта лічба для параўнаньня складае 20 працэнтаў.

Там, дзе ёсьць інфрамацыя, няма панікі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG