Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа не ў Зяленскім. Лябедзька расказаў, чаму кінуў выклік Лукашэнку


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька запрасіў Аляксандра Лукашэнку адказаць у жывым эфіры на 25 пытаньняў, якія выберуць з прапанаваных простымі людзьмі. Ён даў Лукашэнку 24 гадзіны на адказ.

Як расказаў Свабодзе сам Анатоль Лябедзька, гэты ролік — «вынік чаяваньня некалькіх людзей, размовы пра жыцьцё і сытуацыю ў краіне». Ён пагаджаецца з тым, што відэа нагадвае заклік на дэбаты кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Маўляў, «ня трэба вынаходзіць ровар, калі на ім езьдзіць усё чалавецтва».

Але Лябедзька адзначае: справа ня столькі ў Зяленскім, колькі ва ўвазе беларусаў да замежных выбараў.

«Аналізуючы сацыяльныя сеткі ў Беларусі, я заўважыў, што беларусы з такім натхненьнем абмяркоўваюць, што там адбываецца: што сказаў Парашэнка, як адказаў Зяленскі, — разважае ён. — Такое адчуваньне, што людзі стаміліся ад той сытуацыі, якая ёсьць у нас, што ў іх ёсьць зайздрасьць да суседзяў, дзе ёсьць сапраўдныя выбары, інтрыга, рэальнае супрацьстаяньне».

Аляксандар Лукашэнка можа і не пагадзіцца на заклік у эфір або проста праігнараваць яго. Лябедзька кажа, яго гэта ня зьдзівіць: 25 гадоў Лукашэнка «працуе ў рэжыме маналёгу, у атачэньні толькі чыноўнікаў і прапагандыстаў», яму ў такіх умовах камфортна. Наўрад ці Лукашэнка абвесьціць у пасланьні да народу Беларусі, што, як кажа Лябедзька, «гатовы гаварыць не ў фармаце вялікай размовы, але і вялікай справаздачы».

Лябедзька тлумачыць, што спадзяецца на існаваньне трэнду на запыт да ўладаў: каб пасьля роліку людзі самі пачалі фармуляваць пытаньні да Лукашэнкі, запісваць свае відэа і публікаваць іх у сацсетках.

«Гэта важна, каб такіх пытаньняў былі тысячы, — тлумачыць Лябедзька. — А мы з гэтых тысяч пытаньняў адбяром 25 самых актуальных і злабадзённых, па пытаньні на адзін год праўленьня Лукашэнкі зь ягонымі царскімі паўнамоцтвамі. Для нас важная ня толькі рэакцыя Лукашэнкі, якая ў прынцыпе прагназаваная, але больш важная рэфлексія грамадзянаў, падаткаплатнікаў Беларусі.

У нас ідуць выбарчыя кампаніі, прэзыдэнцкая і парлямэнцкая. Трэба варушыць сытуацыю, узбуджваць людзей, падвышаць грамадзянскую актыўнасьць. Калі ўсё зводзіцца толькі да кухні і да таго, што нічога не адбудзецца, бо нічога нельга зрабіць, то гэта слабая пазыцыя».

Неўзабаве пасьля публікацыі роліку Лябедзькі ў сацсетках пачалі зьяўляцца пасты з прапанаваным ім хэштэгам #дзеадказ — як сур’ёзныя, так і жартаўлівыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG