Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непераканаўчы піяр. Невялікія высновы зь «Вялікай размовы»


Імпрэза пад назвай «Вялікая размова з прэзыдэнтам» задумвалася як рэзанансная піяр-акцыя, магчыма, як пачатак перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Невыпадкова Лукашэнка на ёй заявіў, што будзе балятавацца ў прэзыдэнты.

Сьцісла

  • Калі з Лукашэнкам спрачаліся, ён адчуваў дыскамфорт.
  • Вельмі мала ўвагі было прысьвечана сацыяльна-эканамічным пытаньням, бо ва ўладаў няма на іх здавальняючага адказу.
  • Масква рыхтуе новыя рычагі дзеля ціску на Менск.
  • Стаўленьне да Захаду было даволі нэгатыўнае.

У адрозьненьне ад аналягічнай імпрэзы 2017 году, гэтым разам атрымалі слова прадстаўнікі незалежных СМІ, незалежныя экспэрты (Раманчук, Анісім, Трусаў).

Зразумела, прэсавая канфэрэнцыя праходзіла паводле пэўнага сцэнару. Як падалося, большасьць пытаньняў былі падрыхтаваныя.

Аднак было добра відаць, што калі Лукашэнка адказваў на пытаньні Зьмітра Лукашука, Яраслава Раманчука ці наконт прызнаньня Крыму расейскім, то ён нэрваваўся, быў раздражнёны, нават пазьней вяртаўся да гэтых пытаньняў, ня мог супакоіцца. Бо адвык, калі зь ім спрачаюцца. Яму рэдка даводзіцца ўступаць у публічныя дыскусіі, таму ён і адчуваў пэўны дыскамфорт.

Але, на мой погляд, піяр атрымаўся ня вельмі ўдалы. Бо што сёньня найбольш хвалюе сярэдняга беларуса? З тых пытаньняў, якія зьбірала БелТА, вынікае, што больш за ўсё людзей цікавілі сацыяльна-эканамічныя праблемы. Прамысловасьць памірае, у рэгіёнах няма працы. Сярэдні заробак 10 гадоў стаіць на адным месцы. Насельніцтва лічыць, што трэба нешта рабіць, патрэбныя перамены. Людзі чакалі адказу.

Але асноўныя пытаньні круціліся вакол тэмы незалежнасьці, вонкавай пагрозы сувэрэнітэту, інфармацыйнай бясьпекі, разуменьня беларускай ідэнтычнасьці, ідэалёгіі. Стваралася ўражаньне, што гэта было зроблена адмыслова, каб адцягнуць увагу ад пытаньняў, на якія ва ўладаў няма здавальняючага адказу. Таму лепш іх не чапаць.

Асноўны тэзіс наконт сацыяльна-эканамічных праблемаў быў такі: усе патрэбныя рашэньні ўладай прынятыя, усе ўмовы для разьвіцьця створаныя. Трэба «распранацца і працаваць». Калі няма вынікаў, то самі беларусы і вінаватыя.

Паказальная дыскусія Лукашэнкі з Раманчуком. Фактычна гэта была спрэчка наконт эфэктыўнасьці беларускай сацыяльнай мадэлі. Кіраўнік дзяржавы хутчэй апраўдваўся. Гэта размова ня проста на розных мовах. Гэта камунікацыя людзей з розных плянэт. Яраслаў кажа пра свабоду бізнэсу, а Лукашэнка ў адказ: я нарэзаў адказнасьць на прадпрымальнікаў па пытаньні ІТ. Раманчук — пра прыватную ўласнасьць на зямлю, Лукашэнка — я 25% калгасаў насільна навязаў бізнэсоўцам, чаго ты хочаш?

З адказаў пра беларуска-расейскія адносіны зьвярнуў на сябе ўвагу той сюжэт, што, паводле Лукашэнкі, Расея ня толькі не зьбіраецца кампэнсаваць страты ад падатковага манэўру, але Масква яшчэ і тармозіць перамовы пра газ на наступны год, не дае адказу наконт крэдыту. Відаць, гэтыя тэмы будуць наступнымі рычагамі ў руках Масквы, каб прымусіць Менск да «паглыбленьня інтэграцыі». Вось і ўвесь вынік перамоваў у Сочы.

Звычайна, калі ў адносінах з Расеяй узьнікалі праблемы, Лукашэнка рабіў дэманстратыўны жэст у бок Захаду. Але гэтым разам, здаецца, адбываецца нешта незвычайнае.

Расею ён крытыкаваў даволі моцна. Але і пра Захад казаў, што гэта «нашы ворагі», што яны імкнуцца дэстабілізаваць тут сытуацыю, што расейска-ўкраінскі канфлікт — гэта падарунак амэрыканцам. Некалькі разоў узгадаў Польшчу ў нэгатыўным пляне.

На тле таго, што Лукашэнка адмовіўся ад паездкі на Мюнхэнскую канфэрэнцыю, дзе, дарэчы, былі заплянаваныя яго сустрэчы з канцлерам ФРГ Ангелай Мэркель і генэральным сакратаром НАТО Енсам Столтэнбэргам, усё гэта выглядае даволі паказальна. І выснова такая: мусіць, з усходу яго моцна прыціснулі. Мацней, чым звычайна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG