Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск можа быць незадаволены, але гэта не падстава адмовіць, — экспэрты пра пасла Бабіча


Міхаіл Бабіч, архіўнае фота
Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Апытаныя Свабодай палітолягі разважаюць, чаго варта чакаць ад прызначэньня Міхаіла Бабіча амбасадарам Расеі ў Беларусі.

Новы амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч дагэтуль займаў пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі ў Прыволскай фэдэральнай акрузе, быў старшынём ураду Чачэнскай Рэспублікі. Ён кандыдат эканамічных навук, сябра партыі «Адзіная Расея».​

Прэйгерман: Я не перабольшваў бы ролю амбасадара

Кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман, камэнтуючы Свабодзе прызначэньне Міхаіла Бабіча, адзначыў, што няма падставаў перабольшваць ягоную ролю ў вызначэньні расейскай палітыкі што да Беларусі.

Яўген Прэйгерман, архіўнае фота
Яўген Прэйгерман, архіўнае фота

​«Калі глядзець на гэта са звычайных міжнародных стандартаў, то трэба пагадзіцца: не амбасадар вырашае, якую палітыку праводзіць ягоная краіна. Так, ад поглядаў амбасадара шмат што залежыць. Але апошняе слова не за ім — а за прэзыдэнтам і ўрадам. Таму я супраць празьмернага перабольшваньня ролі кіраўніка дыпляматычнай місіі», — кажа экспэрт.

Прэйгерман адзначае, што ў гэтым прызначэньні ўсё ж ёсьць інтрыга.

«Звычайна прызначэньне амбасадара абмяркоўваецца выключна праз дыпляматычныя каналы, бязь нейкага ажыятажу. У выпадку з Бабічам адбылося ўсё інакш. Ягоную фігуру пачалі публічна абмяркоўваць яшчэ да таго, як беларускі бок пагадзіўся даць яму агрэман, то бок згоду на прызначэньне. Значыць, у гэтым быў хтосьці моцна зацікаўлены», — мяркуе кіраўнік «Менскага дыялёгу».

Бацян: Менск можа быць незадаволены, але гэта нічога не азначае

Выкладчык факультэту міжнародных дачыненьняў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Міхась Бацян вядзе курс асноваў дыпляматыі для студэнтаў. У інтэрвію Свабодзе ён заявіў, што фармальных прэтэнзіяў да новага расейскага амбасадара ў Менску няма, застаецца толькі назіраць, як некар’ерны дыплямат праявіць сябе на новай пасадзе.

Неістотна, кім ён быў раней. Вось каб быў злоўлены на злачынствах супраць Беларусі, тады прапанову можна аспрэчваць
Міхась Бацян

«Пакуль цяжка нешта казаць: ніхто ня ведае, як гэты Бабіч будзе сябе тут паводзіць. Расея прапануе кандыдатуру амбасадара, а што супраць яго ў Лукашэнкі? Неістотна, кім ён быў раней. Вось каб быў злоўлены на злачынствах супраць Беларусі, тады прапанову можна аспрэчваць. Як гэта зрабіла Ўкраіна. Мы да яго прэтэнзіяў фармальна ня маем, прынамсі пакуль.

Калі заглыбіцца ў біяграфію, паглядзець, што прэса піша, то пытаньні ўзьнікнуць. Пуцін мае права прызначыць амбасадарам каго заўгодна. Беларускі бок можа быць незадаволены, але гэта не падстава адмовіць.

Таму і лісты даверчыя будуць уручаныя, і ўсе іншыя працэдуры выкананыя. Няма да чаго прычапіцца. А тое, што ў ягоным паслужным сьпісе, — пытаньне ўжо іншае. Наагул, зыходзячы зь міжнароднай практыкі, адмовы здараюцца рэдка, мабыць, у 1% выпадкаў».

Міхаіл Бабіч, архіўнае фота
Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Пасьля звальненьня амбасадара Расеі ва Ўкраіне ў ліпені 2016 году разглядалася пытаньне аб прызначэньні Бабіча на гэтую пасаду, але яго кандыдатуру не зацьвердзіў МЗС Украіны. Адна з прычынаў адмовы была ў тым, што як сябра Савету бясьпекі Расеі ў 2014 годзе ён прымаў удзел у рашэньні ўвесьці ў Крым расейскіх вайскоўцаў.

Экспэрты заяўлялі, што Бабіч, біяграфія якога зьвязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ, — «прафэсійны дывэрсант» і «клясычны кандыдат Крамля для ўзаемадзеяньня з сэпаратыстамі на Данбасе дзеля арганізацыі сілавых апэрацыяў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG