Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Проста як Зяленскі. Лябедзька запрасіў Лукашэнку на размову ў жывы эфір. ВІДЭА

абноўлена

Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька запрасіў Аляксандра Лукашэнку адказаць у жывым эфіры на 25 пытаньняў, якія выберуць з прапанаваных простымі людзьмі, у сувязі з хуткім 25-годзьдзем прэзыдэнцтва Лукашэнкі.

​«У вас 24 гадзіны, каб даць адказ на гэтую прапанову, — кажа Лябедзька на відэа. — Час пайшоў! Гэта не ўльтыматум, а народны дэдлайн. Разумею, вам ня проста даць згоду, вы ж звыклі да маналёгу. А тут вам прыйдзецца адказаць, гледзячы ў вочы мільёнам выбарнікаў, у якіх вы забралі права выбару».

Ролік Лябедзькі нагадвае відэа, якое публікаваў кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзімер Зяленскі, калі запрашаў дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнку на дэбаты на стадыёне. Праўда, 14 красавіка Парашэнка прыйшоў на дэбаты, а Зяленскі — не. Апошні настойваў на іншай даце дэбатаў, 19 красавіка. Парашэнка пагадзіўся прыйсьці яшчэ раз.

У адрозьненьне ад Зяленскага, Лябедзька не зьбіраецца ісьці ў прэзыдэнты. Ён падкрэсьліў гэта ў відэазвароце: маўляў, ня мае намеру ўдзельнічаць у выбарах, «якіх няма».

Партыя Лябедзькі ў межах правацэнтрысцкай кааліцыі зьбіраецца выстаўляць кандыдата на прэзыдэнцкія выбары — каго менавіта, вызначаць на праймэрыз. Калі беларусам прапануюць галасаваць, невядома: на мяжы 2019 і 2020 гадоў у Беларусі мусяць прайсьці і прэзыдэнцкія, і парлямэнцкія выбары, канкрэтныя даты не называлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG