Лінкі ўнівэрсальнага доступу

146 800 рублёў штрафаў за мітынгі, нуль новых палітвязьняў. «Вясна» падвяла вынікі 2019 году


Міліцыянт падчас ператрусу ў офісе тэлеканалу «Белсат» у Менску, 9 красавіка 2019 году
Міліцыянт падчас ператрусу ў офісе тэлеканалу «Белсат» у Менску, 9 красавіка 2019 году

Праваабарончы цэнтар «Вясна» падрыхтаваў аналітычны агляд сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2019 годзе. Як пішуць праваабаронцы, нягледзячы на «нязначнае зьніжэньне» агульнага ўзроўню рэпрэсіяў у параўнаньні з 2018 годам, цягам 2019-га «не адбылося істотных сыстэмных зьменаў у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў».

За 2019 год:

  • 7 чалавек зазналі палітычна матываваны крымінальны перасьлед (Марына Золатава, Сяргей Пятрохін, Аляксандар Кабанаў, Андрэй Павук, Майсей і Дзяніс Мазько, Зьміцер Паліенка).
  • Трое зь іх (Золатава, Пятрухін, Паліенка) былі асуджаныя да пакараньняў, не зьвязаных з пазбаўленьнем волі.
  • Нуль новых палітвязьняў за год, хоць за кратамі застаўся Міхаіл Жамчужны, а Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік засталіся пакаранымі «хатняй хіміяй».
  • Выбары ў Палату прадстаўнікоў не былі прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі як незалежнымі беларускімі, так і міжнароднымі назіральнікамі ад АБСЭ; падчас выбараў не было «істотнага росту рэпрэсіяў», але пасьля пачалося павелічэньне колькасьці палітычна матываваных адміністрацыйных спраў.
  • Ня менш за 162 пастановы адносна 121 чалавека цягам 2019 году былі складзеныя за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў», у 13 выпадках за гэта пакаралі арыштам. Таксама ў сувязі з вулічнымі акцыямі пратэсту 3 чалавек прыцягнулі да адказнасьці за «непадпарадкаваньне службовай асобе», 16 чалавек у 25 выпадках — за «дробнае хуліганства» (зь іх двух пакаралі арыштам), 11 чалавек у 44 выпадках аштрафавалі за парушэньне правілаў дарожнага руху. Сумарна за акцыі пратэсту пакаралі ня менш як 151 чалавека паводле 234 пратаколаў — штрафы склалі ня менш за 146 800 рублёў, актывістаў садзілі пад арышт сумарна больш як на 200 сутак.
  • За «парушэньне заканадаўства аб СМІ» (працу без акрэдытацыі) за год пакаралі 20 журналістаў і блогераў, штрафы паводле 45 пратаколаў склалі звыш 43 тысяч рублёў.
  • Не зьмянілася становішча з правамі на асабістую недатыкальнасьць, свабоду ад катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, з ужываньнем сьмяротнага пакараньня, прымусовай працай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG