Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На выбары ідзём не для піяру, а каб голас моладзі быў пачуты», — кандыдаты правялі прэс-канфэрэнцыю ў ба́ры


Прадстаўнікі «Моладзевага блёку» Ігар Брэк, Стас Шашок, Радзівон Чорны, Аляксей Лазараў, Даніла Лаўрэцкі (сядзяць за сталом, зьлева направа)
Прадстаўнікі «Моладзевага блёку» Ігар Брэк, Стас Шашок, Радзівон Чорны, Аляксей Лазараў, Даніла Лаўрэцкі (сядзяць за сталом, зьлева направа)

«Моладзевы блёк» прэзэнтаваў свае законапраекты пра адтэрміноўкі ў войска, адмену прымусовага разьмеркаваньня і рэформу «наркатычнага» 328-га артыкула Крымінальнага кодэксу. У моладзі ёсьць яшчэ тры бонусныя тэмы, але якія — пакуль таямніца.

На пачатку кастрычніка актывісты Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, ініцыятываў «Вучоба найважней», Legalize Belarus, а таксама блогеры стварылі аб’яднаньне «Моладзевы блёк», каб удзельнічаць у выбарах. Вылучылі 8 кандыдатаў у дэпутаты ад партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» — выбарчыя камісіі ўсіх іх зарэгістравалі.

У пятніцу трое зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты «Моладзевага блёку» расказалі пра тры галоўныя «фішкі» ў сваіх праграмах.

Алана Гебрэмарыям — стаматоляг, нядаўняя выпускніца мэдычнага ўнівэрсытэту. Яна балятуецца па Грушаўскай выбарчай акрузе № 98, дзе ўсяго зарэгістравана 6 кандыдатаў. Сярод яе галоўных канкурэнтаў— 52-гадовая Людміла Макарына-Кібак, прафэсарка-мэдык, цяперашняя дэпутатка.

Алана Гебрэмарыям
Алана Гебрэмарыям

Аляксей Лазараў — інжынэр-праграміст, балятуецца па 108-й Каліноўскай выбарчай акрузе. У яго таксама 6 канкурэнтаў, сярод якіх старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.

Аляксей Лазараў
Аляксей Лазараў

Даніла Лаўрэцкі, індывідуальны прадпрымальнік, ідзе ў дэпутаты па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95. І ў яго 6 канкурэнтаў, сярод якіх старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, а таксама дэпутатка Палаты прадстаўнікоў 6 скліканьня Тацяна Сайганава.

Даніла Лаўрэцкі
Даніла Лаўрэцкі

Закон аб адтэрміноўках

Пры падрыхтоўцы гэтага законапраекту распрацоўшчыкі вывучылі досьвед іншых краін і правялі сацыялягічнае апытаньне сярод маладых людзей. Апыталі больш за 2200 чалавек з розных узроставых групаў. Цікавіліся, чаму моладзь ня хоча служыць і што трэба зрабіць, каб служба ў войску стала прывабнай.

«Асноўная ідэя нашых прапановаў: чалавек, які імкнецца да ведаў, прынясе краіне значна больш карысьці, чым калі б ён служыў у войску. Ранейшая сыстэма адтэрміновак працавала дрэнна.

Мы прапануем прынцып аднаразовасьці адтэрміноўкі для адной ступені адукацыі, але толькі пры ўмове бесьперапыннасьці працэсу вучобы. То бок па адной адтэрміноўцы на кожную новую ступень адукацыі пры ўмове бесьперапыннасьці — ад бакаляўрэату да асьпірантуры», — тлумачыць Радзівон Чорны.

Радзівон Чорны
Радзівон Чорны

На думку кандыдата ў дэпутаты па 108-й Каліноўскай выбарчай акрузе Аляксея Лазарава, гэта спыніць злоўжываньні, калі маладыя людзі, каб «адкасіць» ад войска, паступаюць у іншую ВНУ.

Усе свае прапановы па зьмяненьні Закону аб адтэрміноўках «Моладзевы блёк» пакуль не агучвае. Будзе іх абмяркоўваць з экспэртамі, адмыслоўцамі, а таксама са сваімі выбарцамі.

Закон аб скасаваньні прымусовага разьмеркаваньня

Асноўная прапанова — прыбраць з Кодэксу аб адукацыі абавязак выпускніка выплаціць сродкі, якія дзяржава затраціла на яго навучаньне, у выпадку, калі ён не адпрацуе поўны тэрмін разьмеркаваньня. То бок, калі бюджэтнік ня хоча разьмяркоўвацца, ён не павінен выплачваць грошы за сваю вышэйшую адукацыю.

Кандыдат у дэпутаты па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95 Даніла Лаўрэцкі перакананы, што сама сыстэма разьмеркаваньня даўно не працуе.

Аляксей Лазараў і Даніла Лаўрэцкі
Аляксей Лазараў і Даніла Лаўрэцкі

«65 працэнтам выпускнікоў прапануюць знайсьці працоўнае месца самім, а знаходзіць толькі палова зь іх, то бок толькі адна траціна ад агульнага ліку. Таму мы прапісалі ў сваім законапраекце паняцьце „сацыяльна значных спэцыяльнасьцяў“: гэта так званыя сілавыя структуры, а таксама адмыслоўцы ў галіне аховы здароўя, у сфэры адукацыі — яны будуць абавязкова разьмяркоўвацца», — тлумачыць Даніла Лаўрэцкі.

Закон аб рэформе 328-га «наркатычнага артыкула»

Асноўнае патрабаваньне — частковая дэкрыміналізацыя адказнасьці спажыўцоў.

«Мы прапануем разьмежаваць адказнасьць спажыўца ў залежнасьці ад аб’ёму рэчыва. Неабходна ўвесьці панятак значнага аб’ёму рэчыва. Частка 1 артыкула 328 у нашай рэдакцыі вызначае адказнасьць за выраб, перапрацоўку, набыцьцё, захаваньне, перавозку рэчываў у значным памеры. Павінны быць розныя меры адказнасьці за значны і буйны памер.

Калі ніжэй за значны памер — мы прапануем дэкрыміналізацыю, то бок толькі адміністрацыйную адказнасьць: штрафы і маёмасную кампэнсацыю.

«Спажыўцы — людзі ня бедныя, няхай лепш заплацяць штраф у дзяржаўную казну», — кажа адвакат Ігар Брэк.

Ігар Брэк
Ігар Брэк

На думку распрацоўшчыкаў законапраекту, неабходна ўдакладніць паняцьце збыту, якое трактуецца вельмі шырока.

«Калі падлетак проста падзяліўся зь сябрам, гэта не павінна лічыцца збытам. Збыт — гэта толькі калі ёсьць мэта атрыманьня прыбытку, калі ёсьць маёмасная выгада», — дадае актывіст Legalize Belarus Стас Шашок.

Ігар Брэк, Стас Шашок, Радзівон Чорны
Ігар Брэк, Стас Шашок, Радзівон Чорны

Цяпер і наркадылеры, і закладчыкі-падлеткі атрымліваюць аднолькавыя вялікія тэрміны. Прычым падлеткам даюць вялікія тэрміны за злачынства ў складзе арганізаванай групы. А саміх арганізатараў злачыннага бізнэсу, пастаўшчыкоў наркотыкаў, уладальнікаў падпольных інтэрнэт-крамаў вызначаюць і судзяць значна радзей, чым закладчыкаў.

Таксама прапануецца павысіць узрост адказнасьці за нарказлачынствы з 14 да 16 гадоў.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG