Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнкі няма ў сацсетках


Чаму кіраўніка Беларусі няма ў сацсетках? Хто зь беларусаў зрабіў сабе імя праз сацсеткі? Чаму падпісанты Свабоды ў Фэйсбуку падтрымліваюць Парашэнку, а Вконтакте — Зяленскага. Абмяркоўваюць журналісты Юры Дракахруст, Жана Новік, Ганна Соўсь і спэцыяліст у сацыяльных мэдыя Мікіта Іваноў.

Сьцісла

  • Дракахруст: Лукашэнка прызвычаіўся да сямігадзінных прамоваў, там ён можа сябе выказаць, а ў 144 знаках, магчыма, і не.
  • Соўсь: Ён вельмі даўно са звычайнымі людзьмі не кантактуе. Магчыма, гэта таксама сьвядомы выбар, бо з камэнтароў у сацсетках шмат чаго можна даведацца пра сябе.
  • Новік: А навошта яму сацыяльныя сеткі? Яго і так усе чуюць, на «вялікіх размовах». У яго і так ёсьць ягоныя «80 адсоткаў».
  • Іваноў: Магчыма, гэта агульнае неўспрыняцьце новых тэхналёгій, нейкая кандовасьць. Ёсьць уяўленьне пра тое, што ёсьць апарат, «Советская Белоруссия» і гэтага дастаткова.

Ці прэзыдэнцкая справа сацсеткі?

Юры Дракахруст: Большасьць сусьветных лідэраў маюць акаўнты ў сацсетках. Кіраўнікі суседніх дэмакратычных краінаў Парашэнка, Дуда, Грыбаўскаце актыўныя ў сацсетках. Ня факт, што яны самі іх вядуць, у любым разе ствараецца адчуваньне кантакту з выбарнікамі. Вельмі актыўны там быў Чавэс, зараз актыўныя і Мадура, і Гуайдо, у Вэнэсуэле канфлікт адбываецца і ў сацсетках. Але пасьля Трампа — усе на другіх ролях. А Лукашэнку гэта чужое. Калі ў Расеі прэзыдэнтам быў Мядзьведзеў, Лукашэнку спыталі, а ці ёсьць у вас пляншэт, як вы карыстаецеся інтэрнэтам? Ён адказаў — у мяне Коля пальцам тыкае ў пляншэт, не прэзыдэнцкая гэта справа. Чаму беларускія ўлады не прысутнічаюць у сацыяльных сетках?

Ганна Соўсь
Ганна Соўсь

Ганна Соўсь: У кнізе Боба Вудварда «Страх. Трамп у Белым доме» падрабязна апісваецца, як людзі з атачэньня Трампа спрабавалі спыніць ягоную актыўнасьць у Твітэры, бо прэзыдэнт ЗША імгненна рэагуе на падзеі праз Твітэр, часам не ўзважыўшы ўсе наступствы. Гэтыя спробы былі беспасьпяховыя. Трамп казаў пра Твітэр як пра свой мікрафон для кантактаў са сьветам, зь людзьмі, і паводле яго, ён для яго нашмат мацнейшы, чым усе СМІ.

Чаму Аляксандар Лукашэнка не карыстаецца такім моцным інструмэнтам як сацыяльныя сеткі? Усю патрэбную інфармацыю яму ў сканцэнтраваным выглядзе прыносяць адпаведныя службы і памочнікі. У мяне ёсьць падазрэньне, хаця я магу і памыляцца, што ён проста не засвоіў кампутар, як чалавек пэўнага ўзросту. Магчыма яму гэта і ня трэба. Па ягоных рэпліках можна меркаваць, што ня вельмі ён разьбіраецца, бо інакш бы праскоквалі б розныя тэрміны наконт сетак, інтэрнэту, кампутараў, гаджэтаў.

Напрыклад, прэзыдэнт Парашэнка, як выглядае, сам пэрыядычна выстаўляе пасты ў сацсетках, хаця, натуральна, ёсьць і памочнікі для гэтага. Калі вызвалілі Надзею Саўчанку, і ён асабіста на самалёце за ёй паляцеў, і я бачыла выстаўлены ім у Фэйсбуку фотаздымак Саўчанкі ў самалёце. Было відавочна, што гэта ён сам зрабіў і выставіў.

У Аляксандра Лукашэнкі дастаткова іншых рычагоў, каб ягоныя словы дайшлі да людзей, і для яго ня так ужо і важныя водгукі і рэакцыі людзей, як для таго ж Трампа. Дональд Трамп — прэзыдэнт краіны, дзе адбываюцца сапраўдныя выбары. Голас народу, магчыма, ня вельмі цікавіць Аляксандра Лукашэнку, таму яму наўпроставая сувязь праз сацсеткі не патрэбная. А ён, я думаю, быў бы таленавітым чалавекам у сацсетках, каб захацеў быць там актыўным. Яму проста гэта непатрэбна, бо ў яго ёсьць іншыя спосабы заставацца ва ўладзе. І гэта зусім не сымпатыі людзей і не непасрэдны кантакт зь імі.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Юры Дракахруст: Мікіта, а як вы лічыце, ці тут справа проста ў кампутарнай непісьменнасьці Лукашэнкі? У рэшце можна ж знайсьці дасьведчаных памочнікаў, якія гэта будуць рабіць. Да досьведу суседняй краіны: Мядзьведзеў вельмі актыўны ў сацсетках, яму вельмі падабаецца гуляцца з гэтымі гаджэтамі, а Пуцін — не. Хаця краіна адна і тая ж, сыстэма адна і тая ж. Чаму Лукашэнкі няма ў сацсетках?

Мікіта Іваноў
Мікіта Іваноў

Мікіта Іваноў: Увогуле вельмі слабыя ўсе дзяржаўныя СМІ ў сацыяльных сетках. Магчыма, гэта агульнае неразуменьне падыходу да існаваньня ў сацсетках, неўспрыняцьце новых тэхналёгій, нейкая кандовасьць. Ёсьць уяўленьне пра тое, што ёсьць апарат, «Советская Белоруссия», газэта «Рэспубліка», і гэтага дастаткова. Я думаю, што існуе такое бачаньне сытуацыі пра адсталасьць у сьветапоглядзе.

«Лукашэнка прызвычаіўся да сямігадзінных прамоваў, там ён можа сябе выказаць, а ў 144 знаках, магчыма, і не»

Юры Дракахруст: А можа гэта сьвядомая адсталасьць? Па формуле Ясеніна «задрав штаны, бежать за комсомолом». Проста неахвота бегчы за вамі, Мікіта і Жанна. Вы ж усё роўна ня будзеце «за». А тады навошта напружвацца? Можа, Лукашэнка адмыслова такі олдскульны?

Жанна Новік
Жанна Новік

Жанна Новік: Калі Ганна сказала, што, магчыма, Лукашэнка проста ня ўмее карыстацца сучаснымі гаджэтамі, то ў мяне адразу перад вачыма ўсплылі ўсе мэмы, якія зьявіліся на беларускай інтэрнэт-прасторы — пра «пляфоны-айфоны», ІТ-краіну і іншыя. Мне здаецца, што старэйшае пакаленьне думае, што інтэрнэт — нешта абстрактнае, далёкае ад іх. Яны не разумеюць, які ўплыў можна аказваць на людзей, карыстаючыся сацыяльнымі сеткамі, ведучы акаўнты ў сацыяльных сетках, тым больш, калі ты — палітык.

Аляксандар Лукашэнка наведвае кароўнік малочнага комплексу «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне
Аляксандар Лукашэнка наведвае кароўнік малочнага комплексу «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне

Прыклад таго ж Зяленскага паказвае, што чалавек, папулярны ў Інстаграме, вельмі лёгка можа стаць нават прэзыдэнтам. Чаму Лукашэнка не карыстаецца інтэрнэтам, не вядзе сацыяльныя сеткі? Мне здаецца, гэта тлумачыцца проста — а навошта? Яго і так усе чуюць, на «вялікіх размовах» ён нешта кажа, ён не разумее, навошта яму быць у сацыяльных сетках. У яго і так ёсьць падтрымка, яго «80 адсоткаў», стабільная яго лічба. Пра 80% — гэта ў двукосьсі. Мне здаецца, што ні Лукашэнка, ні ягоная адміністрацыя, ні ягоная прэсавая сакратарка проста ня бачаць сэнсу ісьці ў сацсеткі.

Ганна Соўсь: Калі паглядзець на актыўнасьць у сетках іншых кіраўнікоў дзяржаваў, то звычайна яны проста посьцяць нешта і не адказваюць на камэнтары. Напрыклад пад пастамі Трампа тысячы самых розных камэнтароў. Аляксандар Лукашэнка вельмі даўно са звычайнымі людзьмі не кантактуе. Нават калі і арганізоўваюцца сустрэчы з народам у вёсках і гарадах, то да яго дапускаюць падрыхтаваных і адабраных людзей. З самым звычайным чалавекам, зь якім не пагутарыла напярэдадні служба бясьпекі, ён даўно не размаўляе. Магчыма, таму што ня хоча, магчыма, таму што крыху пабойваецца. Магчыма, гэта таксама сьвядомы выбар, бо з камэнтароў у сацсетках шмат чаго можна даведацца пра сябе. І камусьці ж трэба будзе мадэраваць гэтыя камэнты. Юра, а як вы мяркуеце, а ці быў бы пасьпяховым Лукашэнка ў сацсетках, ці змог бы выклікаць сымпатыі людзей, як той жа Трамп у сваіх выбарнікаў?

Хто зь беларусаў сам сябе зрабіў у сацсетках?

Юры Дракахруст: Складанае пытаньне. Я не параўноўваю сябе з прэзыдэнтам. Але я бачу, што сацыяльныя сеткі, Тэлеграм, Твітэр, вымагаюць зусім іншага стылю. Нязвыклага, напрыклад, для мяне. Я ў гэтым сэнсе таксама чалавек у нечым старамодны, чалавек друкаваных газэтаў ХХ стагодзьдзя. Для мяне стылістыка сацсетак таксама новая і нязвыклая. Магчыма, і Лукашэнка менавіта таму туды і не ідзе. Ён прызвычаіўся да сямігадзінных прамоваў, там ён можа сябе выказаць, а ў 144 знаках, магчыма, і не. Умець гэта — гэта асаблівы дар. Жанна, вы прыгадалі пра папулярнасьць Зяленскага ў сацсетках. А хто з беларусаў зрабіў сам сябе ў сацсетках? Маюцца на ўвазе людзі з грамадзка-палітычнай рэпутацыяй. Можна сказаць — Улад Бумага. Ён усіх ці многіх пакрывае памерам аўдыторыі. Ну а калі не казаць пра шоўмэнаў, то хто?

Антон Матолька
Антон Матолька

Жанна Новік: На маю думку, адным з самых пасьпяховых актывістаў, блогераў зьяўляецца Антон Матолька. Яго ведае шмат хто ня толькі ў межах Менску, але і ў рэгіёнах таксама. Вы, Юры, прыгадалі Ўлада Бумагу і астатніх. Яны ўсё ж выходзяць больш не на беларускую аўдыторыю. Яны — блогеры ў youtube родам зь Беларусі, у іх вельмі мала ўласна беларускага кантэнту.

Мэм «Мотолько помоги» і астатнія, тое, як ён вядзе акаўнты ў сацыяльных сетках — усё гэта даволі пасьпяхова. З астатніх — можа, Дзяніс Блішч, але гэта чалавек, які губляе сваю папулярнасьць. Ёсьць той жа самы koko.by, але ён больш выступае як «фудхантэр».

Андрэй Горват
Андрэй Горват

Ганна Соўсь: Я бы назвала Андруся Горвата, які зрабіў сабе імя ў літаратуры ў тым ліку і дзякуючы сацсеткам, які напісаў раман на падставе допісаў у Фэйсбуку. Ён сыходзіў зь сетак, потым вяртаўся ў іх. Я назірала, як ён напіша адзін сказ, падаецца, нічога асаблівага, а трыста лайкаў за 10 хвілінаў. Гэта фэномэн і сеткавая зьява ў тым ліку. Яшчэ назаву Зьмітра Дашкевіча. Магчыма і не такая шырокая ў яго аўдыторыя, але ён неверагодна папулярны ў пэўных колах. Калі паглядзіць ягоныя стрымы па пятніцах ці пасьля адседак, ці з нагоды важных падзеяў, калі ён гутарыць зь людзьмі, то відавочна, што ягоны голас можа дайсьці да вельмі многіх людзей.

«Дашкевіч — гэта мэдыя-машына»

Юры Дракахруст: Мікіта, а якія маштабы папулярнасьці блогераў, названых нашымі калегамі? Я часам гляджу ўкраінскага влогера Анатоля Шарыя — вельмі антыпарашэнкаўскага, антымайданаўскага. Аўдыторыя яго youtube-каналу — 2 мільёны чалавек. Ці сувымернай з гэтым аўдыторыя Матолькі, Дашкевіча?

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Мікіта Іваноў: Я бы не сказаў, што Шарый мог бы ўплываць на беларускае грамадзтва настолькі, наколькі гэта робіць Матолька, Дашкевіч, Пальчыс, якога таксама можна згадаць як дастаткова ўплывовага блогера. Магчыма, Анатоль Шарый і ўплывае, але і ў Расеі таксама. Замерыць уплыў на што мы хочам? Калі на грамадзкае жыцьцё, то Дашкевіч, сапраўды, гэта чалавек, які па факце супрацьстаіць Лукашэнку ў Курапатах. Па загадзе кіраўніка Беларусі зносяць крыжы, пастаўленыя Дашкевічам. Дашкевіч — гэта мэдыя-машына, асобны мэдыя-праект, Я лічу, што ён вельмі пісьменна сябе паводзіць у сацыяльных сетках, і ягоная актыўнасьць спалучаецца з актыўнымі дзеяньнямі. І гэта сакрэт ягонага посьпеху. Я бы не сказаў, што Шарый сувымерны з Дашкевічам у беларускім кантэксьце. Калі казаць пра колькасьць аўдыторыі, то з Шарыем няма сувымерных у Беларусі блогераў у грамадзка-палітычным сэктары. Ёсьць футблогеры, блогеры, якія пішуць пра побытавыя рэчы, але ў грамадзкім сэктары — не.

Юры Дракахруст: Жанна, а які памер аўдыторыі, скажам, Матолькі агулам, на ўсіх плятформах?

Жанна Новік: Цяжка дакладна падлічыць, але мне здаецца, максымум — 200 тысяч чалавек. Гэта столь, і тое, мне здаецца, я завышаю гэтую лічбу. Калісьці, калі быў папулярны Твітэр у Беларусі, менавіта там і «стрэліў» Матолька, калі ён пісаў пра праблемы. Твітэр для гэтага быў ідэальнай сацыяльнай сеткай — паразмаўляць зь кімсьці, апублікаваць тэрміновыя навіны. А цяпер, калі Твітэр трохі памірае, ёсьць праблема. Так, Матолька ёсьць і ў Фэйсбуку, і ў Інстаграме, але там ён менш папулярны. Аднак у яго ёсьць 150 — 200 тысяч чалавек. Гэта няшмат.

Чаму так па-рознаму галасуюць падпісанты Свабоды ў розных сацсетках?

Юры ​Дракахруст: Свабода спытала сваіх падпісантаў у сацсетках, за каго б яны аддалі голас у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Вынікі ўражваюць кантрастам — у Вконтакте сярод падпісантаў РС 90% за Зяленскага, у ФБ — таксама 90%, але за Парашэнку. Чаму такая люстэркавая, адваротная карціна?

Жанна Новік: Усё даволі зразумела, бо ў суполках у Вконтакте часьцей за ўсё сядзіць моладзь, і для моладзі Зяленскі — гумарыст, шоўмэн, вясёлы чалавек, малады палітык цяпер ужо. І ўзьнікае сымпатыя да яго, як, напрыклад, у іншых краінах, паглядзець на тую ж Канаду, дзе маладыя палітыкі вельмі папулярныя. Ва Ўкраіне моладзь захацела бачыць не сталага прэзыдэнта, а маладога, зь вялікімі амбіцыямі.

Юры Дракахруст: Ганна, а як вы тлумачыце гэта фэномэн? Хіба моладзь толькі ў Вконтакте сядзіць? Здаецца, больш адукаваная, больш «прасунутая» моладзь таксама і ў Фэйсбуку сядзіць. Вконтакте лічыцца больш народнай сеткай. А зь іншага боку, чым патлумачыць такі вялікі кантраст? Калі б адрозьненьні былі на пару дзясяткаў адсоткавых пунктаў, можна патлумачыць узростам, як гэта робіць Жанна. А тут — люстэркава, 90 на 90.

Ганна Соўсь: Трэбы ўлічыць усё ж, што падпісаны свабодаўскіх суполак ня лёс Беларусі вырашалі, а проста галасавалі ў сетках. Сымпатыі маладой аўдыторыі ў несур’ёзным апытаньні цалкам натуральныя, яны на баку больш вясёлага кандыдата. А мне вельмі цікавы быў бы адказ на пытаньне, а якая была б падтрымка Аляксандра Лукашэнкі сярод падпісантаў Свабоды ў гэтых сацыяльных сетках. Няма ў нас пакуль кандыдата супраць Лукашэнкі, і выбараў няма, але тым ня менш, Юра, як вы мяркуеце, як бы разьмеркавалася свабодаўская аўдыторыя?

Юры Дракахруст: Я думаю, што як раз адносна Лукашэнкі, асабліва сярод падпісчыкаў Свабоды, наўрад ці быў бы такі вялікі разрыў. Бо ў розных сетках працавалі б розныя фактары. У Фэйсбуку працаваў бы хутчэй фактар адукацыі і палітычнай пазыцыі, беларускі Фэйсбуку ў цэлым больш апазыцыйны. А Вконтакте быў бы супраць Лукашэнкі, але з прычыны ўзросту карыстальнікаў гэтай сеткі, моладзь хоча маладога. Мікіта, а як вы думаеце, а які быў бы вынік у Аднаклясьніках? Там жа ня моладзь пераважна пасьвіцца. Які быў бы іх выбар паміж Парашэнкам і Зяленскім? Магчыма, той вынік, які мы атрымалі ў ВК, гэта вынік таго, што гэта — расейская сетка, і яе карыстальнікі больш уразьлівыя на мэсыджы расейскай прапаганды. А яе мэсыдж вядомы — абы не Парашэнка.

Мікіта Іваноў: Калі разглядаць усе сацыяльныя сеткі, то ўсе яны маюць адрозную аўдыторыю. У 2017 годзе адбылася забарона Аднаклясьнікаў і Вконтакте на тэрыторыі Ўкраіны, праз гэта ўкраінская павестка ў саміх гэтых сацсетках паслабела, людзі пачалі менш варушыцца ва ўкраінскім сьвеце. Украінцы пасыходзілі з гэтых сацсетак, на 50% абвалілася наведвальнасьць з тэрыторыі Ўкраіны. Карыстальнікі пачынаюць пераймаць расейскую павестку, якая гучыць у расейскіх мэдыях, і гэта адбіваецца на іх меркаваньнях, адрозна ад тых, хто актыўны ў Фэйсбуку. Калі б на гэтае пытаньне адказалі падпісанты Свабоды ў Аднаклясьніках, я ня думаю, што вынікі істотна адрозьніваліся б ад тых, што былі ва Вконтакте. Большасьць была б за Зяленскага.

«Сеткай нумар адзін у Беларусі зьяўляецца Інстаграм»

Юры Дракахруст: Вы, Жанна, ужо пачалі гэтую гаворку: у інфармацыйным сэнсе, у сэнсе відаў, «фасонаў» сацыяльных сетак, мэсэнджароў, каналаў — што зараз «носяць», што зараз модна? Гадоў 15 таму быў, цараваў Жывы Журнал — ЖЖ. Зьнік, як і не было, як калісьці пэйджары. А што зараз моднае? І ці не спасьцігне наш стары добры Фэйсбук лёс ЖЖ?

Жанна Новік: Сеткай нумар адзін у Беларусі зьяўляецца Інстаграм, і гэта пацьвярджае любая статыстыка. Потым — Вконтакте, таму што маладзейшыя за мяне людзі карыстаюцца гэтай сацыяльнай сеткай. Гэта даволі дзіўна, бо мне здавалася, што маладое пакаленьне ня будзе карыстацца гэтай сацыяльнай сеткай, якая ўзьнікла ў пачатку 2000-х гадоў. Мне здавалася, яны пяройдуць у Інстаграм, але не. На самай справе, моладзь да 20 гадоў карыстаецца і любіць ВК, для некаторых Інстаграм занадта перанасычаны проста прыгожымі фоткамі. У ВК сядзяць тыя, хто любіць прастату і для каго вельмі звыклы менавіта сьвет ВКонтакте.

Пасьля Інстаграму, мне здаецца, як трохі «хіпстарскі» прадукт, ідзе Тэлеграм, які не такі папулярны, як ВК, але здаецца, што менавіта ў Тэлеграме сядзяць тыя людзі, якім трэба сьціслая, дакладная, тэрміновая інфармацыя, падпіскі на канкрэтныя каналы, якія чытаюць дайджэсты па тэхналёгіях, дызайне. Я падпісаная на суполкі ў Телеграме, дзе зьяўляюцца кароткія дайджэсты па дызайне, магу паглядзець падборку вельмі важных новых сэрвісаў для дызайнэраў.

А час Твітару сышоў, і даўно, напэўна, гады паўтары назад, а мо і два. І напэўна яго будзе чакаць лёс ЖЖ, у якісьці час ён проста застанецца на мінімальным узроўні сярод карыстальнікаў у Беларусі. Так, за мяжою ён даволі папулярны яшчэ, але ў нас яго час сышоў.

Юры Дракахруст: Ганна, Жанна казала са свайго ўзроставага гледзішча. Але варта сказаць, што нават старыя ўжо падключаюцца ня толькі да інтэрнэту, але і да ВК. Старыя бабулькі сядзяць у Аднаклясьніках, камунікуюць з раўналеткамі, са сваімі дзецьмі. У 2017 годзе, падчас «антыдармаедзкіх» пратэстаў, мы бачылі ня тое каб твітэр-рэвалюцыю, але ВК і АК працавалі, як мэханізм палітычнай мабілізацыі і камунікацыі. Як вы мяркуеце, ці старэйшае пакаленьне хутка адыдзе ад ужо звыклых для яго сацсетак, як моладзь, пра якую нам зараз распавяла Жанна?

Ганна Соўсь: Пажылых людзей з большага навучылі карыстацца сацсеткамі іх дзеці і ўнукі. Далей залежыць ад іх прасунутасьці і жаданьня. Але пакаленьне, якое цяпер выбірае Фэйсбук, таксама становіцца больш дарослым, старэе. Цалкам, магчыма, што праз пэўную колькасьць гадоў і Фэйсбук ператворыцца ў нешта кшталту Аднаклясьнікаў.

Жанна Новік: Наконт тэзы, што Фэйсбук ператворыцца ў Аднаклясьнікі. Ён ужо ператвараецца ў Аднаклясьнікі! Бо калісьці сярод моладзі было модна рэгістравацца ў ФБ, як у сацыяльнай сетцы для іх. А зараз я гляджу на сваіх сяброў. Мне 26 гадоў, а маім знаёмым — 30-35 гадоў. Аднак большасьці з маіх фрэндаў у ФБ — за 40 гадоў. І Фэйсбук сапраўды, проста старэе, і ўжо цяпер кажуць, што гэта другія Аднаклясьнікі.

Ганна Соўсь: Жанна, а якая ваша ўлюблёная сацыяльная сетка?

Жанна Новік: У мяне ўсё ж няма ўлюбёнай сацыяльнай сеткі, бо для мяне сацыяльныя сеткі — гэта праца. Мне больш падабаецца, я б так сказала лепей, Інстаграм і як новая сацыяльная сетка — tiktok. Там можна знайсьці тое, чаго ня знойдзеш у іншых сацыяльных сетках. І гэта вельмі крута. Хоць некаторыя кажуць, што tiktok — для своеасаблівай аўдыторыі, простых людзей, але, як падаецца, гэта месца зь вялікім патэнцыялам, зь вельмі цікавым кантэнтам.

Ганна Соўсь: А ў вас, Мікіта, якая ўлюблёная сацыяльная сетка?

Мікіта Іваноў: Гэта Твітэр. Я ў нейкай ступені рэтраград па сёньняшніх мерках. Калі агулам казаць пра сеткі, то гэта мэдыя-рынак, на якім цесна, на якім усе сацыяльныя сеткі спрабуюць адгрызьці свой кавалак. Вядома, перамагаць будзе той, хто будзе прыстасоўвацца да гэтага рынку, да зьменаў, да тэхнічных інавацый. Чаму tiktok папулярным стаў? Чаму сторыз зьявіліся? Таму што камэры мабільных тэлефонаў сталі больш дасканалымі, інтэрнэт-злучэньне стала больш дасканалым, таму тэкставыя сацыяльныя сеткі адыходзяць паступова і візуальна арыентаваныя сеткі ачольваюць гэты рэйтынг. Любая сетка, якая будзе прыстасоўвацца да сучасных тэхналёгій, будзе перамагаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG