Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абвясьціла, што дасьць Беларусі крэдыт у 1 мільярд даляраў. На што пойдуць гэтыя грошы? Як кажа старэйшы аналітык кампаніі Альпары Эўразія Вадзім Іосуб, адказ на гэтае пытаньне насамрэч невядомы.

Беларусь пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Стрэльні 3 красавіка прызнала, што вінная Расеі за газ за пэрыяд са студзеня 2016 году па цяперашні час, сума доўгу складае каля 700 мільёнаў даляраў.

Аднак і бяз гэтага доўгу краіна сёлета павінная выплаціць даволі значныя сродкі па даўгах — выплаты па асноўным сумам даўгоў і адсоткаў па іх павінны скласьці сёлета 1.86 мільярдаў даляраў.

Уяўленьне пра структуру запазычанасьці даюць лічбы сёлетніх абавязковых выплат па даўгах: 741 мільён даляраў — Расеі, 488 мільёнаў даляраў — Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР), 380 мільёнаў — Кітаю. Калі ўлічыць, што ЭФСР — гэта фактычна «кішэнь» расейскага ўраду, то атрымліваецца, што больш за палову выплат па даўгах (65%) прыпадуць на Расею і зьвязаныя зь ёй фінансавыя інстытуцыі.

Увесь зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі зараз складае 14 мільярдаў даляраў. Мала гэта ці шмат? Калі ўлічыць, што па выніках 2016 году ВУП краіны склаў 46.5 млрд даляраў, то зьнешні доўг складае 29% ад ВУП.

Калі параўноўваць зь іншымі краінамі, то гэта далёка ня самы крытычны паказьнік. Ніжэй прыводзяцца параўнальныя дадзеныя па 21 краіне Эўропы і Азіі.

Але ёсьць некалькі чыньнікаў, якія не дазваляюць глядзець на беларускія лічбы з залішнім аптымізмам.

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб

Па-першае, як адзначае экспэрт Вадзім Іосуб, адпаведны паказьнік не апісвае якасьць даўгоў — які адсотак краіна павінна плаціць па іх, на якія тэрміны яны выдадзеныя. Якасьць беларускіх даўгоў ня надта высокая, яны даволі дарагія.

Па-другое, навідавоку трывожная тэндэнцыя росту зьнешняга дзяржаўнага доўгу.

Навідавоку выбуховы рост дзяржаўнай зьнешняй запазычанасьці (даўгі органаў дзяржаўнага кіраваньня і Нацыянальнага банку), яна вырасла за 11 гадоў у 25 разоў. Леташнія і сёлетнія выплаты па даўгах — як бачна, ня самыя высокія, самім кепскім у гэтым сэнсе быў 2014 год. Але гэта значныя сродкі.

Варта адзначыць, што беларуская эканоміка ў цэлым у гэтым сэнсе паводзіць сябе больш сьціпла, чым дзяржава — сумарны, валавы зьнешні доўг Беларусі (гэта значыць усіх айчынных прадпрыемстваў, інстытуцыяў і асобаў) з 2007 па 2017 год вырас з 6.844 мільярдаў да 37.567 мільярдаў даляраў. Рост прыкладна ў 5 разоў. Дзяржава за гэты ж тэрмін запазычвала грошы ў замежжа ў 5 разоў шпарчэй, чым усе беларусы разам, уключна зь дзяржавай.

Вадзiм Іосуб таксама адзначае, што штогадовыя выплаты Беларусі па зьнешнім дзяржаўным доўгу толькі на чвэрць складаюцца з грошай, заробленых беларускай эканомікай, астатняе — новыя пазыкі. Іншымі словамі, пазыкі пакрываюцца новымі пазыкамі.

Цяперашні стан зьнешняй запазычанасьці Беларусі насамрэч далёкі ад катастрафічнага, як было паказана вышэй, многія суседзі, многія заможныя краіны пазычаюць значна больш актыўна, чым Беларусь. Але тэмп росту зьнешняга дзяржаўнага доўгу краіны — гэта прамая дарога менавіта да катастрофы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG