Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 тысяч даляраў за тры дні сабралі для пакараных за мітынгі ў Беларусі


Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 29 сьнежня 2019 году, Вячаслаў Сіўчык (зьлева) і Аляксей Марачкін (справа)

Кампанія #BY_help атрымала за тры дні 15 тысячаў даляраў на штрафы і іншую дапамогу пакараным за акцыі пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі. Збор «усё бліжэй да паловы сумы штрафаў».

На сайце MolaMola.by на вечар 13 студзеня сабрана каля 17 тысячаў рублёў (рэкорд у гісторыі сайту), на Facebook — каля 7000 даляраў.

Акрамя таго, ахвяраваньні прымаюць праз PayPal (на адрас alaksiej.lavoncyk@tol.org у Эўразьвязе і на nadzeya.norton@gmail.com у ЗША), праз сыстэму Revolut на нумар +48575195688.

Нядаўна дадалася магчымасьць пераводзіць грошы праз крыптавалюты Bitcoin (199tmZtZ7N3SuEodVqE8Y5D411vwnnevb8) і Ethereum (0x50e1182085756F4f8f25F016a3273649FFEccE2d).

#BY_help абяцае, як і раней, даваць дэталёвыя справаздачы пра тое, куды пайшлі грошы. Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі за акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй прысудзілі ня менш за 66,5 тысячы рублёў штрафаў. Грошы патрэбныя ня толькі на штрафы, а і на аплату за ўтрыманьне пад арыштамі.

Кампанія паўстала ў 2017 годзе пасьля затрыманьняў удзельнікаў «Маршаў недармаедаў». Тады на штрафы і кампэнсацыі арыштаў ім і ўдзельнікам маршу на Дзень Волі сабралі 55 тысяч даляраў. Збор сродкаў зноў пачалі ў 2018 годзе ў сувязі са «справай БелТА» — тады сабралі яшчэ 5500 даляраў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG