Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым падобныя Зяленскі і Лукашэнка


Існуе відавочная паралель паміж Аляксандрам Лукашэнкам узору 1994 году і Ўладзімірам Зяленскім 2019 году.

«Фішкі» абодвух падобныя: ёсьць прагнілая, карумпаваная, дыскрэдытаваная эліта, а супраць яе — збаўца, народны заступнік. Як у старым анэкдоце: усе ў га@не і тут выходжу я ўвесь у белым. Навагодняя дэклярацыя Зяленскага аб уступленьні ў выбарчую кампанію была вытрыманая менавіта ў такой стылістыцы.

Калі ён распавядае, як яны з Пуціным напішуць свае ўмовы і знойдуць агульную раўнадзейную — ну гэта дзіўны, мякка кажучы, плян. Але гэта для яго выбарнікаў і няважна.

Як мы гэта бачылі і ў 1994 годзе ў Беларусі, і ў ЗША ў 2016 годзе, падчас кампаніі Трампа — людзі рэагуюць на вобраз, на стыль, на тэмбар голасу, а не на тое, што ўласна гаворыцца. Тут разьлік толькі на гэта — на бунт супраць усёй эліты.

Улада мяняецца шмат у якіх краінах, мяняецца па-рознаму і з розных прычынаў. Але галоўным матывам менавіта падобных «электаральных рэвалюцыяў» зьяўляецца расчараваньне, няспраўджаныя надзеі.

Прыход да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе быў рэакцыяй на наступствы перабудовы, распаду СССР і краху камунізму. Гэтыя падзеі спарадзілі вялікія надзеі, спадзевы. Яны шмат у чым ня спраўдзіліся, што выдатна апісала Сьвятлана Алексіевіч у сваім «Часе second hand». І рэакцыя — не памяняць белы бок шахматнай дошкі на чорны, а перавярнуць дошку. Усе прэч — і дэмакраты, і партакраты.

Выглядае, што і фэномэн Зяленскага — гэта такая ж рэакцыя няспраўджаных надзеяў, якія спарадзіла ўкраінская «рэвалюцыя годнасьці»: а пайшлі вы ўсе, датычныя да яе з абодвух бакоў.

Хаця ў гэтых антыэлітных бунтах заўсёды ёсьць пэўнае лукаўства. Нават у Беларусі ў 1994 годзе на выбарах перамог насамрэч не дырэктар саўгасу, а дэпутат парлямэнту, старшыня часовай парлямэнцкай камісіі.

Гэтак жа і ў ЗША ў 2016 годзе — Трамп быў плоць ад плоці той самай эліты. Тое самае тычыцца і Зяленскага. Назіральнікі адзначалі, што так рабіць «95-ы квартал», як яго рабіў і робіць Зяленскі, немагчыма без дакладнага і глыбокага веданьня ўсіх тонкасьцяў украінскай палітычнай кухні. Так што і Зяленскі — зусім не чужы ўкраінскаму палітыкуму.

І калі ён паказаў сваю дэклярацыю аб даходах, то гэта не дэклярацыя яго героя-бессрэбраніка з сэрыялу «Слуга народу». Зяленскі — не алігарх, але чалавек вельмі заможны. Аднак у вобраз змагара за народ супраць элітаў ён трапіў дакладна.

Адрозьненьняў паміж Лукашэнкам-1994 і Зяленскім-2019 хіба ня больш, чым падабенстваў. У нечым яны нават антыподы. Лукашэнка тады быў кумірам вёскі і людзей сталага веку, Зяленскі цяпер — моладзі і гораду. Лукашэнка быў кандыдатам рэваншу, Зяленскі — хутчэй карэкцыі. Іншы народ, іншы час, іншы крызіс расчараваньня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG