Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі параіў амбасадару Расеі «праявіць крыху павагі»

абноўлена

Міхаіл Бабіч, архіўнае фота
Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз завочна адказаў расейскаму амбасадару Міхаілу Бабічу на шэраг заяў адносна Беларусі.

Сайт МЗС апублікаваў камэнтар Глаза расейскаму РИА Новости, на старонках якога Бабіч завочна спрачаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Анатоль Глаз, архіўнае фота
Анатоль Глаз, архіўнае фота

Анатоль Глаз заявіў, што яму «не заўсёды хапае часу» на тое, каб чытаць усе інтэрвію Бабіча, але «на шчасьце, яны ўсе падобныя і мэнтарская лінія ня надта мяняецца».

«Таму, не ўчытваючыся, магу дакладна сказаць, што адносіны паміж нашымі краінамі і народамі значна больш глыбокія і ўсёабдымныя, чым штучны, падтасаваны набор лічбаў, за якія рэгулярна хапаецца расейскі дыплямат, — заявіў Анатоль Глаз. — Але гэта ягонае права вызначаць для сябе плянку, якая ператварае яго ў рахаўніка альбо бухгальтара, які падае надзеі.

Бабіч не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай

Хацелася б парэкамэндаваць больш часу прысьвяціць таму, каб паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі. Часам такі стыль працы дае значна большы вынік, чым апрабаваньне на сабе зусім нехарактэрнай для сур'ёзнай расейскай дыпляматычнай школы ролі адэпта „публічнай дыпляматыі“.

На мой погляд, за кароткі час працы ў Беларусі ён проста не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай. Думаю, у бліжэйшы час нашым партнэрам будуць дадзеныя дэталёвыя адказы на заявы спадара амбасадара».

Бабіч: «Ня трэба вучыць Расею і яе ўрад»

Завочна адказваючы на заявы Аляксандра Лукашэнкі, Міхаіл Бабіч згадаў, што беларускія партнэры «паставілі пытаньні і аб унутрырасейскіх цэнах на газ, аб кампэнсацыі падатковага манэўру, павелічэньні аб’ёмаў атрыманьня субсыдый з расейскага бюджэту для беларускіх прамысловых прадпрыемстваў нароўні з расейскімі...».

Паводле яго, «без практычнай рэалізацыі палажэньняў Саюзнай дамовы аб адзінай грашова-крэдытнай, падатковай, прамысловай, аграрнай, інфраструктурнай, мытнай і іншай палітыцы перайсьці на такі ўзровень інтэграцыі немагчыма, ні ў фінансавым, ні ў юрыдычным пляне. Як немагчыма гэта зрабіць і без фармаваньня інстытуцыйных органаў кіраваньня Саюзнай дзяржавы».

«У сувязі з гэтым, а ніяк ня раптам, і было пастаўлена пытаньне аб неабходнасьці вызначыцца з інтэграцыйным фарматам, які мы будуем — ЭАЭС, Саюзная дзяржава ці нешта яшчэ, і ў адпаведнасьці з прынятымі рашэньнямі выканаць падпісаныя і юрыдычна абавязаўчыя дамоўленасьці», — сказаў РИА Новости Бабіч.

Ён таксама адзначыў, што «ня трэба вучыць Расею і яе ўрад, як жыць, тым больш, што ахвочых у сьвеце і так хапае».

«Урад РФ пад кіраўніцтвам прэзыдэнта ў самых складаных эканамічных і геапалітычных умовах дамогся такіх вынікаў, якія забясьпечваюць пасьпяховае разьвіцьцё ня толькі Расеі, але і ў значнай ступені спрыяюць стабільнаму сацыяльна-эканамічнаму разьвіцьцю Беларусі», — сказаў амбасадар Расеі ў Беларусі.

Ад амбасадара Бабіча раней адмовілася Ўкраіна

Уладзімір Пуцін прызначыў Міхаіла Бабіча расейскім амбасадарам у Беларусь у жніўні 2018 году. Чуткі пра прызначэньне зьявіліся значна раней, але сьцьвярджалася, што беларускі бок не пагаджаўся даць агрэман на амбасадара Бабіча — раней ад гэтай кандыдатуры адмовілася Ўкраіна.

Урэшце Беларусь дала згоду, але экспэрты сьцьвярджаюць, што ва ўладзе засталася незадаволенасьць такім расейскім прызначэньнем. Беларускія апазыцыянэры называлі згоду на Бабіча «капітуляцыяй» і прадказвалі зьмену палітыкі Масквы на больш жорсткую.

Да інтэрвію РИА Новости Бабіч быў больш стрыманы ў заявах. Напрыклад, калі расейскі прэм’ер рабіў заявы, за якімі замацавалася назва «ўльтыматум Мядзьведзева», Лукашэнка заяўляў пра расейскую пагрозу сувэрэнітэту, а Бабіч тлумачыў, што «ніхто нікога не паглынае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG