Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі амбасадар Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам. Кароткі пераказ


Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч і Аляксандар Лукашэнка, 25 верасьня 2018 году

Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч даў інтэрвію расейскаму агенцтву РИА Новости. Ён заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту, а таксама адказаў на шэраг пытаньняў і прэтэнзіяў, агучаных Аляксандрам Лукашэнкам.

  • Расея ніколі не прапаноўвала Беларусі ўвайсьці ў свой склад. Лукашэнка казаў, «намякала» праз «ультыматум Мядзьведзева».
  • Патрабаваньне кампэнсацыі расейскага падатковага манэўру — «справядлівая пастаноўка пытаньня, калі мы сапраўды будуем „Саюзную дзяржаву“», але без адзінай грашовай, падатковай, прамысловай, мытнай і іншых палітыкаў гэта немагчыма.
  • Калі кіраўнікі Расеі і Беларусі прымуць рашэньне «аб далейшым паўнавартасным будаўніцтве „Саюзнай дзяржавы“», то «мэтазгодна прымаць рашэньні па адзінай валюце і Канстытуцыі ў комплексе з астатнімі пытаньнямі саюзнага будаўніцтва».
  • У 2000–2010 гадах Расея падтрымлівала Беларусь на 2–3 млрд даляраў на год, цяпер — на 5–6 млрд. Лукашэнка казаў не пра дапамогу, а пра страты ад падатковага манэўру (у ягонай адміністрацыі страты ацанілі ў 11 млрд даляраў).
  • Адносна словаў Лукашэнкі пра лябіяваньне расейскім урадам інтарэсаў алігархічных груповак у стасунках з Расеяй — «ня трэба вучыць Расею і яе ўрад, балазе, ахвочых у сьвеце і так хапае». Лукашэнка сярод іншага называў былога міністра сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандра Ткачова «баронам», які ніколі не прапусьціць беларускую прадукцыю праз свае карысьлівыя інтарэсы.
  • Адносна заявы Лукашэнкі пра тое, што «ворагі» даюць крэдыты пад меншыя адсоткі, чым Расея — «я перакананы, што прэзыдэнта проста падвялі, услужліва прапанаваўшы такога кшталту аргумэнты». Кітайскія крэдыты танныя, бо зьвязаныя з абавязкам закупляць кітайскія тавары і паслугі. А праекту Віетнамскай АЭС «проста не існуе» з 2016 году. Лукашэнка казаў, кітайцы даюць Беларусі крэдыты пад 2% супраць расейскіх 4,7%, а Віетнаму Расея абяцала крэдыт пад 3%.
  • Расея не замінае Беларусі ў стасунках з Эўразьвязам, а «ўсяляк спрыяе». Лукашэнка казаў, «супраца Беларусі з Захадам выклікае нейкую алергію і часам гістэрыку» ў Расеі.
  • Расейская вайсковая база Беларусі «проста не патрэбная, бо любая вайсковая задача гарантавана будзе вырашаная наяўнымі магчымасьцямі». Пытаньне «адпала само сабой». Лукашэнка казаў тое самае, але адзначаў, што «форт Трамп» у Польшчы змусіць яго і Расею «нешта разьмяшчаць».
  • У адказ на пытаньне аб гандлёвых бар’ерах: у ацэнках расейскага ўнёску ў разьвіцьцё беларускай эканомікі адбываецца «звыклы вывіх», 80% беларускага сельскагаспадарчага экспарту і так ідзе ў Расею. Лукашэнка казаў, кожны з удзельнікаў ЭАЭС паасобку намагаецца абысьці бар’еры ці заблякаваць рашэньні іншага.
  • Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы «наўрад ці наогул могуць кагосьці зацікавіць» у Расеі, аб абмене іх на кампэнсацыю падатковага манэўру гаворкі не ідзе. Гэта адказ не на заяву Лукашэнкі, а на чуткі з ананімных Telegram-каналаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG