Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Белстату, валавы ўнутраны прадукт Беларусі за квартал павялічыўся на 0,3%. Чым выкліканы гэты рост? Ці сапраўды краіна выходзіць з крызісу? Як паўплывае на дынаміку беларускай эканомікі канец нафтагазавай вайны з Расеяй?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

Ці ёсьць рост?

Валер Карбалевіч: «Як паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт, у студзені-сакавіку гэтага году ў параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам валавы ўнутраны прадукт (ВУП) павялічыўся на 0,3%. Нагадаю, міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназавалі, што сёлета ў Беларусі будзе адбывацца падзеньне ВУП. І беларускія незалежныя эканамісты даволі пэсымістычна ацэньвалі пэрспэктывы эканомікі краіны на гэты год. І тым ня менш, пачаўся рост. Чаму?»

Барыс Жаліба: «Рост невялікі, пакуль рана рабіць маштабныя высновы. Пасьля рэцэсіі эканоміка павінна дасягнуць дна, адштурхнуцца ад яго і перайсьці ў стадыю стагнацыі. Нагадаю, што паводле пляну на гэты год ВВП павінен вырасьці на 1,7%.

Трэба мець на ўвазе, што два гады мы падалі, прычым глыбока. Калі ВУП у даляравым эквіваленце ў 2014 годзе складаў 79 млрд даляраў, то ў 2016 г. — 47 млрд даляраў. Таму цяперашні рост можна трактаваць як аднаўленчы. І, магчыма, сёлета будзе невялічкі рост».

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Вадзім Іосуб: «Лічба 0,3% знаходзіцца ў межах статыстычнай хібнасьці. Усё, што ляжыць у рамках ад плюс паўпрацэнта да мінус паўпрацэнта — можна лічыць, што гэта прыблізна нуль. Гэта першапачатковая ацэнка, яна яшчэ можа потым карэктавацца ў межах да 1%.

Мы сапраўды падалі два гады, гэта восем кварталаў. Мне цяжка назваць яшчэ адну краіну сьвету, якая б падала такі доўгі тэрмін. Таму нельга па адным квартале рабіць высновы.

Уявіце сабе хворага, у якога шмат дзён тэмпэратура расла да 41 градуса, а потым зьнізілася да 40 градусаў. Нельга казаць, што чалавек пайшоў на папраўку».

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб

Як паўплывае на дынаміку беларускай эканомікі канец нафтагазавай вайны з Расеяй?

Карбалевіч: «Мусіць, варта чакаць, што заканчэньне нафтагазавай вайны з Расеяй дадасьць дынамізму беларускай эканоміцы. Маю на ўвазе тыя крокі насустрач, якія зьбіраецца зрабіць Расея. Беларускія афіцыйныя асобы ўжо анансавалі, што Беларусь атрымае дадаткова 750 млн даляраў. Плюс крэдыт у памеры 1 млрд даляраў».

Жаліба: «Важна тое, што Расея кампэнсуе пастаўкі нафты. Што тычыцца крэдытаў, то справа ня толькі ў тым, што крэдыты ж трэба будзе аддаваць. Праблема ў тым, што крэдыты кансэрвуюць у эканоміцы краіны сытуацыю, якая не дае магчымасьці разьвівацца».

Карбалевіч: «Я думаю, што Лукашэнка ўпэўнены: гэтыя крэдыты Расеі вяртаць не давядзецца, РФ іх сьпіша, як яна сьпісала шмат якім краінам».

Жаліба: «Звычайна палову абʼёму расейскіх крэдытаў мы вяртаем, а толькі палову рэфінансуем».

Іосуб: «Думаю, пад уплывам новых дамоўленасьцяў з Расеяй сытуацыя ў нашай эканоміцы трохі палепшыцца, але нязначна. Я даваў прагноз напярэдадні 2017 г., што за год ВУП зьнізіцца на 1%. Цяпер, пасьля заканчэньня нафтагазавай вайны, я прагназую зьніжэньне на 0,5%.

У выніку дамоўленасьцяў з РФ мы атрымалі адтэрміноўку ад дэфолту

Насамрэч крызіс Беларусі — гэта крызіс не пра грошы. У нас дрэнна не таму, што Беларусі не хапае грошай, а таму, што адбываецца іх неэфэктыўнае разьмеркаваньне. У Беларусі неэфэктыўны дзяржаўны сэктар. І новыя крэдыты праблемы эканомікі не вырашаюць. Напрыклад, калі нейкі чалавек прайграе грошы ў казіно, то зьяўленьне ў яго вялікай сумы грошай ягонае жыцьцё не палепшыць, бо ён усё прайграе.

У выніку дамоўленасьцяў з РФ мы атрымалі адтэрміноўку ад дэфолту. Але без рэформаў, найперш рэформаў дзяржсэктару, мы ня вырашым сваіх эканамічных праблемаў».

Ці пачнуцца рэформы?

Карбалевіч: «Хоць абодва мае суразмоўцы даволі скептычна ацанілі вось гэтыя дадзеныя Белстату, але ўрад думае па-іншаму. 18 красавіка на пасяджэньні прэзыдыюму Савету міністраў прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў сказаў, што эканоміка «паступова выходзіць з рэцэсіі». Дык што, крызіс закончаны, усё самае горшае ўжо ў мінулым, наперадзе нас чакае толькі рост?

Калі крызіс заканчваецца, то і ўсе размовы пра рэформы можна забыць? І той праект дэкрэту аб лібэралізацыі ўмоваў вядзеньня бізнэсу таксама можа падвіснуць. Бо нешта рабіць трэба толькі тады, калі сытуацыя дрэнная. А калі сьвятло ў канцы тунэля відаць і без аніякіх рэформаў, то навошта яны ўвогуле? Можа, такая лёгіка будзе ў палітычнага кіраўніцтва?

Жаліба: «Думаю, кіраўніцтва разумее, што бізнэс можа стаць маторам разьвіцьця эканомікі. І гэты дэкрэт будзе прыняты. Але праблема прымяненьня права дзяржаўнымі органамі ня раз псавала і добрыя дакумэнты. Вось была добрая дырэктыва № 4 ад 31 сьнежня 2010 году, але яна не рэалізаваная поўнасьцю з гэтай прычыны».

Іосуб: «У кіраўніцтве Беларусі ідзе барацьба паміж рознымі групамі, якія прытрымліваюцца розных кірункаў эканамічнай палітыкі. Шмат хто лічыць, што беларуская эканамічная мадэль эфэктыўная, бываюць толькі невялікія збоі. Вось цяпер мы чарговы збой выправілі, і далей можна нічога не рабіць».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG