Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера «Шэрага ката» асудзілі яшчэ на 15 сутак за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй


Зьміцер Казлоў, аўтар каналу «Шэры кот»
Зьміцер Казлоў, аўтар каналу «Шэры кот»

Блогера Зьмітра Казлова, вядомага як «Шэры кот», трэці раз запар пакаралі арыштам на 15 сутак за сьнежаньскія акцыі пратэсту, піша ягоная знаёмая Паліна Сьцепаненка.

Паводле Сьцепаненкі, адвакатка блогера 14 студзеня даведалася, што днём раней Казлова зноў судзілі, пакуль ён быў за кратамі ў Воршы. Ніхто зь ягоных знаёмых ці прадстаўнікоў аб працэсе ня ведаў.

На Казлова агулам склалі 6 пратаколаў, яго яшчэ чакае працэс 27 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Менску. Караюць як за ўдзел у акцыях, так і за распаўсюд інфармацыі пра іх на Youtube і ў Telegram.

«Сам ён сказаў: „Чакайце на майскія“, — расказала Сьцепаненка Свабодзе. — Абскарджваць, нічога ня будзе: прызнае і ўдзел у акцыях, і распаўсюд інфармацыі ў сацыяльных сетках».

Казлоў перастаў выходзіць на сувязь 26 сьнежня 2019 году. Паплечнікі па «Эўрапейскай Беларусі» кажуць, што пяць дзён спрабавалі даведацца ў праваахоўнікаў, ці не затрымлівалі Казлова. Яго павінны былі судзіць 30 сьнежня ў судзе Ленінскага раёну Менску, і толькі ў той дзень высьветлілася, што блогера затрымалі 25-га і пасадзілі на 15 сутак у ізалятар у Воршы. Ён меў выйсьці на волю 9 студзеня, але высьветлілася, што яго судзілі яшчэ раз, пакуль ён адбываў пакараньне.

Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі за акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй прысудзілі ня менш за 66,5 тысячы рублёў штрафаў, некаторых актывістаў садзілі пад арышт нават на Новы год. Паўла Севярынца, які заклікаў на менскія акцыі, пакаралі 45 суткамі арышту і штрафам у 2625 рублёў. Пасьля «навагодняга» арышту яго выпусьцілі, але могуць забраць за краты ў любы момант.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG