Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Расеі — больш чым пасол. Чаго чакаць ад новага пуцінскага прызначэньня


Уладзімір Пуцін і Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Амбасадар Міхаіл Бабіч можа стаць дадатковым чыньнікам канфліктагеннасьці ў беларуска-расейскіх дачыненьнях.

Інтрыга скончылася

Нарэшце разьвязалася інтрыга з амбасадарам Расеі ў Беларусі. Падпісаны ўказ Уладзіміра Пуціна аб прызначэньні Міхаіла Бабіча можна лічыць пакуль адзіным вынікам перамоваў прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі ў Сочы.

А інтрыга цягнулася амаль два месяцы. Масква накіравала Менску афіцыйны запыт на агрэман што да Бабіча яшчэ ў пачатку ліпеня. У Расеі кандыдатуру новага пасла ў Беларусь назвалі афіцыйна, пачалі працэдуру яго прызначэньня. Бабіча зацьвердзілі профільныя камітэты абедзьвюх палатаў Фэдэральнага сходу.

Аднак у Менску на ўсе спробы журналістаў даведацца пра агрэман на расейскага пасла прэсавая служба МЗС Беларусі доўгі час давала адзін адказ: без камэнтароў. Хоць звычайна ў дыпляматычнай практыцы працэс афіцыйнага зацьвярджэньня амбасадара і кансультацыі з краінай-гаспадаром праходзяць адначасова.

Міхаіл Бабіч, архіўнае фота
Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Відавочна, кандыдатура Бабіча не задавальняла афіцыйны Менск. А Масква ўжыла тактыку выкручваньня рук. Яна вырашыла паставіць Беларусь перад зьдзейсьненым фактам. Маўляў, мы запускаем працэдуру прызначэньня амбасадара, і калі аб гэтым публічна аб’яўлена, то Менску няма куды дзецца.

Такая тактыка мела вынік. Магчыма, Менск разважліва вырашыў не ісьці на гучны скандал і востры канфлікт у пытаньні, якое палічыў непрынцыповым. Бо калі ўжо Крэмль прыняў рашэньне нешта мяняць у стаўленьні да Беларусі, то прозьвішча амбасадара сапраўды ня мае вялікага значэньня. Замест Бабіча мог зьявіцца іншы чыноўнік з падобнай біяграфіяй і паўнамоцтвамі. Таму ня варта праз гэта ламаць дзіды.

Амбасадар з дадатковымі паўнамоцтвамі

Як пісаў клясык, «поэт в России — больше, чем поэт». Перафразуючы, можна канстатаваць, што цяпер пасол Расеі ў Беларусі — больш чым пасол. Ягоны статус павысіўся нават афіцыйна. Ён цяпер таксама адмысловы прадстаўнік для разьвіцьця гандлёва-эканамічнай супрацы зь Беларусьсю.

Ня кожнага амбасадара перад прызначэньнем прымае асабіста прэзыдэнт. Пуцін прыняў Бабіча і даў адмысловыя інструкцыі. Нават з таго, што паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта РФ, вынікае асаблівы статус новага пасла ў Беларусі. Пуцін кажа:

«Вы будзеце займацца ня толькі дыпляматычнай працай, але і працай у сфэры эканомікі, прадстаўляючы інтарэсы Расеі як спэцпрадстаўнік».

Уладзімір Пуцін і Міхаіл Бабіч, 24 жніўня
Уладзімір Пуцін і Міхаіл Бабіч, 24 жніўня

Калі дыплямат будзе «займацца ня толькі дыпляматычнай працай», то гэта вельмі паказальна.

Яшчэ адзін наказ расейскага прэзыдэнта новаму паслу: «Мы з Вамі будзем рэгулярна сустракацца. Будзеце дакладваць аб тым, як ідзе гэтая праца. Разьлічваю, што будзеце ўплываць на ўсе гэтыя працэсы, якія адбываюцца ў нашых міждзяржаўных адносінах, самым пазытыўным і самым актыўным чынам».

Ці сустракаўся Пуцін хоць раз з былым амбасадарм РФ у Беларусі Аляксандрам Сурыкавым за ўсе 12 гадоў ягонай працы ў Менску? Я такога не прыгадваю. А тут анансаваны наўпроставы кантакт з прэзыдэнтам.

З гэтага вынікае, што Масква незадаволеная цяперашнім станам беларуска-расейскіх адносінаў, паводзінамі афіцыйнага Менску, і імкнецца іх памяняць, прымусіць Беларусь да большай ляяльнасьці.

Ці стане Міхаіл Бабіч «наместником»?

Гісторыя ведае шмат выпадкаў, калі амбасада адной дзяржавы ў краіне, якая была васалам, выконвала функцыі другога, паралельнага ураду. У якасьці прыкладу можна прывесьці ролю паслоў СССР у сацыялістычных краінах ці «краінах сацыялістычнай арыентацыі».

Бязь іхнае санкцыі, дазволу тамтэйшыя кіраўнікі не прымалі ніякіх важных рашэньняў.

Пра падобнае кажуць некаторыя расейскія экспэрты ў зьвязку з прызначэньнем Бабіча. Напрыклад, галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў адзначаў:

Аляксей Венядзіктаў, архіўнае фота
Аляксей Венядзіктаў, архіўнае фота

«Прызначэньне Міхаіла Бабіча паслом, дакладней спэцпрадстаўніком... генэрала Бабіча — гэта прызначэньне, з майго пункту гледжання, „наместника“... Гэты чалавек, безумоўна, які ня будзе выконваць ролю проста пасла, які будзе паслом, як наш амбасадар у Аўганістане часоў Таракі, скажам так. Я думаю так».

Нагадаю, што СССР у Аўганістане часоў Таракі прызначаў і зьмяшчаў тамтэйшых кіраўнікоў з дапамогаю вайсковай сілы.

Аднак я так ня думаю. У часы «халоднай вайны», супрацьстаяньня двух вайскова-палітычных блёкаў СССР і ЗША сапраўды патрабавалі ад сваіх хаўрусьнікаў жорсткай блёкавай дысцыпліны. Але тыя часы даўно мінулі, сьвет стаў шматпалярным. Расея ня мае тае моцы, якую меў СССР. Створаны Масквой вайсковы зьвяз — АДКБ — аказаўся даволі рыхлым. Хаўрусьнікі не падтрымалі Расею ў яе канфлікце з Украінай і Захадам.

А надзяленьне амбасадара Расеі ў Беларусі новымі паўнамоцтвамі можа стварыць дадатковыя праблемы ў двухбаковых дачыненьнях. Дасюль спрэчныя пытаньні вырашаліся наўпрост паміж урадамі. Калі ўзьнікалі непаразуменьні наконт умоваў паставак нафты і газу, то былы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка ехаў у Маскву і разьвязваў іх з адпаведнымі міністрамі. Калі здараліся праблемы з экспартам беларускага харчаваньня ў Расею, у Маскву езьдзіў разьбірацца віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.

А цяпер, паводле задумы Крамля, узьнікае дадатковае прамежкавае зьвяно ў выглядзе амбасадара, якое павінна актыўна ўключацца ў вырашэньне спрэчных пытаньняў. Ня думаю, што такая тэхналёгія рэгуляваньня канфліктаў больш рацыянальная.

Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота
Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота

Ранейшы амбасадар Аляксандар Сурыкаў імкнуўся быць чыньнікам замірэньня, улагоджваньня канфліктаў. Падчас чарговага абвастрэньня адносінаў ён выказваўся так, што, маўляў, абодва бакі трохі ня маюць рацыі, давайце жыць дружна.

Калі новы амбасадар пачне жорстка адстойваць пазыцыю Масквы, то ён можа стаць дадатковым чыньнікам канфліктагеннасьці ў двухбаковых адносінах. «Наместника» зь Міхаіла Бабіча наўрад ці атрымаецца. Бо Лукашэнка вельмі востра рэагуе на ўсякія вонкавыя абмежаваньні ягонай улады. Адзіны прагноз, які можна зрабіць, гучыць так: будзе цікава.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG