Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра дэкрэт № 3: «Мы маем досьвед савецкіх часоў». Экспэрт: «Гэта несусьветная лухта, могуць быць санкцыі»


Аляксандар Лукашэнка

Улады павінны прымусіць працаваць 350 тысяч чалавек. Калі спатрэбіцца, то варта зьвярнуцца да савецкага досьведу. Пра гэта сёньня заявіў Аляксандар Лукашэнка. Ён патрабуе ад парлямэнтарыяў знайсьці новыя мэтады прымусіць людзей працаваць. Прафсаюзныя экспэрты ў сваю чаргу лічаць, што такое стаўленьне да беспрацоўных можа выклікаць эканамічныя і палітычныя санкцыі.

«Патрэбна новая канцэпцыя: прымусіць працаваць кожнага», — заявіў Лукашэнка падчас пасланьня да народу Беларусі і Нацыянальнага сходу.

Пасьля масавых акыцяў пратэсту ў лютым і сакавіку 2017 году Аляксандар Лукашэнка прыпыніў дзеяньне дэкрэту № 3 аб сацыяльным утрыманстве. Але прэзыдэнт увесь час падкрэсьлівае, што дэкрэт не адмяняцца, а мусіць быць быць прадстаўлены ў новай форме.

Лукашэнка не прызнае правалу дэкрэту, бо гэта была ягоная ініцыятыва, лічыць Алена Яськова, юрыст Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Паводле яе, дэкрэт пярэчыць і Канстытуцыі, і міжнароднаму праву.

Любыя формы ціску на людзей, прымушэньне да працы — гэта парушэньне Канвэнцыі аб забароне прымусовай працы.

«Любыя формы ціску на людзей, прымушэньне да працы — гэта парушэньне Канвэнцыі аб забароне прымусовай працы, — сказала Яськова Свабодзе. — І ў нашай Канстытуцыі ёсьць права на працу, але няма абавязку працаваць. Чалавек можа мець нейкія даходы, спадчыну».

Замест прымусовай працы ўлады мусяць забясьпечваць эфэктыўную і плённую занятасьць, лічыць Яськова. Яны павінны прыцягнуць да працоўнай дзейнасьці, перанавучыць беспрацоўных, выплачваць дастойную дапамогу па беспрацоўі.

Беларусь застаецца адзінай краінай у сьвеце, дзе беспрацоўныя абкладзеныя падаткам. Летась Міжнародная арганізацыя працы рэкамэндавала беларускаму ўраду прывесьці нарматыўныя акты і дэкрэты прэзыдэнта ў адпаведнасьць з Канвэнцыяй № 29 аб забароне прымусовай працы і канвэнцыяй 105 МАП аб скасаваньні прымусовай працы.

«У свой час Беларусь была пазбаўленая гандлёвых прэфэрэнцыяў у Эўропе за парушэньне правоў прафсаюзаў, — кажа Яськова. — Гэта можа пацягнуць за сабой сур’ёзныя эканамічныя і палітычныя санкцыі».

Аднак Аляксандар Лукашэнка патрабуе яшчэ больш узмацніць адказнасьць за дармаедзтва. Ён прыгадаў «савецкі досьвед». Нагадаем, ухіленьне ад працы ў СССР перасьледавалася паводле Крымінальнага кодэксу.

«Мы маем такі досьвед. Досьвед савецкіх часоў. Можа, ня тыя мэтады, а можа, і тыя», — сказаў Лукашэнка.

Алена Яськова лічыць, што магчымая крымінальная адказнасьць людзей, што трапляюць пад дэкрэт, — гэта яшчэ больш сур’ёзнае парушэньне Канвэнцыяў.

«Ён кажа, мякка кажучы, несусьветную лухту, — кажа Яськова. — Ні ў адной краіне сьвету няма збору зь людзей, якія ня маюць працы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG