Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня беларускаму народу і Нацыянальнага сходу. 19 красавіка 2019 году
Аляксандар Лукашэнка падчас пасланьня беларускаму народу і Нацыянальнага сходу. 19 красавіка 2019 году

«Прэзыдэнцкія выбары пройдуць у 2020 годзе». Пасланьне Лукашэнкі: цытуем і камэнтуем

19 Аляксандар Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Прамову паказвалі ў жывым эфіры дзяржаўныя тэлеканалы. Журналістаў незалежных СМІ не акрэдытавалі.

10:00 19.4.2019

Леташняе пасланьне Аляксандра Лукашэнкі доўжылася 1 гадзіну і 20 хвілінаў. Чакалася, што на ім Лукашэнка абвесьціць рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі, але гэтага ня здарылася. Тады Лукашэнка камэнтаваў пратэсты ў Армэніі і сумняваўся ў гісторыі БНР, абураўся працай Мінэнэрга (пасьля гэтага звольнілі кіраўніка «Белэнэрга», а затым міністра энэргетыкі).

У 2017 годзе Лукашэнка ў пасланьні расказваў, як «вешалі Мясьніковіча», як «высах Макей» і як сын Мікалай сьпіць на ўроках. Палітолягі казалі, пасланьне было сумным і кансэрватыўным.

1 сакавіка Лукашэнка выступаў з 7-гадзіннай «Вялікай размовай з прэзыдэнтам». Мы сабралі сур’ёзныя выказваньні і забаўныя цытаты, спыталі пра транзыт улады.

10:11 19.4.2019

Перад сёньняшнім пасланьнем Свабода пагутарыла з палітолягам Юрыем Чавусавым. Ён кажа, што Лукашэнка цяпер будзе фактычна выступаць як кандыдат у прэзыдэнты — і яму не ўпершыню ісьці на выбары без праграмы і без нагоды абяцаць зьмены.

Былы лідэр АГП Анатоль Лябедзька заклікаў Лукашэнку выступіць у іншым фармаце: пайсьці ў жывы эфір і адказаць на пытаньні ад простых беларусаў. Лукашэнка не адказаў на выклік, але Лябедзька заявіў, што галоўнай мэтай закліку было тое, каб самі беларусы агучвалі пытаньні ўладам.

10:20 19.4.2019

Пасланьне адбываецца перад другім турам выбараў ва Ўкраіне, на якіх Лукашэнка адкрыта падтрымлівае дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнку, выказваецца супраць галасаваньня за тэлезорку Ўладзіміра Зяленскага (да якога, кажуць, ён сам падобны).

Ад самога Лукашэнкі цяпер чакаюць абвяшчэньня прынамсі адных выбараў: цягам году мусяць прайсьці і парлямэнцкія, і прэзыдэнцкія. Нейкія зь іх могуць быць прызначаныя на 1 сьнежня. Таксама ва ўладзе абмяркоўваюць магчымасьць рэфэрэндуму — Лукашэнка прапаноўваў памяняць Канстытуцыю, але не сказаў, як.

Ад Лукашэнкі ў пасланьні можна чакаць згадкі іншых актуальных праблемаў: гандлёвы і нафтагазавы канфлікты з Расеяй, адсутнасьць росту заробкаў да «па пяцьсот» (і нават падзеньне), знос крыжоў у Курапатах, запрашэньне ў Брусэль…

10:40 19.4.2019

«Мы стварылі сваю краіну»

Выступ пачаўся. Лукашэнка кажа пра незалежнасьць Беларусі. Кажа, што станаўленьне беларускага сувэрэнітэту праходзіла ў цяжкіх умовах: «Мы стварылі сваю краіну, мірную, стабільную і вельмі прыгожую».

10:42 19.4.2019

Кажа пра вынікі 25 год кіраваньня

Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка, у выглядзе пасланьня, спрабуе падвесьці вынікі свайго 25-гадовага кіраваньня дзяржавай. Вельмі ўдалая кропка адліка для параўнаньня - пачатак 1990-х гадоў, калі краіна перажывала сапрыды цяжкі крызыс.

10:42 19.4.2019

Пра прыярытэты

«За параўнальна кароткі час Беларусь заняла цьвёрдую пазыцыю ў сучаснай геапалітычнай сыстэме, падпарадкаваную перадусім нацыянальным інтарэсам, — адзначыў Лукашэнка.— Нацыянальная бясьпека, дабрабыт народу і годнае месца ў сьвеце — асноўныя прыярытэты сёньняшняй дзяржавы».

10:46 19.4.2019

Ня верыць у «тарбэшнікаў»

Лукашэнка кажа, што ўладзе давялося з руінаў уздымаць эканоміку, цалкам разбураную ў пачатку 1990-х. Яна і надалей будзе будавацца на аснове прадпрыемстваў-гігантаў, якія забясьпечваюць працоўныя месцы і задачу на імпартазамяшчэньне. Магутнасьць і слава краіны — гэта магутныя вытворцы. Ён не асабліва верыць у «драбнату», «тарбэшнікаў» і сярэдні бізнэс, якія маюць права на жыцьцё, але ня варта рабіць на іх асноўную стаўку.

10:51 19.4.2019

Вельмі ўдалая кропка адліку для параўнаньня — пачатак 1990-х гадоў, калі краіна перажывала сапраўды цяжкі крызіс.

10:52 19.4.2019

«Загуляліся ў рынак і дэмакратыю»

«Трэба паскарацца», — загадаў Лукашэнка ўраду. Беларусь — індустрыяльная краіна, іншай альтэрнатывы няма. Мадэрнізацыя стратэгічных прадпрыемстваў мусіць быць цалкам завершаная ў 2020 годзе, — канстатаваў ён.

Інфляцыя — у межах 5%. Інакш нават высокі заробак пры неадэкватных цэнах будзе заўсёды нездавальняючым. Ад імя народа цэнаўтварэньне мусяць кантраляваць прафсаюзы — як мінімум 20 найважнейшых таварных пазыцый.

«Загуляліся ўжо ў рынак і дэмакратыю», — заявіў Лукашэнка.

10:56 19.4.2019

Выступ як перадвыбарчы ролік

Дзіўна, што вялікі сюжэт прысьвечаны цэнам, хоць цяпер інфляцыя як раз невялікая. Здаецца, што гэта — перадвыбарчы ролік. Такі стары, прымітыўны перадвыбарчы папулізм, з 1990-х гадоў.

Папрок на адрас Міністэрства гандлю — не мае рацыі. Бо найбольш як раз растуць рэгуляваныя цэны.

10:58 19.4.2019

Пра заробак «па пяцьсот»

«Мы дасягнулі прыкладна 500 даляраў сярэдняга заробку, — сказаў Лукашэнка. — Далей рухацца будзем разам, наперадзе тыя, хто хоча зарабляць больш, мы заклалі толькі мінімальны ўзровень. Іншых, хто ня можа гэта зрабіць самастойна, трэба падцягваць — выхавацелі, настаўнікі. Плюс ня варта забывацца, што ад заробку тых, хто працуе, залежыць дабрабыт пэнсіянэраў. І калі чалавек здаровы, трэба даць яму працаваць столькі, колькі ён хоча і можа».

Лукашэнка кажа пра настаўнікаў: Гэты бедны настаўнік не можа пайсьці пачысьціць недзе боты і падзарабіць

11:01 19.4.2019

«Пляваць, што яны там скажуць»

Аляксандар Лукашэнка чарговы раз пацьвердзіў сваю стаўленьне да рынкавай эканомікі. Напачатку ён выказаўся за прыярытэт «буйных прадпрыемстваў і вытворчасьцяў», а пра малы і сярэдні бізнэс сказаў — «гэта тарбэшнікі і мяшочнікі». Потым заявіў: «Загуляліся ў рынак і дэмакратыю ў эканоміцы» (нібыта рынак і дэмакратыя — гэта нешта страшнае і крамольнае).

«Баімся, што нас будуць крытыкаваць недзе на Ўсходзе ці на Захадзе, што мы, маўляў, няправільнымі мэтадамі рэгулюем цэны... Пляваць, што яны там скажуць». Такое даволі доўгае выказваньне пра стрымліваньне росту цэнаў сьведчыць, што актыўна ідзе выбарчая кампанія і Лукашэнка ўзмацняе элемэнты папулізму ў сваёй рыторыцы.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG