Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ядзерная зброя» Лукашэнкі альбо Ці перакрые Беларусь транзыт расейскай нафты?


Індыкатар ціску ў нафтаправодзе "Дружба" ў Гомельскай вобласьці

Летась Пуцін сказаў, што ў выпадку ядзернага Армагедону «Расейцы трапяць у рай, а іх ворагі проста здохнуць». Ну дык і беларусы проста трапяць у рай, калі раптоўна давядзецца капітальна рэмантаваць нафтавую трубу.

Сьцісла

  • Кантроль Беларусі над расейскім нафтавым транзытам падобны на валоданьне ядзернай зброяй: гэта зброя пагрозы, а не яе выкананьня
  • Калі Беларусь перакрые нафтавы транзыт - гэта будзе катастрофай для яе, але і для Расеі таксама
  • Лукашэнка «расшпіліў кабуру» як аргумэнт у спрэчцы наконт цаны на газ на 2020 і наступныя гады

Ці перакрые Беларусь транзыт расейскай нафты? На гэта намякнуў Аляксандар Лукашэнка 11 красавіка падчас нарады з эканамічным блёкам ураду. Ён абурыўся абмежаваньнямі і забаронамі на пастаўкі асобных відаў харчаваньня, якія ўводзіць Расея. Лукашэнка назваў гэтыя меры «санкцыямі» і загадаў віцэ-прэм’еру Ігару Ляшэнку: «Калі трэба паставіць на рамонт нафтаправоды і нафтапрадуктаправоды, якія ідуць празь Беларусь, стаўце і рамантуйце».

Па форме — сымэтрычны адказ. «Рассельгаснагляд» паводле афіцыйнай вэрсіі дзейнічае паводле чыста прафэсійных, тэхнічных матываў — няякасная беларуская прадукцыя альбо кантрабандная. Ну дык і з нафтаправодамі — таксама чыста тэхнічнае пытаньне, ім раптам можа спатрэбіцца рамонт.

А па сутнасьці — пагроза.

Ці выканае Ігар Ляшэнка загад і наагул ці аддадзены ён дзеля выкананьня? Спыненьне транзыту — як ядзерная зброя. Яе моц не ў яе ўжываньні, а ў магчымасьці пагражаць ёй. Гэтак і ў Беларусі, у Лукашэнкі, з транзытам расейскай нафты. Гэта яго ядзерная зброя, моц якой ня ў тым, каб яе ўжываць.

З транзытам газу сытуацыя іншая. І газаправод «Ямал-Заходняя Эўропа», і сетка «Белтрансгазу» — ужо расейская ўласнасьць. Падымаць на яе руку — рызыкаваць вельмі непрыемнымі юрыдычнымі наступствамі, а можа і ня толькі юрыдычнымі. Сваю ўласнасьць Расея можа абараняць самымі рознымі сродкамі. Да таго ж з газам яна мае альтэрнатывы — тая ж Украіна і «Паўночны паток», апошні для таго і будаваўся. Так што спыніць ці істотна скараціць транзыт расейскага газу Беларусь фізычна ня ў стане.

А вось транзыт нафты — можа. Фізычна. Тэарэтычна. І труба — не расейская, і альтэрнатывы ёй Расея ня мае. А спыненьне транзыту нафты — гэта для Расеі эканамічная катастрофа. Праўда, і для Беларусі таксама. Можа нават большая.

Ну дык і зь ядзернай зброяй — тая самая «пятрушка». У канфлікце паміж ядзернымі дзяржавамі гэта зброя самазабойства, пазьбегнуць удару ў адказ сучасныя тэхналёгіі не дазваляюць. Менавіта таму гэта зброя пагрозы, а не ўжываньня.

Дакладна як і нафтаправод у Беларусі.

Аднойчы, у 2007 годзе, гэтая беларуская «ядзерная зброя» была нават ужытая. Ну як ужытая — транзыт быў сапраўды спынены, але на вельмі кароткі тэрмін. Эўрапейскія пакупнікі расейскай нафты маюць запасы нафты, ды і не ў адной Расеі яны нафту купляюць. Так што тагачаснае прыпыненьне транзыту ніякіх драматычных наступстваў для Эўропы ня мела, бо было вельмі кароткатэрміновым.

Але тады гэта аказалася дзейсным. Згода была дасягнутая. Не сказаць, што Беларусь тады атрымала ўсё, што хацела, але пэўна атрымала больш, чым атрымала б, калі б не спыняла нафтавы транзыт.

Выглядае, што сапраўдная нагода, чаму прэзыдэнт Беларусі цяпер «расшпіліў кабуру» зь беларускай «ядзернай зброяй» — зусім не крокі «Рассельгаснагляду», не забароны на імпарт у Расею морквы, гуркоў ці пэкінскай капусты. Гэтыя харчовыя забароны — рэч непрыемная, але не крытычная.

А што ж сапраўдная прычына? Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка паведаміў, што да 30 красавіка будзе вызначаная цана на газ для Беларусі на наступныя гады, прынамсі, папярэдне.

Вось менавіта ў межах гандлю за газ Лукашэнка, гледзячы па ўсім, і выклаў хіба ня самы вялікі козыр, які ў яго наагул ёсьць. І згуляў ім так, як ім у прынцыпе можна згуляць — прыгразіўшы, а не выканаўшы пагрозу.

Аднак тое, што даводзіцца карыстацца ім — сьведчаньне, што канфлікт зусім не залагоджваецца, а наадварот абвастраецца.

Варта нагадаць, што сама Расея ў апошнія гады ў стасунках з Захадам карыстаецца натуральнай ядзернай пагрозай, чаго вартыя толькі словы Пуціна пра тое, што ў выпадку ядзернага Армагедону расейцы трапяць у рай, а іх ворагі проста здохнуць.

Ну дык і беларусы проста трапяць у рай, калі раптоўна давядзецца капітальна рэмантаваць нафтавую трубу.

Перадрук з парталу TUT.BY

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG