Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар кнігі пра Лукашэнку: І Трамп і Лукашэнка дзіўным чынам адчуваюць простага чалавека


Грыгоры Ёфэ
Грыгоры Ёфэ

Пры ўсіх адрозьненьнях у маштабе і ўплывовасьці дзьвюх краінаў, эканомік, палітычных сыстэмаў падабенства вельмі вялікае, кажа прафэсар Грыгоры Ёфэ. Дасьледчык, які працуе ў Рэдфардзкім унівэрсытэце, расказаў Радыё Свабода, якія паралелі ён бачыць паміж кіраўнікамі ЗША і Беларусі, што зьмянілася ў Амэрыцы за год пасьля абраньня Трампа і ці цікавяць зараз Вашынгтон правы чалавека ў замежных дзяржавах

Аўтар кнігі пра Трампа: Ён робіць тое, што Лукашэнка рабіў у сярэдзіне 90-х

—​ Год таму Дональд Трамп стаў прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Адны ўспрымалі гэта як катастрофу, іншыя — як ледзь не прышэсьце мэсіі. Цяпер, праз год, якія і чые надзеі ён апраўдаў, якія і чые асьцярогі пацьвердзіў? Маё пытаньне вам — і як амэрыканскаму грамадзяніну, і як дасьледніку. Перафразуючы вядомую фразу Рональда Рэйгана — ці сталі вы лепш жыць за гэты год?

— Так, год таму гэта адбылося. Я тады быў у Менску, меў адмацавальны талён для галасаваньня, але ўстрымаўся, бо ня мог вырашыць, хто з двух кандыдатаў меншае зло для Амэрыкі. У амэрыканскай амбасадзе ў Менску была вечарына з нагоды выбараў зь неверагодна шырока прадстаўленай публікай: журналісты, уся апазыцыя, дыпляматы зь іншых дзяржаваў уключна з расейскім амбасадарам. Паставілі два кампутары і ўсіх заклікалі ўмоўна галасаваць за аднаго з двух кандыдатаў. Гілары Клінтан перамагла зь велізарным перавагай. І я, уявіце, таксама аддаў за яе голас (умоўна) — не таму, што яна меншае зло, а проста таму, што я, як і большасьць, лічыў яе перамогу больш чым імавернай.

Цяпер, па сканчэньні году, я думаю: як добра, што яна не перамагла. У нейкім сэнсе я стаў «лепш жыць», бо сачыць за ўнутрыамэрыканскай палітыкай стала больш займальна, чым калі-небудзь. Да таго ж, паступова я прыйшоў да высновы, што калі абстрагавацца ад пэўнай буфанады і нарцысізму, па сутнасьці я знаходжуся ў згодзе з мэтамі палітыкі Трампа і ня згодны з большасьцю яго крытыкаў.

Унутры Амэрыкі Трамп спрабуе адысьці ад так званай «палітыкі ідэнтычнасьці» — identity politics, пры якой амэрыканскае грамадзтва аказалася падзеленым на групы людзей, якія здабываюць паразытычныя выгоды ад сыстэмы сацыяльнае дзяржавы, прытым выгоды тым большыя, чым менш выгодаў атрымліваюць іншыя групы. Трамп таксама імкнецца перайсьці да асэнсаванай іміграцыйнай палітыкі. Ужо цяпер рэзка скарацілася колькасьць нелегальных імігрантаў, якія ў яшчэ большай ступені паразытуюць на краіне, чым спэцыфічныя сацыяльныя і расава-этнічныя групы. Не прыміце гэта за фобію. Проста я выступаю за больш скансалідаванае грамадзтва без прывілеяў на адвольных і выпадковых падставах. Пры Трампе адбываецца эканамічны рост і асабліва рост фондавага рынку, што для мяне прынцыпова важна, бо значная частка маіх пэнсійных ашчаджэньняў інвэставаная.

Калі нельга казаць, што эканамічны рост сёньня — цалкам заслуга Трампа (безумоўна, не), то рост фондавага рынку, хутчэй за ўсё, — менавіта яго заслуга. Бізнэс займеў веру ў будучыню, а гэта матэрыя тонкая і эмацыйная. Што да боязі, то, безумоўна, вялікая частка істэблішмэнту, Галівуд, значная частка СМІ нэрвуюцца, бо Трамп непасрэдна пагражае іхнаму элітарнаму становішчу.

—​ Што адбылося за гэты год з сыстэмай амэрыканскіх інстытутаў? Трамп здолеў падмяць яе пад сябе, яна — яго? Калі ні тое і ні іншае, то што?

— Падмяць гэтага Левіятана за такі кароткі тэрмін немагчыма. Шалёны супраціў на ўсіх узроўнях. І невядома, хто пераможа. Занадта шмат невядомых зьменных. Але Рэспубліканская партыя, мне здаецца, рухаецца ў правільным кірунку. Хоць і тут толькі парлямэнцкія выбары 2018 году дазволяць сьцьвярджаць нешта больш пэўна. Звычайна партыя, якая заняла Белы дом, губляе на прамежкавых выбарах у Кангрэс. Хацелася б, каб страты былі мінімальнымі або каб іх не было зусім. І гэта кажу я, які дасюль галасаваў за дэмакратаў у 100% выпадкаў. Падзеі апошніх гадоў зьмянілі мае перавагі.

—​ Прэзыдэнт Трамп надзвычай гаваркі й камунікабэльны, запісы ў Твітэр ён піша ледзь не штодня. Аднак ён вельмі рэдка і ў сваіх твітах, і ў сваіх прамовах ужывае словазлучэньне «правы чалавека» ў дачыненьні да замежных дзяржаваў. Пры гэтым ягоныя папярэднікі апэлявалі да гэтага паняцьця ўвесь час. Гэтая зьмена адлюстроўвае зьмену рэальнай замежнай палітыкі ЗША? Ці правы чалавека за мяжой Амэрыку, прынамсі Вашынгтон, больш не цікавяць?

— Вялікая і вельмі зашмальцаваная тэма. «Правы чалавека» — гэта, на вялікі жаль, клішэ, якое выкарыстоўвае ў сваіх карысьлівых мэтах цэлая гама бэнэфіцыяраў. Паколькі ў імя «правоў чалавека» наламана шмат дроваў, натуральным чынам у часткі палітызаванай публікі назапасілася агіда да гэтага клішэ. Рана ці позна гэта павінна было здарыцца. Іншая частка, гэтак жа натуральна, пасыпае галаву попелам, пераважна ад неабдуманасьці, а таксама ад выгады, якую яна (частка публікі) можа страціць. Што ж да шырокіх народных масаў, ад імя якіх выступае Трамп, то ім азначанае словазлучэньне і тое, што за ім стаіць, не было цікавым ніколі. Але і шырокія народныя масы таксама пры нагодзе выказваюць сваё «фэ», калі гаворка ідзе аб правах вельмі далёкага і невядомага ім, а таму абстрактнага чалавека.

Хочацца толькі спадзявацца, што з клішэ, які выкарыстоўваецца ў геапалітычных і іншых мэтах, якое мае мала агульнага пачатковым гуманістычным зьместам гэтага тэрміну, з часам вылупіцца нешта больш ядомае, чым пры Клінтану, Бушу і Абаму. Аднак я ня маю празьмерных чаканьняў у гэтым сэнсе — занадта магутныя тут дзейнічаюць інтарэсы.

Што ж да камунікабэльнасьці Трампа, то, вядома, станеш «камунікабэльным», калі трэба перабіць CNN, NBC, MSNBC, ABC, CBS, Washington Post, New York Times, New Yorker, Huffington Post, Time адразу, дарваўшыся да шырокіх народных масаў праз галаву гэтых вяльможных паноў і паненак. Як гаварылі за саветамі, народ і партыя адзіныя. Гэта самы геніяльны лёзунг савецкай эпохі. Вось Трамп і ўвасабляе адну з граняў гэтага адзінства.

—​ Некалькі гадоў таму Вы напісалі кнігу пра прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, у яе ўвайшлі, у прыватнасьці, і вашыя інтэрвію зь ім. На Ваш погляд, ці ёсьць нейкае падабенства паміж Трампам і Лукашэнкам? І калі так, то ў чым? І ў якім пэрыядзе Трамп падобны да Лукашэнкі, прычым якіх гадоў?

На гэтую тэму вычарпальна выказаўся Кірыл Коктыш, якога я цаню. Мне амаль няма чаго да гэтага дадаць. Так, пры ўсіх адрозьненьнях у маштабе і ўплывовасьці дзьвюх краінаў, эканомік, палітычных сыстэмаў падабенства вельмі вялікае. У якім пэрыядзе? Ну ў дачыненьні да Лукашэнкі, напэўна, прыкладна з 2000 году. Але думаю, падабенства больш доўгачасовае і фундамэнтальнае. Пачытайце, што піша Коктыш пра 1994 год.

Да таго, што ён піша, я б дадаў толькі адзін штрых. Памятаеце, як Зьміцер Шчыгельскі ў свой час ставіў дыягназ Лукашэнку? Цікава гэта параўнаць зь яго нядаўнім інтэрвію Свабодзе. Ён даў яго падчас першага за 17 гадоў візыту на сваю радзіму. Калі вы гледзіце амэрыканскія тэлеканалы, асабліва MSBC, вы можаце шмат даведацца пра тое, што Трамп пакутуе на псыхічнае захворваньне. Зразумела, і ў выпадку з Лукашэнкам, і ў выпадку з Трампам ідзецца аб прымітыўным прапагандысцкім прыёме, які, аднак, дае плён для часткі публікі, для тых, хто проста вельмі хоча, каб так і было.

Коктыш, дарэчы, заўважыў, што імавернасьць перамогі Трампа над сыстэмай будзе проста прапарцыйнаю намаганьням, якія ідуць на барацьбу з Трампам. Цалкам магчыма. У кожным разе з Лукашэнкам прыкладна тое ж самае. І той і іншы дзіўным чынам адчуваюць простага чалавека і валодаюць беспамылковым палітычным інстынктам. Зразумела, і той і іншы маюць якасьці, якія гáняць у так званым інтэлігенцкім коле. Ох, ужо гэтыя мне складана ўладкаваныя розумы і асабліва тыя, хто іх імітуе! На кожнага мудраца даволі дурасьці. Павярхоўная прылізанасьць, эрудыцыя і добрая мова зусім не заўсёды спадарожнічаюць пасьпяховай палітыцы. Бывае, вядома, але вельмі рэдка.

У 2011 годзе мне было надзвычай цікава гутарыць з Аляксандрам Лукашэнкам, гэта мая вялікая ўдача незалежна ад каштоўнасьці маіх твораў на беларускую тэму.

—​ Ці мяняецца палітыка ЗША стасоўна Беларусі з прыходам Трампа? Калі так, то ў якім кірунку?

Да Беларусі пакуль рукі не дайшлі. Я ўвогуле не разумею, як ён працуе ў сытуацыі такога жорсткага супрацьстаяньня. З увагі на недафармаванасьць штату Дзяржаўнага дэпартамэнту, рукі даходзяць толькі да самых актуальных выклікаў. Кажуць, аднак, што вада камень точыць. Можа, і дойдзе справа. Ёсьць некаторыя нясьмелыя падставы так думаць. А можа, нічога і ня зьменіцца. Ня ведаю.

***

Грыгоры Ёфэ — аўтар кніг «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксьце», «Расея і блізкае замежжа», «Разумеючы Беларусь і ў чым спудлавала заходняя замежная палітыка» і шэрагу іншых. Ёфэ працаваў у Інстытуце геаграфіі Расейскай акадэміі навук, цяпер прафэсар геаграфіі Рэдфардзкага ўнівэрсытэту (Вірджынія, ЗША).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG