Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набыў моц прысуд Золатавай у «справе БелТА». Урадавая газэта прыпісала ёй згоду са справядлівасьцю выраку


Марына Золатава на судзе па «справе БелТА», 4 сакавіка
Марына Золатава на судзе па «справе БелТА», 4 сакавіка

Прысуд галоўнай рэдактарцы Tut.by Марыне Золатавай у «справе БелТА» набыў моц 15 сакавіка. Пра гэта стала вядома 18 сакавіка з газэты Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня».

Суд Заводзкага раёну Менску 4 сакавіка прызнаў Марыну Золатаву вінаватай у «бязьдзеяньні службовай асобы» (некалькі журналістаў ейнай рэдакцыі карысталіся чужымі паролямі для доступу да платнай падпіскі сайту БелТА і самі былі за гэта аштрафаваныя) і прысудзіў ёй штраф 300 базавых велічыняў (7650 рублёў) з кампэнсацыяй судовых выдаткаў (6000 рублёў за адвакатаў БелТА).

Прысуд набыў моц, бо яго не абскардзіла ні сама Золатава, ні пракуроры.

Дзяржаўная газэта: «Золатава прызнала абгрунтаванасьць і справядлівасьць прысуду» (папраўдзе не)

На наступны дзень пасьля таго, як прысуд набыў сілу, дзяржаўная газэта «Рэспубліка» (цяпер — частка холдынгу «СБ») апублікавала тэкст Людмілы Гладкай — былой аўтаркі міліцэйскіх газэтаў, а цяпер супрацоўніцы «СБ». Гладкая прыходзіць да высновы, што, раз абскарджаньня прысуду Золатава не рабіла, то, «па сутнасьці, прызнала ягоную абгрунтаванасьць і справядлівасьць».

Сама Золатава на першым жа паседжаньні паведаміла суду, што ня лічыць сябе вінаватай, бо ў яе дзеяньнях адсутнічаў склад злачынства. Пасьля прысуду яна не была ўпэўненая, ці варта абскарджваць вырак.

«Вы ж ведаеце, што статыстыка апраўдальных прысудаў — 0,2%, таму на такі я і не разьлічвала, і не чакала, — тлумачыла Золатава. — Мяне пацешыла, што прысуд аказаўся больш мяккім, чым прасіла пракурорка».

Што яшчэ напісала Людміла Гладкая пра «справу БелТА»:

  • Уся справа — «паўгадовая піяр-акцыя» ААТ «Тут бай мэдыя».
  • Справа «настолькі звычайная і сумная, што на яе ніхто больш не зьвярнуў бы ўвагі, каб не актыўнасьць у сеціве самаго парталу і ягоных «заўзятараў».
  • Пасьля пачатку на судзе стала менш журналістаў, засталіся «ў асноўным тутбаеўцы».
  • «На самой справе, дзяржаўныя СМІ дазволілі сабе няшмат: усяго некалькі калёнак, каб ня даць чытачу празь бясконцую плынь аднабокай інфармацыі, а нярэдка і адкрытай хлусьні згубіць сутнасьць таго, за што ж, уласна, судзяць Золатаву».
  • Тыя, хто казаў пра міжнародную ўвагу да справы, «як замбаваныя талдычылі, быццам ад гэтага працэсу будзе толькі горш».
  • Паўтарыла заяву старшыні Вярхоўнага суду аб тым, што нібы «ўвага да працэсу Золатавай — гэта ціск на суд».

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG