Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьвятая жывёла, душа сям’і». Лукашэнка пра кароў і цёлак


Падчас паездкі па Магілёўшчыне Аляксандар Лукашэнка чарговы раз згадаў кароў і параўнаў умовы ўтрыманьня гэтых жывёлаў з умовамі ў Асьвенціме. Так ён сказаў пра малочны комплекс «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, які ўваходзіць у аграхолдынг «Купалаўскае». Свабода ўспомніла, што яшчэ Лукашэнка казаў пра кароў.

Што адбылося ў Сьліжах

26 сакавіка Аляксандар Лукашэнка наведвае Магілёўскую вобласьць. Падчас візыту на малочны комплекс «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, які ўваходзіць у аграхолдынг «Купалаўскае», яго абурылі ўмовы, у якіх трымаюць кароў.

«Калі чалавек не разумее, што гэта Асьвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас наагул не разумею, — абураўся Аляксандар Лукашэнка ў кароўніку. — Колькі комплекс працуе? Два гады? А мне здаецца, што гадоў дзесяць. Тут ніколі ніхто не прыбірае па-людзку».

Пасьля публчінага выказваньня свайго абурэньня Лукашэнка зьняў з пасады старшыню Магілёўскага аблвыканкама Ўладзіміра Даманеўскага, а таксама кіраўніка аграхолдынгу «Купалаўскае».

Калі яшчэ і ў якіх умовах Лукашэнка згадваў кароў.

«Не адрозьніваюць карову ад быка, каня, казы»

Згадка пра кароў найчасьцей была зьвязаная з абурэньнем тым, што маладое пакаленьне зусім не разьбіраецца ў свойскіх жывёлах. У верасьні 2017 году на Рэспубліканскай пэдагагічнай нарадзе Аляксандар Лукашэнка быў не задаволены тым, як вучаць дзяцей: што карову ня могуць адрозьніць ад быка.

«Дзеці на сяле ня тое што каровы ад быка, казу ад каровы адрозьніць ня могуць, гэта ж катастрофа! Часам засмуцісься: Божа мой, каму краіну пакінуць, каму краіну пакінуць?» — бедаваў тады Лукашэнка.

Тады ж Лукашэнка казаў, што моладзь не адрозьнівае карову ад каня.

«А некаторыя думаюць, што конь — гэта таксама карова. Так-так, сапраўды так і ёсьць. Яны ня ведаюць, што такое араць зямлю, як яе араць — і нават вясковыя ўжо! Гэта значыць, моладзь іншая», — заяўляў Лукашэнка.

Error rendering VK.

«Сьвятая жывёла, якой трэба помнік»

Аляксандар Лукашэнка асабіста ініцыяваў устаноўку скульптуры каровы ля Камароўскага рынку ў Менску. Карова з бронзы абышлася ў 135 тысяч даляраў. А пра скульптуру Лукашэнка сказаў яшчэ ў 2012 годзе: што «карове як сьвятой жывёле» неабходна «пабудаваць помнік». Яшчэ раз пра помнік карове Лукашэнка згадваў летась у сьнежні, адказваючы на пытаньні расейскіх журналістаў.


Неаднаразова Лукашэнка адзначаў ролю каровы ў выхаваньні дзяцей і ставіў гэтую жывёлу ў цэнтар сямейнага шчасьця. Пра гэта ён казаў у траўні 2010 году.

«Зямля ўвогуле робіць высакародным чалавека, а жывёла тым больш... Вельмі правільна хтосьці заўважыў, што гэта і выхаваньне. Калі дзіця зь маленства круціцца там, дзе ёсьць скаціна, — гэта зусім іншы чалавек. Карова ў маім жыцьці (дый у многіх вашых) — гэта душа сям’і. Яна карміла ўсіх. Мы людзі такія...» — сказаў Лукашэнка.

Мілка ды іншыя каровы Лукашэнкі

Яшчэ ў 1994 годзе, на пачатку палітычнай кар’еры Аляксандра Лукашэнкі, было вядома пра ягоную карову Мілку. Пасьля абраньня на пасаду Мілка засталася жыць на радзіме Лукашэнкі, у ягонай жонкі Галіны.

У 2016 годзе Аляксандар Лукашэнка казаў, што трымае 10 кароў на сваім асабістым падворку. У 2017-м ён даручыў падарыць карову шматдзетнай сям’і зь вёскі Ясень Асіповіцкага раёну. Сям’і падарылі карову Белку. Але Белку забралі не з падвор’я Лукашэнкі, карову набыла для шматдзетнай сям’і мясцовая гаспадарка «Ясень-Агра», якая на той момант праходзіла працэдуру банкруцтва.

«Цёлкі на задне...»

«Бабла мала, няма мэрсэдэсаў, цёлкі на задне...» — такі надпіс зрабіў адзін са спартовых чыноўнікаў на нарадзе ў Лукашэнкі ў пытаньнях спорту. Чыноўнік пісаў пад дыктоўку словы Лукашэнкі.

Пра каго вялася гаворка, дакладна не было зразумела, але пазьней Лукашэнка сам растлумачыў дзіўны надпіс. Аказваецца гаворка вялася не зусім пра цялушак.

«У іх адна размова. Я даслоўна прывёў іхныя фразы: бабло, мэрседэсы і ззаду цёлкі. Выбачайце, жанчыны, што я так паўтарыў. Проста да слова», — прыводзіла словы Лукашэнкі БелТА.

Гаворка была пра тое, што спартоўцы мусяць багацець пасьля канкрэтных дасягненьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG