Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна паміж саюзьнікамі. Лукашэнка пагражае прыпыніць транзыт расейскай нафты


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Магілёве, 12 кастрычніка 2018 году
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Магілёве, 12 кастрычніка 2018 году

Паміж Беларусьсью і Расеяй зноў пачалася эканамічная вайна.

  • Расея падвесіла пытаньне з выдзяленьнем крэдыту Беларусі.
  • Менск штучна падвышае тарыфы на транзыт нафты на 23%.
  • Лукашэнка на нарадзе 11 красавіка прыгразіў прыпыніць транзыт расейскай нафты.
  • Беларуска-расейскі канфлікт дасягнуў важнай мяжы.

Гэтага варта было чакаць. Як казаў клясік, ніколі такога не было, як на табе зноў. Пасьля абмену зьнявагамі паміж расейскім амбасадарам Міхаілам Бабічам і беларускім МЗС паміж краінамі пачалася крыху прыхаваная эканамічная вайна. Згадаем хроніку толькі гэтага месяца.

1 красавіка міністар фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў, што Расея выдзеліць Беларусі крэдытныя сродкі на суму да $600 млн. Маўляў, гэта рашэньне Пуціна. Але на наступны дзень прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў фактычна дэзавуяваў Сілуанава, адзначыўшы, што пытаньне аб выдзяленьні расейскага крэдыту Беларусі «знаходзіцца ў прапрацоўцы», таму ня трэба «рабіць на гэты конт афіцыйных заяваў», а варта дачакацца «адпаведнага моманту».

Раней Міхаіл Бабіч намякаў, што пытаньне крэдыту, як і іншыя кірункі эканамічнай дапамогі Беларусі, Масква ўвязвае з гатоўнасьцю Менску да «паглыбленьня інтэграцыі».

Далей усё аказалася яшчэ цікавей. 5 красавіка стала вядома, што беларускі ўрад пісьмова апавясьціў кампанію «Транснефть», што плянуе падвысіць тарыфы на транзыт нафты на 23%. Варта зазначыць, што ў студзені тарыф ужо вырас больш як на 7,6%. Тут цікавае абгрунтаваньне такога падвышэньня.

У лісьце, падпісаным намесьнікам прэм'ер-міністра Беларусі Ігарам Ляшэнкам, адзначана, што «для захаваньня, аднаўленьня і падтрыманьня экалягічнай раўнавагі прыроднага асяродзьдзя неабходна прыцягненьне на нацыянальным узроўні дадатковых фінансавых рэсурсаў». Інакш як зьдзекам такое тлумачэньне назваць нельга.

Ня дзіва, што міністар энэргетыкі РФ Аляксандр Новак выказаў нязгоду з такім рашэньнем. Праблема вынесена на разгляд антыманапольных службаў дзьвюх краін.

10 красавіка Рассельгаснагляд уводзіць часовую забарону на пастаўку яблыкаў і груш з Беларусі. Бо падазрае, што пад выглядам беларускай прадукцыі ў Расею можа пастаўляцца прадукцыя з краін, у дачыненьні да якіх уведзеныя харчовыя санкцыі.

І вось 11 красавіка Лукашэнка падчас нарады з эканамічным блёкам ураду заявіў: «Наш асноўны гандлёвы партнэр (яны любяць называць сябе партнэры) усё больш і больш уводзіць санкцый супраць Беларусі... Тое дабро, якое мы робім для Расейскай Фэдэрацыі, яно нам вяртаецца пастаянна злом. Там ужо сталі нахабнымі да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі... Мы павінны прымаць адпаведныя меры. Ну што мы ўвесь час: нас б'юць па левай шчацэ — мы падстаўляем правую».

І вось Лукашэнка загадаў нанесьці ўдар у адказ. Зьвяртаючыся да віцэ-прэм'ера Ігара Ляшэнкі, ён сказаў: «Калі трэба паставіць на рамонт нафтаправоды і нафтапрадуктаправоды, якія ідуць празь Беларусь, стаўце і рамантуйце». То бок, у перакладзе на зразумелую мову: мы можам прыпыніць транзыт расейскай нафты на захад празь беларускую тэрыторыю.

Апошні раз Менск перакрываў нафтаправод з Расеі ў 2007 годзе

Апошні раз такое здаралася ў студзені 2007 году. Тады Менск запатрабаваў ад кампаніі «Транснафта» плаціць мыта за транзыт расейскай нафты, і фактычна на тры дні прыпыніў яе транзыт у Эўропу. У 2004 і 2010 гадах Беларусь прыпыняла пастаўкі расейскага газу на Захад.

Прыпыненьне транзыту расейскіх энэргарэсурсаў — гэта апошні довад у канфлікце. І прыкмета таго, што стаўкі падвышаюцца і ўзровень напружаньня дасягнуў вельмі важнай мяжы. Але пакуль толькі прагучала пагроза «паставіць на рамонт нафтаправоды». Ці адважыцца Лукашэнка на яе выкананьне? Зусім ня факт. Але ён выкарыстоўвае тую зброю, якая ў яго ёсьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG