Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: "Карова ў маім жыцьці – душа сям'і"


Падчас учорашняй нарады ў пытаньнях разьвіцьця прыватных гаспадарак Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што ў вольны ад прэзыдэнцкіх спраў час сам вядзе невялікую гаспадарку. Пры гэтым удакладніў, што трымае карову. Маўляў, як і для тысяч беларусаў, для яго карова – карміліца. Дый малодшаму сыну Мікалаю, зразумела, карысна ўжываць натуральнае малако, а не малочны напой з крамы.

Пра асаблівасьці прэзыдэнцкай жывёлагадоўлі ўдзельнікам нарады расказаў сам Аляксандар Лукашэнка:

"Я, напрыклад, яры прыхільнік разьвіцьця прыватных падсобных гаспадарак. І ня толькі як прэзыдэнт, але і асабіста. У мяне карова ёсьць. Гэта для душы. Таму што зямля ўвогуле робіць высакародным чалавека, а жывёла – тым больш… Вельмі правільна хтосьці заўважыў, што гэта і выхаваньне. Калі дзіця зь дзяцінства круціцца там, дзе ёсьць скаціна, – гэта зусім іншы чалавек. Карова ў маім жыцьці (дый у многіх вашых) – гэта душа сям'і. Яна карміла ўсіх. Мы людзі такія…".

Да ўлады Аляксандар Лукашэнка таксама прыйшоў у "суправаджэньні" каровы: у 1994-м гонар і, як аказалася, "душа сям'і" – Мілка – была амаль такім жа папулярным газэтным пэрсанажам, як і новаабраны прэзыдэнт. Аднак найвышэйшы дзяржаўны статус ня даў магчымасьці ўтрымліваць карміліцу надалей: неўзабаве дом Лукашэнкаў у Рыжкавічах быў узяты пад узмоцненую варту, а Галіне Радзівонаўне ў статусе першай лэдзі было не з рукі сядзець пад каровай. Урэшце Лукашэнкі былі вымушаныя прадаць сваю любіміцу.

Галіна Радзівонаўна і Мілка, 1994

Дзе прапісаная спадкаемка Мілкі – Лукашэнка не ўдакладніў. Прэзыдэнцкая прэс-служба гэтаксама не паведамляе асабістых фактаў з жыцьця кіраўніка дзяржавы, да якіх, натуральна, адносіцца і хатняя гаспадарка прэзыдэнта. Варыянтаў дысьлякацыі каровы №1 няшмат. Перадусім, гэта жылая рэзыдэнцыя ў Драздах на ўскрайку Менску ды асучасьненае лецішча ў Астрашыцкім гарадку. На карысьць першага варыянту сьведчыць перадача з цыклю "Формула ўлады", падрыхтаваная летась расейскім журналістам Міхаілам Гусманам.

На тэлевізійных кадрах – элітная спэцбрыгада, якая косіць траву ў рэзыдэнцыі. На чале калёны сам Лукашэнка, за ім – сыны Віктар і Дзьмітрый, бізнэсовец Юрый Чыж, біятляніст Сяргей Булыгін, экс-капітан тэніснай зборнай Сяргей Цяцерын, хакейны спэцыяліст Міхаіл Захараў. Забясьпечыць такімі сіламі адну карову – справа няхітрая. Дарэчы, у адным з інтэрвію Міхаіл Захараў расказаў, што ў Драздах пяць палёў, якія ў сэзон даводзіцца касіць ледзьве не штодня: пакуль дойдзеш да апошняга, на першым зноў трава ў пояс.

Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі, акадэмік Іван Нікітчанка навіной пра прэзыдэнцкую карову ашаломлены:

"Дзе ён яе трымае, у Драздах? І сам, напэўна, доіць? (сьмяецца). У вёсцы клопат пра карову кладзецца на плечы гаспадара і гаспадыні. Гаспадар сена рыхтуе, гаспадыня корміць і доіць яе. Але ж у Лукашэнкі фармальна гаспадыні няма, значыць, ён і сена косіць, і доіць?… Але думаю, што ўсё гэта – як і многае ў ягоным выкананьні: увечары сказаў, а раніцай забыўся, што напярэдадні наплёў. Несур'ёзна гэта ўсё. Ён, мабыць, сваім прыкладам хацеў падштурхнуць да таго, каб людзі ажывілі прыватныя гаспадаркі. Але ж вёска абязьлюднела! Хто будзе працаваць? Спачатку ўсе пачынаньні задушылі, а потым штурхаць надумаліся? Няма ўжо каго штурхаць. Блеф усё гэта… Вы ж памятаеце, як Лукашэнка расказваў, што быў "фэрмэрам". Магчыма, але толькі ў тым выпадку, што за саўгасны кошт сеяў бульбу на дзяржаўных палетках, гаспадарка за ёй даглядала, а потым здавалі ў райпо і атрымлівалі грошы ва ўласныя кішэні. Такое "фэрмэрства" пры канцы 1980-х у нас сапраўды практыкавалася сярод кіраўнікоў гаспадарак".

Зрэшты, напачатку 2000-х практычна ў цэнтры сталіцы рыхтавалася месца для каровы прэзыдэнтавай маці. За некалькі мэтраў ад праспэкту Пераможцаў пры павароце на Дразды для Кацярыны Трафімаўны быў збудаваны невялікі катэдж з абавязковым вясковым атрыбутам – хлявом. Адзін з будаўнікоў расказваў, што ў хляве быў абсталяваны стаяк для каровы. Аднак неўзабаве пляны зьмяніліся – трымаць карову сапраўды выглядала занадта авантурна. У выніку падлогу аздобілі пліткай, а месца ў стаяку заняў міліцыянт. А каб не сумаваў, яму паставілі тэлевізар.

За паўтара дзясятка гадоў пры ўладзе Аляксандар Лукашэнка так і ня стаў гарадзкім чалавекам. Яшчэ раней ён прызнаваўся, што і дня не пражыў бы ў шматкватэрным доме, а ўчора заявіў, што пасьля працы даглядае карову. Дарэчы, у гаспадарцы Лукашэнкі ёсьць і конь: арабскага скакуна на 50-годзьдзе яму падарыў тагачасны прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Але элітнага жарабца ў Драздах трымаць не рызыкнулі, ён прапісаны ў конна-спартовым цэнтры ў Ратамцы.

Калі конь у падарунак – зьява даволі распаўсюджаная, то карова на падворку ў дзейнага палітыка вышэйшага рангу сустракаецца ня часта. Пераплюнуў Лукашэнку хіба што мэр Масквы Юрый Лужкоў, які ў сваёй падмаскоўнай сядзібе трымае коней, авечак, козаў, сьвіньню, а таксама дзьве каровы. Лужкоў запэўнівае, што ягонае малако спажывае сям'я прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Дарэчы, зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, які з дазволу Лукашэнкі хаваецца ў Беларусі, у сваіх жывёлагадоўчых схільнасьцях пайшоў яшчэ далей, арганізаваўшы ў сваім доме цэлы заапарк экзатычных жывёлаў – у ліку іх тры казулі, два мядзьведзі, два сьнежныя барсы, афрыканскі страус ды іншыя.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG