Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вас жа ня білі». Кіраўнік СК расказаў, што думае пра «справу БелТА»


На судзе супраць Марыны Золатавай у «справе БелТА»
На судзе супраць Марыны Золатавай у «справе БелТА»

«Я разумею, што вам гэта непрыемна як мінімум. Шчыра кажучы, мне, можа, ня менш непрыемна, што такая справа была». Кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч адказаў на пытаньні Tut.by пра «справу БелТА».

Пра выбіваньне паказаньняў супраць Золатавай

Рэдактарка Tut.by Ульяна Бабаед, якая праходзіла ў «справе БелТА», сказала Наскевічу, што супраць у яе патрабавалі паказаньняў супраць галоўнай рэдактаркі парталу Марыны Золатавай.

«Калі пра гэта кажа не адзін чалавек, а тры-чатыры-пяць, усё ж такі мусіць быць нейкая праверка ці рэакцыя ад СК», — сказала Бабаед.

Іван Наскевіч
Іван Наскевіч

Паводле Наскевіча, калі сьледчы просіць даць «нейкія паказаньні», гэта «напэўна ня склад злачынства».

«Я не разумею, чаму цяпер усе зводзяць гэтую сытуацыю да Марыны Золатавай, усе астатнія ўжо не пры справах, і чамусьці праз паўгода пасьля таго, што адбылося, актыўна сталі казаць, што ад іх патрабавалі паказаньняў супраць Марыны Золатавай. Першыя тыдні, месяцы, ніхто пра гэта не казаў. Скаардынавана пра гэта сталі казаць, калі Марына Золатава, апынулася ў судзе», — сказаў Наскевіч.

Нагадаем, што фігуранты «справы БелТА»​ знаходзіліся пад падпіскай аб невыдаваньні і не камэнтавалі дэталяў справы.

Марына Золатава
Марына Золатава

Паводле Наскевіча, у выпадку звароту наконт незаконных мэтадаў сьледзтва праводзіцца праверка паводле арт. 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, сказаў Наскевіч.

Ён адзначыў, што сьледчыя хацелі высьветліць ролю Золатавай «у гэтай усёй дзейнасьці», бо яна была адзінай службовай асобай, якая праходзіла ў справе.

«Вас жа ня білі, рукі вам не заціскалі», – сказаў Наскевіч.

Пра вобшукі і ператрусы

Бабаед адзначыла, што каля 20 фігурантаў «справы БелТА» даведаліся, як працуюць сьледчыя, і адзначыла, што толькі да яе з вобшукам прыйшлі 8 чалавек,

Наскевіч адказаў, што калі б сьледчыя дзеяньні «праходзілі па-іншаму», без забіраньня дакумэнтаў і тэхнікі, то «там было б няма чаго рабіць з гэтай справай».

«Мы працуем са справамі не на замову: што прыйшло, тое прыйшло», — сказаў Наскевіч.

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG