Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як лечаць ад каранавірусу ў Беларусі і за мяжой. Расказваюць лекары і хворыя


Людзі, які знаходзяцца на хатнім карантыне ў Бэльгіі
Людзі, які знаходзяцца на хатнім карантыне ў Бэльгіі

У Беларусі ўсіх хворых на каранавірус шпіталізуюць на два тыдні мінімум. Нават калі ў чалавека няма сымптомаў. А вось у за мяжой у шпіталі трапляюць толькі цяжка хворыя, а большасьць людзей знаходзіцца на хатнім карантыне.

Свабода пагаварыла з бэльгійскім лекарам і валянтэрам Чырвонага Крыжа з Ісьляндыі, каб даведацца, як лечаць у іх ад COVID-19.

Бэльгія: аповед лекара, які захварэў на каранавірус

Брыгада мэдыкаў шпіталя Erasme Hospital у Брусэлі. Яны перавозяць людзей, хворых на каранавірус
Брыгада мэдыкаў шпіталя Erasme Hospital у Брусэлі. Яны перавозяць людзей, хворых на каранавірус

П’еру Кабаро (Pierre Cabaraux) 30 гадоў. Ён нэўроляг. Раз на тыдзень П’ер дзяжурыць у брыгадзе хуткай дапамогі. Ён лічыць, што падхапіў каранавірус ад кагосьці з пацыентаў падчас сваёй зьмены.

«Мэдыкі — найбольш уразьлівая катэгорыя для COVID-19, — кажа па тэлефоне П’ер. — Я думаю, працэнтаў 80 ад усіх супрацоўнікаў шпіталяў так ці інакш перахварэлі ці перахварэюць на каранавірус».

Тыдзень таму ў яго было чарговае дзяжурства. Неўзабаве зьнікла пачуцьце смаку і нюх. Гэта адныя з прыкметаў заражэньня каранавірусам. Ён зрабіў тэст, які пацьвердзіў COVID-19.

Іншых прыкметаў, акрамя страчаных пачуцьцяў, у П’ера няма. А таму ён цяпер проста знаходзіцца на хатнім карантыне. Мае тэлефон лекара, з кім можа пракансультавацца пра свой стан. У шпіталь у Бэльгіі кладуць толькі людзей з вострай формай захворваньня на COVID-19. Напрыклад, калі ў чалавека пнэўманія.

«Ніякага лячэньня для майго стану хваробы няма. А таму сэнсу класьці ў шпіталь таксама няма», — кажа П’ер.

Пакупнік які прыйшоў у краму ў Брусэлі. Для наведнікаў, старэйшых за 65 год, супэрмаркеты адкрываюцца на гадзіну раней
Пакупнік які прыйшоў у краму ў Брусэлі. Для наведнікаў, старэйшых за 65 год, супэрмаркеты адкрываюцца на гадзіну раней

П’ер жыве разам зь дзяўчынай, якая аўтаматычна прыраўноўваецца да заражанай COVID-19. Адпаведна, яна таксама знаходзіцца на хатнім карантыне і не выходзіць з дому.

Хатні карантын у Бэльгіі ніхто не пільнуе. Заставацца дома, каб не распаўсюдзіць хваробу, мусяць самі людзі. Гэта на іхным сумленьні. Штрафаў за парушэньне рэжыму, як у іншых краінах, тут не ўвялі. Прынамсі пакуль.

Але цяпер у Бэльгіі ўведзены двухтыднёвы карантын для ўсіх грамадзянаў. Улады просяць, каб усе жыхары краіны бязь лішняй патрэбы не выходзілі на вуліцу. Выключэньне зрабілі толькі, каб схадзіць у краму ці прынесьці харчоў старэйшым сваякам, каб тыя не выходзілі з дому.

«Рэкамэндавана не выходзіць з дому больш як на адну гадзіну. Але і хадзіць асабліва няма куды. Школы і рэстарацыі закрытыя. Ніякіх актыўнасьцяў не адбываецца», — кажа П’ер.

Цяпер у Бэльгіі больш за 9 тысяч пацьверджаных выпадкаў каранавірусу (па стане __ сакавіка). Але папраўдзе інфікаваных людзей нашмат болей, кажа П’ер. Проста цяпер тэст ня робіцца ўсім запар людзям. Толькі тым, хто мае сымптомы. А таксама лекарам і ўсяму пэрсаналу шпіталяў.

Карантын П’еру далі на 7 дзён. 23 сакавіка ў яго пацьвердзілі каранавірус, і ўжо 30 сакавіка ён мусіць вярнуцца на працу. Але абавязковая ўмова — насіць маску яшчэ цягам тыдня. Пры гэтым паўторны тэст на каранавірус у яго браць ня будуць.

Ісьляндыя: толькі 2% усіх хворых шпіталізаваныя, рэшта застаецца на хатнім карантыне

Прыватная кампанія Decode Genetics праводзіць масавае тэставаньне жыхароў Ісьляндыі на COVID-19
Прыватная кампанія Decode Genetics праводзіць масавае тэставаньне жыхароў Ісьляндыі на COVID-19


Гэтая найбольш аддаленая краіна Эўропы мае свой падыход да змаганьня з каранавірусам. Пра гэта Свабодзе расказала Аўроўра Ґустафстоўхтыр (Áróra Gústafsdóttir), валянтэрка Чырвонага Крыжа ў Рэйк’явіку.

— Як вызначаюць людзей, хворых на COVID-19? І якіх людзей шпіталізуюць?

— Калі ў чалавека гарачка, тэмпэратура 38,5 градуса, і дадаткова яшчэ сухі кашаль, яму зробяць тэст на каранавірус.

У шпіталь трапляюць цяжка хворыя людзі, асабліва калі яны маюць яшчэ нейкае хранічнае захворваньне. Напрыклад, сардэчныя хваробы, дыябэт ці астму.

Каранавірус цяпер (па стане на 27 сакавіка. — РС) пацьверджаны ў больш як 800 чалавек. І толькі 17 зь іх шпіталізаваныя. Цяжкі стан маюць 3 чалавекі.

— Значыць, тэсты робяць толькі тым, хто мае выразныя сымптомы?
— Людзям з выразнымі сымптомамі робяць тэст бясплатна ў шпіталі. Але любы ахвочы можа сам зрабіць тэст на каранавірус у біятэхнічнай кампаніі DeCode Genetics. Яны цяпер бясплатна тэстуюць да 1000 чалавек штодзень. На сёньня ўжо каля 4% насельніцтва праверылі на каранавірус.

— Выходзіць, што ў шпіталях знаходзяцца ня больш як пару адсоткаў ад усіх хворых. Які даглядаюць астатніх?

— Мая сяброўка хварэе на каранавірус і застаецца дома. Калі ў яе былі больш выразныя сымптомы вострай рэсьпіраторнай хваробы, лекар званіў ёй кожны дзень і пытаўся пра стан здароўя. Цікавіўся, ці не патрэбна ёй шпіталізацыя. Калі ёй палепшала, лекар стаў званіць празь дзень.

Яна ўжо правяла 10 дзён дома. Пасьля таго, як зьнікнуць сымптомы, яна мусіць яшчэ тыдзень пабыць у самаізаляцыі.

— А потым ёй будуць рабіць тэст на COVID-19, каб пераканацца, што яна ўжо здаровая?

— Лекары другі раз тэсту ня робяць. Толькі калі яна сама захоча зрабіць тэст у Decode Genetics.

— Якія абмежаваньні для хворых на каранавірус, якія застаюцца дома?

— Яна ня можа бачыцца зь іншымі людзьмі. Нават у краму хадзіць нельга — трэба карыстацца дастаўкай ежы. Можна карыстацца аўтамабілем і выходзіць на вуліцу, але забаронена размаўляць зь людзьмі.

Таксама абмежаваньні ёсьць і для людзей, якія прылятаюць з-за мяжы. Мая сястра і яе муж вярнуліся нядаўна ў Ісьляндыю, і таму яны абавязаныя застацца ў хатнім карантыне на два тыдні. Яе сын і ўнук мусілі або зьехаць з кватэры, дзе яны разам жылі, альбо заставацца там і пры гэтым таксама выконваць правілы хатняга карантыну.

— А як каранавірус перажывае астатняя краіна?

— Урад імкнецца абараніць найперш старых, бо яны больш уразьлівыя да вірусу. Крамы пачалі адкрывацца на гадзіну раней, каб у гэты час там маглі бясьпечна купіць патрэбнае старыя.

У нас вельмі шмат адкрытай інфармацыі. Штодня а 13-й гадзіне ўлады праводзяць публічную нараду аб каранавірусе ў краіне. Вядома, у колькіх людзей выявілі каранавірус, колькі пазначылі, што знаходзяцца на карантыне, колькі людзей здалі тэсты на COVID-19. Да гэтага ў нас вельмі сур’ёзна ставяцца.

Беларусь: у шпіталі кладуць тысячы людзей, у каго няма каранавірусу

Футбольны матч у Жодзіне 27 сакавіка 2020 года. Беларусь - адзіная краіна ў сьвеце, дзе ня спынены футбольны чэмпіянат
Футбольны матч у Жодзіне 27 сакавіка 2020 года. Беларусь - адзіная краіна ў сьвеце, дзе ня спынены футбольны чэмпіянат

У Беларусі зусім па-іншаму змагаюцца з каранавірусам. Калі за мяжой у шпіталі трапляюць толькі цяжка хворыя, дык у Беларусі ў шпіталі кладуць нават людзей без сымптомаў. І нават тых, хто не заражаны каранавірусам.

Напрыклад, 23 сакавіка паведамлялася, што ў шпіталях знаходзіліся 59 чалавек, у каго выявілі каранавірус. Таксама ў шпіталях пад мэдыцынскім наглядам у гэты ж час знаходзіліся яшчэ 1100 «кантактаў першага ўзроўню». Гэта тыя людзі, хто непасрэдна кантактаваў з хворымі.

Калі ніякіх сымптомаў хваробы няма (а ў большасьці каранавірус працякае акурат без сымптомаў), то пацыентаў ніяк і ня лечаць. Людзі проста жывуць два тыдні ў шпіталі пад назіраньнем лекараў.

Як пішуць заражаныя каранавірусам, якія трапілі ў інфэкцыйны шпіталь у Менску, іх проста штодня наведвае лекар, мераюць тэмпэратуру. Калі ў кагосьці пачынае балець горла, падымаецца тэмпэратура, тады мэдыкі даюць лекі ад гэтых сымптомаў: сродкі для паласканьня ці парацэтамол ад тэмпэратуры.

Таксама рэгулярна бяруць мазкі, каб зрабіць тэст на каранавірус. Абавязкова перад выпіскай у пацыента мусіць быць некалькі адмоўных тэстаў.

Нямеччына. Шпіталь — гэта дарагая забава

Дактары вывучаюць новыя апараты для вэнтыляцыі лёгкіх у шпіталі горада Гамбург
Дактары вывучаюць новыя апараты для вэнтыляцыі лёгкіх у шпіталі горада Гамбург

У Нямеччыне такая ж сытуацыя, як і ў Бэльгіі і Ісьляндыі. У шпіталі прывозяць толькі цяжка хворых людзей. Пра гэта Свабодзе расказаў беларускі кардыёляг Сяргей, які працуе ва ўнівэрсытэцкай клініцы ў горадзе Аахэн — адным з найбуйнейшых шпіталяў Эўропы.

«Таму што шпіталь — гэта дарагая забава, — кажа Сяргей. — Туды трапляюць людзі з дыхальнай недастатковасьцю, каму сапраўды патрэбна мэдыцынская дапамога».

Людзі без сымптомаў і кантакты першага ўзроўню ў Нямеччыне застаюцца на хатнім карантыне. Праз 14 дзён пасьля пачатку карантыну дахаты прыяжджаюць мэдыкі і робяць тэст на каранавірус. Калі ён адмоўны, то з чалавека здымаюць падазрэньні і больш за ім не назіраюць.

«Кантактныя асобы павінны быць проста ў карантыне, — кажа Сяргей. — Бо калі ўсіх класьці ў шпіталі, яны адразу запоўняцца. Гэта няправільна. Потым ня будзе дастаткова месцаў для шпіталізацыі людзей, якім сапраўды патрэбна мэдыцынская дапамога».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG