Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб заткнуць рот, мяне трэба расстраляць». Блогер Пятрухін пра сваю крымінальную справу


Сяргей Пятрухін
Сяргей Пятрухін

Берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна, якога абвінавачвалі ў паклёпе і абразе міліцыянтаў, пакаралі буйным штрафам. Інтэрвію Свабоды зь Пятрухіным перад выракам.

Суд Ленінскага раёну Берасьця прызнаў блогера Сяргея Пятрухіна вінаватым у абразе і паклёпе на міліцыянтаў і пакараў буйным штрафам у 9180 беларускіх рублёў (360 базавых велічыняў). Таксама, Пятрухін мусіць выплаціць міліцыянтам 5770 рублёў маральнай кампэнсацыі. Штраф і маральную кампэнсацыю Сяргей Пятрухін павінен сплаціць цягам месяца. Да сплаты ў яго будзе апісаная маёмасьць пад заклад штрафу.

Пракурор патрабаваў для Пятрухіна 2 гады з накіраваньнем на «хімію» і 100 базавых штрафу. Апроч таго, міліцыянты Сяргей Ігнацюк, Дзьмітры Якушэвіч, Сяргей Токун і Ігар Галянціч, якія праходзілі пацярпелымі ў справе, хадайнічалі аб спагнаньні зь Пятрухіна агулам 7000 рублёў «за маральныя пакуты». Яны напісалі заяву на Пятрухіна за абразу і паклёп у адным зь ягоных відэаролікаў, пасьля чаго і была распачатая крымінальная справа.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» ды іншыя праваабарончыя арганізацыі прызналі суд над Пятрухіным палітычна матываваным.

Напярэдадні выраку Свабода пагутарыла зь Сяргеем Пятрухіным пра тое, што ён думае аб сваёй справе.

«Калі б ня гэтая справа, то была б іншая»

​«Я думаю, што наўрад ці гэты суд быў бы, каб не пратэст супраць акумулятарнага заводу. Я перакананы, што доўга разважалі, рабіць гэта ці не рабіць. Нават адвакат сказаў на судзе, што ўпершыню такое бачыць дзіва, што паклёп і абразу разам разглядаюць, а не паасобку. Гэтую справу па хадайніцтве галоўнага сьледчага раёну Сычова завёў пракурор Верабей. Карацей, тут шмат пытаньняў, і я ніколі не чуў, каб такія справы так заводзіліся за абразу кухараў ці мэдыкаў. Чамусьці вось калі міліцыянт...

У гэтай справе, што датычыцца паклёпу, ня бачу складу злачынства, таму што я паўтарыў словы чалавека, які пра сябе сам расказвае, што яго біў міліцыянт.

А наконт абразы — пытаньне, якое ставіцца перад экспэртамі ў крымінальнай справе, павінна быць дакладным. А пытаньне гучыць, ці ёсьць у фрагмэнце тэксту нэгатыўная ацэнка супрацоўнікаў міліцыі і іхныя прозьвішчы. А ў артыкуле 189 КК гаворыцца пра абразу канкрэтнага чалавека. Экспэрты спасылаюцца, што няхай суд гэта вырашае, дык навошта тады такая экспэртыза, калі вы кажаце, каб судзьдзя Семянчук з гэтым пракурорам вырашалі, абраза гэта ці не?

Я ўпэўнены, што калі б ня гэтая справа, то была б іншая. Яны паказваюць, што калі яны захочуць, то зробяць што заўгодна. Яны „зьехалі з катушак“ ад бясьсільля, ад немачы сваёй».

«Прэсінг пачаўся пасьля таго, як Мясьніковіч зьвярнуў увагу»

«Яшчэ да завядзеньня справы мне пісалі тролі, што ў красавіку мне сьвеціць крымінальная справа. Скуль яны ведалі? Цяпер я разумею.

Гэта ўсё тэма заводу. Я думаю, у Менску сказалі нейкім чынам стрымаць сытуацыю. Напачатку ж затрымлівалі нас з Аляксандрам Кабанавым, потым зразумелі, што ня мы там галоўныя асобы, і цяпер, перад адкрыцьцём заводу, пачалі ўціскаць усіх без разбору — Зьмітра Бекалюка амапаўцы хапалі, Тацьцяну Фесікаву з дому забіралі...

У іх увогуле „паехаў дах“ — закінулі ў ізалятар Кацярыну, маці дваіх дзяцей, і пачалі празь дзяцей ціснуць, маўляў, паставім у сацыяльна небясьпечнае становішча.

Майсею Мазько патроны падкінулі... Гэта нейкае зьверства, нейкі сатанізм.

Яны паказваюць, што могуць зрабіць з намі што заўгодна. Але яны вельмі памыляюцца. Гэты пратэст грунтуецца на самых асноўных пачуцьцях людзей — інстынкце самазахаваньня. Людзі думаюць пра дзяцей і здароўе.

Такімі ўчынкамі ўлады капаюць сабе яму. Яны робяць Берасьце пратэставым рэгіёнам. 40 тысяч подпісаў супраць заводу, на якія ніяк не адрэагавалі — людзі гэтага не даруюць.

Гэты завод, як лякмусавая паперка, паказаў, як улады ставяцца да людзей.

Актыўны прэсінг пачаўся пасьля таго, як Міхаіл Мясьніковіч публічна зьвярнуў увагу на пратэст супраць заводу. Гэта была адмашка, гэта быў — „фас“. Ён літаральна сказаў, што навошта такія чыноўнікі, калі простыя людзі за вас разумнейшыя, спрытнейшыя, на энтузіязьме зьбіраюцца».

«Калі сашлюць — зробяць мяне мучанікам, зоркай»

«Да ссылкі на „хімію“ я гатовы. Каб заткнуць рот, мяне трэба хаця б расстраляць. Як бы яны не зрабілі, мне яны горш ня зробяць. Калі сашлюць — зробяць мяне мучанікам, зоркай, прыцягнуць увагу да мяне.

Яны папракаюць мяне нейкімі польскімі грашыма. Паглядзіце, як я жыву — у мяне няма машыны, у мяне нічога няма. Таму з гэтым штрафам 100 базавых і кампэнсацыямі міліцыянтам хай ідуць самі ведаеце куды. Я нічога ім плаціць ня буду, хай робяць што хочуць. Хай закрываюць выезд за мяжу, мяне гэта не хвалюе. Гэта мая краіна, і я адсюль зьяжджаць не зьбіраўся.

Я вельмі ўдзячны людзям, якія мяне падтрымліваюць, прыходзяць на суды, дапамагаюць грашыма, сплочваюць штрафы. У мяне вялікая падтрымка. І калі ўлады пакараюць за праўду так, то мяне яшчэ больш людзей пачуюць.

Дзяржаўную тэлевізію людзі не глядзяць. Людзі глядзяць блогераў, гэта відаць па тым, як ахвяруюць капейчынай. Мяне людзі просяць толькі пісаць, а на адвакатаў яны дапамогуць. Гэта натхняе».

Ці ёсьць страх?

«Страх? Страх ёсьць. Таму што ў нас няма закону, няма судоў, міліцыі... Вы адчуваеце парадокс? Людзі прыходзяць да мяне, да такога ж безабароннага чалавека, каб я абараніў іх ад міліцыянтаў. То што тут можна казаць? Як я магу сябе адчуваць бясьпечна, калі ведаю, што любы гэты міліцыянт можа зрабіць са мной што заўгодна.

Тое, што адбываецца са мной — гэта наступ на свабоду слова, мяне б’юць за крытыку і, вядома, за гэты завод, за якім стаяць нечыя вялікія інтарэсы».

Якім будзе вырак?

«Я ня ведаю. Не пакараць яны ня могуць. Штраф, я думаю, будзе. Але калі накіруюць на „хімію“, то гэта мяне не пужае. Я ж прайду ўсе суды, аж да ААН».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG