Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея забараніла ўвоз зь Беларусі буйной рагатай жывёлы і ялавічыны на костцы


Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ 21 сакавіка Расельгаснагляд увёў часовыя абмежаваньні на ўвоз мяса-касьцявой мукі і бялковых брыкетаў са жвачных з шэрагу краінаў, а 28 сакавіка былі ўведзеныя абмежаваньні на ўвоз ялавічыны на костцы і буйной рагатай жывёлы. Цяпер стала вядома, што ў той шэраг краінаў трапляе і Беларусь.

Расея цяпер ня мае афіцыйнага статусу краіны з кантраляванай рызыкай распаўсюду губкападобнай энцэфаляпатыі ад Усясьветнай арганізацыі здароўя жывёлаў (OIE — у Расеі яе называюць Міжнародным эпізаатычным бюро).

Губкападобная энцэфаляпатыя больш вядомая як каровіна шаленства. Хваробу ўпершыню выявілі ў 1986 годзе ў Вялікай Брытаніі. Яна можа пагражаць і чалавеку: ужываньне мяса хворай жывёлы можа выклікаць хваробу Кройцфэльта-Якаба, якая ня лекуецца і ў больш як 8 з 10 выпадкаў вядзе да сьмерці (у Вялікай Брытаніі памерлі ня менш за 170 чалавек, яшчэ ня менш за 50 — у астатнім сьвеце). Страх перад эпідэміяй каровінага шаленства на мяжы 1990-х і 2000-х прывёў да значнага падзеньня вытворчасьці ялавічыны ў разьвітых краінах.

Каб атрымаць статус па каровіным шаленстве, Расеі трэба ўвесьці абмежаваньні на ўвоз мяса-косьцевай мукі і бялковых брыкетаў са жвачных, а таксама прадукцыі з гэтымі кампанэнтамі, з краінаў, якія таксама ня маюць такога статусу.

Беларусь, як і Расея, ня мае статусу па губкападобнай энцэфаляпатыі ад OIE — ня значыцца ні ў сьпісе краінаў з кантраляванай рызыкай (як, напрыклад, Грэцыя, Канада ці Францыя), ні ў сьпісе зь нязначнай рызыкай (як Бразылія, ЗША, Індыя, Нямеччына, Польшча і іншыя).

Але да паўдня 5 красавіка беларускія афіцыйныя СМІ і дзяржаўныя органы не паведамлялі пра забарону з боку Расеі, хоць звычайна навіны пра чарговыя этапы «мясных войнаў» (або «малочных» і іншых харчовых спрэчак) зьяўляюцца апэратыўна.

Чыноўнік: так нават выгадней, пераарыентуем прадпрыемствы

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Свабодзе адмовіліся апэратыўна пракамэнтаваць, як забарона Расеі на ўвоз буйной рагатай жывёлы і ялавічыны адаб'ецца на эканоміцы краіны, якія будуць страты. Памочнік міністра Мікалай Чубік запатрабаваў пісьмовага запыту, на які Мінсельгас адкажа «ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны — празь месяц».

Начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі Аляксей Багданаў заявіў БелТА, што «нічога страшнага ў гэтым няма», бо забарона толькі часовая, а ў Беларусі не фіксаваліся выпадкі каровінага шаленства.

«У нас у Беларусі выкарыстоўваюць гістахімічны мэтад, а МЭБ патрабуе ўжываць імуналягічны мэтад, — патлумачыў Багданаў працэдуру кантролю, якой патрабуе міжнародная арганізацыя. — Мы па гэтым шляху ўжо даўно ідзем, ёсьць адпаведная дзяржпраграма.

Нам неабходна абсталяваць абласныя вэтэрынарныя лябараторыі новым абсталяваньнем, купіць рэактывы для гэтых дасьледаваньняў. Частка абласных лябараторыяў ужо цалкам укамплектаваная, частка завяршае камплектацыю. У гэтым годзе прыступім да маніторынгу па гэтай хваробе ў Беларусі, будзем браць пробы з касьцявых мазгоў жывёлаў».

Каля 90% экспарту беларускай ялавічыны ідзе ў Расею. За 2018 год Беларусь экспартавала ў Расею 143 тысячы тонаў ялавічыны больш як на тры сотні мільёнаў даляраў.

Расея забараняе пастаўляць мяса на костцы (а гэта толькі 70% паставак у Расею) і не забараняе пастаўляць апрацаванае мяса, адзначыў Багданаў.

«Для Беларусі гэта нават больш выгадна, таму што мы самі будзем апрацоўваць мяса да канчатковага прадукту і экспартаваць яго ў ахалоджаным або замарожаным выглядзе, — заявіў чыноўнік. — Будзем ствараць працоўныя месцы, павялічваць аб'ём абваленага мяса і пастаўляць яго па больш высокіх цэнах у Расею.

Патрэба ў ялавічыне па-ранейшаму ёсьць, зьменіцца толькі структура пастаўкі. Магчыма, на першапачатковым этапе будуць невялікія цяжкасьці, бо прадпрыемствам трэба пераарыентавацца і працаваць па-новаму, але асаблівай праблемы ў гэтым няма».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG