Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступ кансэрватара. Палітоляг Класкоўскі пра тое, чаму ў Лукашэнкі было «сумнае» пасланьне


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Пры цяперашнім кіраўніцтве Беларусь не зазнае рэформаў — такую выснову робіць палітоляг Аляксандар Класкоўскі зь сёньняшняга выступу Аляксандра Лукашэнкі. Чаму сёньня было адно з самых сумных пасланьняў, якое не разьбіраюць на цытаты, Аляксандар Класкоўскі адказаў Свабодзе.

«Гэта выступ кансэрватара, — кажа Аляксандар Класкоўскі. — Лукашэнка паўстаў у сваім звыклым абліччы».

Сьпічрайтэры прэзыдэнта ўставілі ў прамову ўсе патрэбныя прагрэсіўныя тэзы: што трэба разьняволіць бізнэс, зьменшыць колькасьць праверак, стварыць электронны ўрад і нават ператварыць Беларусь у ІТ-аазіс. Але ўсё гэта Лукашэнка прамаўляў дзяжурна і скорагаворкай.

Па словах палітоляга, Беларусі цяпер патрэбныя сьмелыя эканамічныя рэформы. Але замест рэформаў Лукашэнка абяцае вярнуцца да савецкіх мэтадаў. У прыватнасьці, кажучы пра дэкрэт № 3, ён наўпрост прыгадаў савецкі досьвед, да якога варта зьвярнуцца. А гэта, між іншым, нават крымінальны перасьлед людзей, якія не хацелі працаваць.

«Пры цяперашнім кіраўніцтве Беларусь не зазнае рэформаў, — робіць выснову Класкоўскі. — Калі і будзе нешта рабіцца, то гэта пераўтварэньні па прынцыпе адсяканьня хваста за некалькі разоў. Пэрыяд стагнацыі, а то і пэрыяд дэградацыі можа расьцягнуцца яшчэ надоўга».

Гэты выступ як ніколі быў вельмі кароткі і сухі. Лукашэнка толькі некалькі разоў дазволіў сабе гаварыць не з паперкі. На думку палітоляга, ён наўмысна трымаў сябе даволі фармальна.

«Лукашэнка сам сябе настроіў, каб было як мага меней імправізацый, — кажа Класкоўскі. — Таму што абстаноўка выбухованебясьпечная. Відавочна, ён атрымаў вялікую псыхалягічную траўму ад пратэстаў у лютым і сакавіку. І Лукашэнка вырашыў лепей збольшага па паперцы прачытаць гэты зварот. Выступ быў даволі вялы і невыразны».

І хоць беларускаму кіраўніцтву трэба залагодзіць дачыненьні з Захадам на тле арыштаў, рэпрэсій і разгону на Дзень Волі, Лукашэнка сарваўся, калі дайшоў да тэмы стасункаў з Захадам: пачаў абвінавачваць Эўропу ў тым, што там труцяць газам маніфэстантаў.

«У выніку гэтая частка выступу стала самай агрэсіўнай, — кажа Класкоўскі. — Хоць жыцьцё прымушае беларускае кіраўніцтва рабіць геапалітычныя манэўры, насамрэч Эўропа, Захад, лібэральныя каштоўнасьці — усё гэта для цяперашняга беларускага кіраўніка чужое, далёкае, небясьпечнае. І, відаць, такім застанецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG