Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў Беларусі можа стаць дэпутатам? Лічбы


Цэнтральная выбарчая камісія скончыла рэгістрацыю кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу.

Свабода параўноўвае сытуацыю на момант падачы заявак у выбарчыя камісіі і тое, што атрымалася «на выхадзе»:

  • На 110 месцаў было 703 прэтэндэнты. Засталося — 560.
  • Ад партыяў было 424 кандыдаты. Засталося — 357.
  • Жанчын было 174. Засталося — 151.
  • Маладзейшых за 30 гадоў было 53. Засталося — 53.
  • Дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў было 34. Засталося — 32.
  • У Менску хацелі балятавацца 176 чалавек. Засталося — 123.
  • З «кандыдатаў у кандыдаты» 71 працуе ў дзяржаўных органах, 8 — у праваахоўных органах, войску ці ў сфэры надзвычайных сытуацый, 31 — беспрацоўны, 48 — пэнсіянэры. Цяпер засталося адпаведна — 65, 7, 27 і 34.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне ідзе ад 12 да 16 лістапада.

  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы. Калі маеце доказы прымусу да галасаваньня — пішыце нам.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • На тыдзень выбараў праваахоўнікі перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG