Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Нас не пускаюць на рынак Эўразьвязу». Злотнікаў: «Гаворка ідзе пра высокія стандарты ў Эўропе»


Леанід Злотнікаў

Эўразьвяз чыніць перашкоды для беларускіх экспартэраў. Аляксандар Лукашэнка патрабуе адказаць на забарону і паказаць каштоўнасьць Беларусі. Насамрэч гаворка можа ісьці пра высокія стандарты, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

«Нас не пускаюць на рынак Эўразьвязу? Чаму мы не адказваем? Чаму мы не паказалі каштоўнасьць Беларусі?», — задаў пытаньні парлямэнтарыям Аляксандар Лукашэнка.

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, гаворка найхутчэй можа ісьці пра высокія стандарты для тых, хто імпартуе свае тавары ў Эўразьвяз.

«Ня ведаю, ці ёсьць спэцыяльныя заканадаўчыя акты, якія забараняюць нешта ўвозіць. Гэта неймаверна для вольных краінаў, для капіталізму, — кажа Злотнікаў. — Там могуць быць стандарты. Каб завезьці малако, зь якога робяць сыры, яно мусіць быць атрымана ад кароў, якія ня елі нашага кіслага сіласу».

Па словах эканаміста, летась Эўразьвяз, наадварот, паслабіў патрабаваньні для тавараў беларускай лёгкай прамысловасьці.

«Так, могуць быць асобныя тавары, на якія існуюць квоты, — кажа Злотнікаў. — Гэта іншая справа. Тут трэба весьці перамовы, а не гаварыць пра забарону».

Што да магчымага абмежаваньня імпарту з Эўразьвязу, эканаміст лічыць гэта заганнай палітыкай. Паводле эканамічнай тэорыі, імпартазамяшчэньне толькі паніжае ўзровень жыцьця ў краіне.

«Нягледзячы на ўсе забароны, у апошнія гады доля імпартных тавараў у Беларусь павялічвалася, — кажа Злотнікаў. — Забараніць гэта вельмі складана. Але ня гэта галоўнае. Трэба мяняць усю палітыку і адмаўляцца ад імпартазамяшчэньня, калі мы хочам павысіць узровень жыцьця свайго насельніцтва».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG