Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка гаворыць — мы цытуем. Што было ў штогадовым пасланьні да беларускага народу

Аляксандар Лукашэнка выступае са штогадовым пасланьнем да народу і Нацыянальнага сходу на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі. Ад 10-й раніцы 21 красавіка жывую трансьляцыю вядуць дзяржаўнае ТБ і радыё, Свабода перадае галоўныя цытаты.


Коратка

Выступ адбываецца на фоне пэўных прыкметаў эканамічнага росту пры падзеньні шэрагу паказьнікаў, затрыманьня чарговага буйнога бізнэсоўца, масавых затрыманьняў на Дзень Волі і судоў за «маршы недармаедаў», «справы Белага легіёну», адмовы Сьвятланы Алексіевіч узначаліць камісію па мэмарыяле ў Курапатах.

Лукашэнка выступіць са штогадовым пасланьнем: пра што ён гаварыў год таму?

13:00 21.4.2017

Пасланьне гучала 2,5 гадзіны

Пасланьне Аляксандра Лукашэнка народу Беларусі і парлямэнту доўжылася дзьве з паловай гадзіны. Цягам гэтага часу ён ня толькі чытаў падрыхтаваную прамову, але раз-пораз адрываўся ад рукапіснага варыянту і пачынаў імправізаваць. Крытычна выказаўся наконт жаданьня Захаду навязаць Беларусі свае стандарты, прыгразіў Эўразьвязу адэкватнымі мерамі ў адказ за блякаваньне рынку, абвінаваціў «дэструктыўныя» мэдыі ў распальваньні варожасьці, некалькі разоў нагадаў, што Беларусь уратавала ад вайны на Данбасе 160 тысяч украінцаў, пацьвердзіў намер змагацца з дармаедамі паводле «савецкіх законаў», загадаў перапісаць школьныя падручнікі, выказаў меркаваньне, што каб стаць спэцыялістам, хопіць і трох курсаў інстытуту, паабяцаў разабрацца з тымі, хто «заваліў» спорт высокіх дасягненьняў. Невядома, ці дайшло да пытаньняў з боку дэпутатаў і чыноўнікаў, тэле- і радыётрансьляцыя была спыненая адразу ж пасьля заканчэньня прэзыдэнцкага выступу.

12:40 21.4.2017

Лукашэнка: «Нас не пускаюць на рынак Эўразьвязу». Злотнікаў: «Гаворка ідзе пра высокія стандарты ў Эўропе»

Эўразьвяз чыніць перашкоды для беларускіх экспартэраў. Аляксандар Лукашэнка патрабуе адказаць на забарону і паказаць каштоўнасьць Беларусі. Насамрэч гаворка можа ісьці пра высокія стандарты, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

12:36 21.4.2017

Пра дывэрсіі «дэструктыўных» СМІ

Лукашэнка ў канцы выступу закрануў дзейнасьць незалежных СМІ:

«Пачасьціліся дэструктыўныя інфармацыйныя атакі на Беларусь. Там разумеюць: замбаваныя грамадзяне — чужыя сярод сваіх. Дывэрсіі наносяць непапраўны ўрон нашым інтарэсам. Тыя, хто сеяць варожасьць, сьвядома шкодзяць грамадзтву, краіне. Нібыта дэмакратычныя і апазыцыйныя СМІ ўсё часьцей выступаюць з радыкальных пазыцыяў, распальваюць жарсьці, заклікаюць за супрацьпраўных дзеяньняў. Трэба быць адказнымі за тое, што вы робіце».

12:29 21.4.2017

«Усе затрыманьні карупцыянэраў санкцыянуюцца мною»

Лукашэнка раскрыў мэханізмы арыштаў чыноўнікаў і бізнэсоўцаў за карупцыю:

«Усе карупцыйныя затрыманьні санкцыянаваныя асабіста мной, ведайце гэта. Прызнаецца — хай адказвае, дараваньня ня будзе. Навошта рызыкаваць, няўжо зялёны даляр ці эўра даражэй за свабоду? Закон аб карупцыі, відаць, яшчэ не дастаткова жорсткі і радыкальны».

12:27 21.4.2017

Пра вучэньні «Захад-2017»

Лукашэнка заявіў, што расейска-беларускія манэўры «Захад-2017» не пагражаюць сувэрэнітэту Беларусі:

«У адзіночку складана супрацьстаяць зьнешнім пагрозам, таму робім гэта сумесна ў рамках АДКБ. Толькі з Расеяй штогод адбываецца больш за 40 сумесных мерапрыемстваў, увосень пройдуць буйныя манэўры „Захад-2017“. НАТО патрабуе ад нас спыніць „грукаць зброяй“, а самі разьмяшчаюць ракеты, бесьпілётнікі на нашай мяжы. Гэта што такое як не двурушнасьць?»

12:27 21.4.2017
16x9 Image Віталь Цыганкоў

Адчапіцеся!

У даволі вялікім экспромце, адарваўшыся ад тэксту, Лукашэнка даволі эмацыйна казаў пра прэтэнзіі эўрапейцаў. Маўляў, чаго вы ад нас хочаце — «мы іх што, вадой палівалі, газам труцілі? А вы гэта рабілі! І пачынаеце нас папракаць!» А міністар замежных справаў Макей ажно «высах» ад заходняй крытыкі. Тут два мэсыджы — 1. Адчапіцеся, прымайце нас такімі, якія мы ёсьць. 2. Вы самі хутка зразумееце свае памылкі, зьменіцеся, і станеце такімі, як і мы.

12:15 21.4.2017
16x9 Image Валер Карбалевіч

Прарвала

Вось і прарвалася на паверхню ўсё раздражненьне ад акцыяў недармаедаў. Траўматычная рэакцыя вылілася ў жорсткую палеміку з Эўразьвязам па пытаньнях дэмакратыі. Даўно такой ідэалягічнай спрэчкі з вуснаў Лукашэнкі не было.

12:14 21.4.2017

Чаму высах Макей?

Вельмі эмацыйна Лукашэнка гаворыць пра ціск з боку краінаў Захаду:

«Ня трэба нас увесь час у сьпіну штурхаць, Макей (кіраўнік МЗС — РС) ужо ўвесь высах, баіцца ў Эўропу езьдзіць. Як вам ня сорамна ўсё валіць на Беларусь? Забарыкадаваліся і паліваеце брудам. Мы выстаім. А што вы будзеце мець на гэтым лапіку зямлі, які яшчэ вам спатрэбіцца? Адумайцеся!»

12:12 21.4.2017

Людзі са зброяй, з выбухоўкай пруць у нашу краіну

Лукашэнка абвінавачвае Эўразьвяз у падвойных стандартах:

«Людзі са зброяй, з выбухоўкай пруць у нашу краіну. Нам што, цярпець? Што мне скажуць людзі? Вам што, мала Ўкраіны? Гэта ў вас чагосьці не хапае ў ніжняй частцы цела, калі ўзрываюць, душаць грузавікамі. Да чаго вы дайшлі, ганьба! Упёрліся, як бык у новыя вароты, а дзе ваша так званая дэмакратыя, талерантнасьць? Як самі да ўцекачоў ставіцеся? Уратуйце дзяцей. Гэта ж не ў Беларусі адбываецца! Увесь эўрапейскі кантынэнт гарыць...»

Загрузіць яшчэ

Глядзець камэнтары (16)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG